“Патрабаванні адміністрацый навучальных устаноў аб захаванні ўстаноўленай формы адзення, якая выключае яе рэлігійны характар, а таксама адпаведных норм і правіл унутранага распарадку з’яўляюцца правамернымі”, — гаворыцца ў лісце Генпракуратуры ў адказ на зварот Тoday.kz.
“Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі, кожны мае права на свабоду сумлення, але ажыццяўленне гэтага права не павінна абумоўліваць ці абмяжоўваць агульначалавечыя і грамадзянскія правы і абавязкі перад дзяржавай. Ніхто не мае права па матывах сваіх рэлігійных перакананняў адмаўляцца ад выканання абавязкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Казахстан (пункт 7 артыкула 3 Закона “Аб рэлігійнай дзейнасці і рэлігійных аб’яднаннях”). З улікам выкладзеных канстытуцыйных і заканадаўчых норм лічым, што патрабаванне аб выкананні навучэнцамі прадугледжаных законам абавязкаў адносна захавання формы адзення не можа разглядацца як парушэнне права на свабоду веравызнання — права прытрымлівацца пэўных рэлігійных перакананняў”, — растлумачылі ў наглядным ведамстве.
У якасці прыкладу ў Генпракуратуры згадалі распаўсюджаную міжнародную практыку па гэтым пытанні.
“Еўрапейскім судом па правах чалавека абмежаванні на нашэнне рэлігійнага адзення ў школах былі прызнаны суразмернымі мэтам абароны правоў і свабод грамадзян і захавання нейтралітэту сярэдняй адукацыі”, — заключылі ў ведамстве.
Нагадаем, Міністэрства адукацыі і навукі, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства па справах рэлігій і грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Казахстан раней заявілі аб недапушчальнасці нашэння хіджабаў у школах.
“Дзіця зайшло ў школу — можа зняць рэлігійную атрыбутыку. Пасля таго як пераступіла парог школы, можа зноў надзець. Тут, я думаю, мы нікому маральнай шкоды не наносім”, — адзначыла раней віцэ-міністр адукацыі і навукі Казахстана Эльміра Суханбердыева.
Яе словы падтрымала і віцэ-міністр юстыцыі Казахстана Заўрэш Баймолдзіна: “Хацелася б дапоўніць, што гэта не ўвядзенне новай забароны. Гэтае патрабаванне існавала даўно. У такім выпадку, свядома ці не, гэтыя патрабаванні парушаліся. Цяпер жа, калі мы вярнуліся да абавязковасці школьнай формы, гэтае пытанне набыло пэўную вастрыню. Забарона на нашэнне рэлігійнай атрыбутыкі ў навучальных установах у нас заўсёды была”.