Як паведаміла МІА “Казінфарм”, у Кызылардынскай вобласці прайшоў рэспубліканскі семінар у рамках абноўленага зместу адукацыі з мэтай азнаямлення з падручнікамі 3, 6, 8 класаў.Для правядзення семінара на два дні ў вобласць прыехалі кіраўнікі навукова-метадычных цэнтраў і адукацыйных выдавецтваў, прадстаўнікі Мінадукацыі і навукі, а таксама каля 70 аўтараў падручнікаў і дапаможнікаў. У семінары прынялі ўдзел каля 500 спецыялістаў сферы адукацыі вобласці, метадысты, настаўнікі-прадметнікі.
Сёння змяняецца погляд на асобу вучня і педагога, на іх дзейнасць. У сувязі з гэтым рэформы, якія праводзяцца ў адукацыйнай сферы, закранаюць усе ўзроўні і накіраваны на абнаўленне зместу адукацыі. Сістэма адукацыі Казахстана робіць упор на павышэнне якасці. Па новых падручніках на аснове абноўленай праграмы ў 2016/2017 навучальным годзе пачалі займацца першакласнікі, у бягучым — вучні 2, 5, 7 класаў, а ў наступным — 3, 6, 8 класаў. Адначасова вядзецца работа па падрыхтоўцы і тэсціраванні новых вучэбных праграм.
Падчас семінара настаўніцкая грамадскасць была азнаёмлена з праграмамі па прадметах для пачатковай, асноўнай і сярэдняй школ. Працавалі 17 секцый з удзелам аўтараў тыпавых праграм, прадстаўнікоў выдавецтваў, аўтараў падручнікаў.
Нагадаем, што ў праграме Нурсултана Назарбаева “План нацыі — 100 канкрэтных крокаў па рэалізацыі пяці інстытуцыйных рэформ” шэраг захадаў прысвечаны сістэме адукацыі. Гэта паэтапнае ўкараненне 12-гадовай адукацыі, абнаўленне стандартаў школьнага навучання для развіцця функцыянальнай пісьменнасці, укараненне падушавога фінансавання ў старшай школе, стварэнне сістэмы стымулявання паспяховых школ. Таксама прадугледжаны паэтапны пераход на англійскую мову навучання ў старшай школе і ВНУ.