Казахстан: у Паўладары адкрыюць IТ-акадэмію

- 12:12Паралелі

У Паўладарскім дзяржаўным універсітэце імя C.Тарайгырава плануюць адкрыць IT-акадэмію і шэраг адукацыйных курсаў, перадае карэспандэнт МІА “Казінфарм”.

“У планах універсітэта — адкрыццё IT-акадэміі. У найбліжэйшы час запускаюцца курсы павышэння лічбавай пісьменнасці насельніцтва, курсы камп’ютарнай пісьменнасці, а таксама базавыя курсы па графічным дызайне, нелінейным відэамантажы і Web-праграмаванні. Пры гэтым васьмітыднёвыя курсы павышэння лічбавай пісьменнасці для насельніцтва будуць праводзіцца бясплатна”, — паведамілі ў прэс-службе ВНУ. Новы напрамак — масавыя адкрытыя анлайн-курсы, асноўная мэта якіх заключаецца ў пераходзе ПДУ да мадэлі анлайн-універсітэта. Гэты напрамак быў разгледжаны на метадычным семінары “Рэалізацыя праграмы “Лічбавы Казахстан”. Ідэя анлайн-універсітэта заключаецца ў стварэнні рэгіянальнай платформы, дзе студэнты змогуць выбраць любога вучонага з універсітэтаў, праслухаць анлайн-лекцыі, атрымаць сертыфікат і залік па ўнутранай акадэмічнай мабільнасці. “На сёння IT-інфраструктура ПДУ ўяўляе сабой камп’ютарны парк, які змяшчае больш за тысячу адзінак тэхнікі, серверны комплекс, камп’ютарныя класы, а таксама Wi-Fi, што ахоплівае 95% карпусоў універсітэта, — распавялі ў ВНУ. — Акрамя таго, распрацаваны 164 мабільныя вучэбныя дадаткі, 400 электронных вучэбных выданняў, створана больш за 1800 відэалекцый. Раней на базе Паўладарскага дзяржуніверсітэта быў створаны праектны офіс, які адказвае за лічбавізацыю ўніверсітэта і ўсёй Паўладарскай вобласці”.