Казахстан: вызначаны 12 самых разумных старшакласнікаў краіны

- 16:44Паралелі

У Астане падведзены вынікі штогадовага Рэспубліканскага анлайн-конкурсу па мабільнай гульні “Хто разумнейшы?”. Конкурс абвешчаны фондам першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан і праведзены сярод вучняў старшых класаў з усіх рэгіёнаў краіны. Мерапрыемства накіравана ў першую чаргу на развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей, павышэнне культурнага і адукацыйнага ўзроўню моладзі, фарміраванне ІТ-ведаў, развіццё духу здаровага саперніцтва і арганізацыю адпачынкавай дзейнасці сярод школьнікаў.

Сёлета турнір праводзіўся падчас летніх канікул, каб удзел у ім не адцягваў хлопцаў і дзяўчат ад школьных заняткаў. І такі падыход цалкам апраўдаў сябе. У турніры гэтага года прынялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек. Ён праходзіў у 2 этапы. У фінал выйшлі 12 гульцоў, якія набралі найбольшую колькасць балаў за дзве папярэднія гульні. У выніковым спаборніцтве пераможцы прамежкавых этапаў спаборнічалі ў эрудыцыі і хуткасці рэакцыі. Усяго для ўдзельнікаў было падрыхтавана 25 тысяч пытанняў па тэмах спорту, ХХ стагоддзя, XXI стагоддзя, мастацтва, гісторыі Казахстана і іншых напрамкаў.

Званне “Самы разумны вучань 2017 года” і галоўны прыз, ноўтбук, сярод казахскамоўных удзельнікаў атрымаў вучань 11 класа спецыялізаванай гімназіі для адораных дзяцей горада Аксу Паўладарскай вобласці Біхан Баранбай, а сярод рускамоўных гульцоў 1-е месца заваявала яго зямлячка — вучаніца 10 класа горада Аксу Улада Гарбенка. 2-е месца сярод казахскамоўных гульцоў атрымаў вучань 11 класа Назарбаеў Інтэлектуальнай школы фізіка-матэматычнага напрамку горада Шымкент Рахат Бейсенбек. Вучань 10 класа сярэдняй школы № 4 горада Аксу Арцём Асіноўскі быў другім сярод рускамоўных хлопчыкаў і дзяўчынак. 3-е месца дасталася вучню 10 класа Назарбаеў Інтэлектуальнай школы фізіка-матэматычнага напрамку горада Шымкент Еламану Лесаву сярод казахскамоўных удзельнікаў і вучню 10 класа сярэдняй школы № 4 горада Аксу Данілу Грыгор’еву сярод рускамоўных.

Уладальнікі другіх месцаў атрымалі планшэты, трэціх — смартфоны. Усім астатнім удзельнікам фінальнага тура ўручаны спецыяльныя дыпломы і каштоўныя прызы ад арганізатараў.