Кіраўнік дзяржавы даручыў вызначыць канкрэтныя напрамкі далейшага развіцця беларуска-кітайскіх адносін

Тэхналагічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва павінна стаць галоўным рухавіком беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў з членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу.

“Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома “Січан” і стварэнне сучасных абаронных сістэм вывелі на новую вельмі даверную вышыню наша тэхналагічнае партнёрства. Нараўне з інвестыцыйным яно павінна стаць галоўным рухавіком двухбаковага ўзаемадзеяння”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не сумняваецца, што другое пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве будзе выніковым і дасць магчымасць вызначыць канкрэтныя напрамкі далейшага эфектыўнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Мэн Цзяньчжу за высокую ўвагу да пытанняў умацавання беларуска-кітайскай дружбы і партнёрства. “Думаю, што на гэтым шляху ў нас усё атрымаецца”, — выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае асабістай сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, традыцыйна даверлівага абмену меркаваннямі ў ходзе дзяржаўнага візіту, які плануецца на канец верасня.

“За 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусь і Кітай зрабілі вельмі многае для ўмацавання двухбаковых сувязей, — упэўнены прэзідэнт. — У нашым дыялогу абсалютна няма закрытых тэм і нявырашаных праблем”.

На яго думку, інтэнсіфікацыя кантактаў паміж дзвюма краінамі назіраецца ва ўсіх без выключэння сферах. Так, праведзены ў маі мінулага года беларуска-кітайскі бізнес-форум надаў новы імпульс наладжванню міжрэгіянальных сувязей. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, з боку кітайскіх рэгіёнаў усё больш праяўляецца практычны інтарэс да цеснага супрацоўніцтва.

У сваю чаргу член Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая сакратар палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу падкрэсліў, што ён прыехаў з прадстаўнічай кітайскай дэлегацыяй у тым ліку для падрыхтоўкі візіту беларускага лідара ў Кітай. “Мы спадзяёмся на эфектыўную работу ў Беларусі і на тое, што ўнясём свой уклад у развіццё традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносін”, — сказаў ён.

Член Палітбюро ЦК КПК перадаў найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які чакае з візітам у Пекін Аляксандра Лукашэнку ў верасні.

Кітайскі госць адзначыў, што па выніках перагавораў на найвышэйшым узроўні, якія маюць адбыцца, у кітайскай сталіцы чакаецца падпісанне шэрага важных беларуска-кітайскіх дакументаў, накіраваных на ўмацаванне дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

На думку кітайскага боку, візіт у Кітай Аляксандра Лукашэнкі павінен надаць новы імпульс развіццю сувязей паміж дзвюма дзяржавамі.

Дзякуючы лідарам дзвюх краін, кітайска-беларускія адносіны ўмацоўваюцца і развіваюцца, падкрэсліў Мэн Цзяньчжу. “Я поўнасцю падзяляю вашу высокую ацэнку нашых дружалюбных адносін, якія маюць усёабдымны характар і тычацца розных галін”, — адзначыў кітайскі госць.

Ён канстатаваў высокі ўзровень палітычнага ўзаемадаверу і ўзаемную падтрымку на буйных міжнародных мерапрыемствах. “Мы рашуча падтрымліваем адно аднаго па найважнейшых праблемах, якія маюць узаемны інтарэс”, — адзначыў Мэн Цзяньчжу.

Член Палітбюро ЦК КПК таксама высока ацаніў ролю беларускага лідара і яго падтрымку ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.