Кітайскія іерогліфы ад настаўніцы роднай мовы

- 11:33Людзі адукацыі

“Няма нічога немагчымага!” — такі дэвіз у маладой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры рэчыцкай сярэдняй школы № 2 Нікі Аляксандраўны Цішкевіч.

Асабістым прыкладам яна даказала, што гэта насамрэч так. Любоў да роднай мовы прывяла выпускніцу Рэчыцкага раённага ліцэя Ніку Цішкевіч на філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Дзяўчынка была старанная, працавітая, выкладчыкі не сумняваліся, што з яе атрымаецца добры настаўнік. Ніка не проста апраўдала іх надзеі, а, можна сказаць, вельмі здзівіла. Сёння Ніка Аляксандраўна, акрамя выкладання беларускай мовы і літаратуры, яшчэ займаецца з юнакамі і дзяўчатамі вывучэннем кітайскай мовы і рыхтуе старшакласнікаў да алімпіяды па замежных мовах. Нават цяжка паверыць, што ў школе па замежнай мове яна была далёка не лепшай вучаніцай.

— У мяне заўсёды ўзнікалі цяжкасці з замежнай мовай, менавіта таму я і вырашыла паспрабаваць свае сілы ў вывучэнні кітайскай мовы, — расказвае сваю гісторыю маладая настаўніца. — Мне хацелася пераадолець сябе саму і сваё меркаванне аб тым, што замежная мова — гэта не для мяне.

Такая думка з’явілася ў нашай гераіні неўзабаве, калі на 2 курсе на адным са стэндаў факультэта яна пачытала аб’яву, што ўсе жадаючыя запрашаюцца на вывучэнне кітайскай мовы. І яна пайшла.

Дзве гадзіны на тыдзень — не так шмат для засваення такой складанай мовы, але навучанне на курсах стала для студэнткі філфака любімым хобі, і, па магчымасці, у вольны ад асноўных заняткаў час яна займалася самастойна. Першы год быў прысвечаны лексіцы, а на другім пачалося самае складанае — вывучэнне іерогліфаў і іх напісанне.

Мабыць, ёсць праўда ў тым, што калі да нечага імкнуцца, не ленавацца працаваць, то жыццё абавязкова падорыць табе шмат прыемных сюрпрызаў. Для Нікі Аляксандраўны за ўзнагароду за стараннасць лёс падрыхтаваў асаблівы падарунак. Цікавасць да кітайскай мовы прывяла да знаёмства з мужам — грамадзянінам Кітая, які працуе перакладчыкам у Гомелі. З таго часу ён стаў яе асабістым выкладчыкам, дапамагаў з правільным маўленнем. Яшчэ адной добрай магчымасцю стала работа Нікі Цішкевіч у адной з кітайскіх кампаній у Беларусі. Там пастаянна гучала кітайская мова, а гэта лепшы спосаб запамінаць словы і іх вымаўленне.

У 2014 годзе Ніка Аляксандраўна перайшла на працу ў Рэчыцкую школу, хацелася працаваць па спецыяльнасці. І тут жа атрымала прапанову ад кіраўніцтва Рэчыцкага раённага ліцэя весці міжшкольны факультатыў па кітайскай мове. Так пачаліся ў ліцэі заняткі. Тры разы на тыдзень навучэнцы раённага ліцэя і рэчыцкіх школ збіраюцца на двухгадзінныя заняткі па кітайскай мове. Дзіву даешся, колькі здольных хлопцаў і дзяўчат! Ужо праз паўтара месяца з пачатку заняткаў наведвальнікі факультатыву прынялі ўдзел у першым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове, а з абласнога этапу трое навучэнцаў прывезлі тры дыпломы ІІ і ІІІ ступені.

Так ужо некалькі гадоў Ніка Аляксандраўна Цішкевіч плённа працуе з навучэнцамі па падрыхтоўцы да алімпіяд. Яе вучні заўсёды прыносяць добрыя вынікі. Нядаўна прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове, дзе навучэнка 11 класа Рэчыцкага раённага ліцэя Валерыя Сазонава атрымала дыплом ІІ ступені.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.