Кітайскія канікулы ў “Зубраняці” — ужо традыцыя

- 10:55Выхаванне

12 ліпеня ў НДЦ “Зубраня” прыехалі на адпачынак школьнікі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. За 9 дзён яны пазнаёмяцца з нашай нацыянальнай культурай, завядуць сяброўства з беларускімі равеснікамі і, канечне, адпачнуць і паправяць здароўе.

У гэтым годзе ў Беларусь прыбыў 91 школьнік з Кітая. У сваю чаргу 92 беларускія школьнікі адправіліся знаёміцца з гэтай краінай. Пакуль дзеці з Беларусі гуляюць па Вялікай кітайскай сцяне і парку Іхэюань, кітайскія госці наведаюць хутар “Неслуч”, Мірскі і Нясвіжскі замкі, каб больш даведацца пра гісторыю краіны. Таксама яны адправяцца на экскурсію па Мінску з наведваннем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, каб пазнаёміцца з сучаснай Беларуссю і яе сістэмай адукацыі.

Каб наладзіць сяброўскія зносіны паміж беларускімі і кітайскімі дзецьмі, у “Зубраняці” правядуць касцёр сяброўства, фестываль мастацтваў, шматлікія квесты і майстар-класы, падчас якіх школьнікі будуць знаёміць адно аднаго з традыцыйнымі мастацтвамі сваёй краіны.

Нарэшце, аздараўленчая праграма ўключае наведванне басейна, саўны, сонечныя ванны, лясныя прагулкі і іншыя аздараўленчыя працэдуры, рэкамендаваныя ўрачамі. Умацаванню здароўя гасцей паспрыяюць і шматлікія спартыўныя актыўнасці: ад прагулак на катамаранах і веласіпедах — да таварыскіх матчаў з беларускімі школьнікамі па камандных відах спорту.

Упершыню кітайскія школьнікі прыехалі на адпачынак у НДЦ “Зубраня” ў 2015 годзе па запрашэнні прэзідэнта нашай краіны. Цяпер беларуска-кітайскія змены праводзяцца штогод, узаемныя візіты сталі традыцыйнымі. Пра тое, што беларуска-кітайскія сувязі ў гэтай сферы будуць толькі развівацца, сведчыць падпісанае ў студзені 2019 года Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб умовах аздараўлення непаўналетніх грамадзян Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы і непаўналетніх грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у 2019—2020 гадах.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота прадастаўлена Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня”.