Класная каманда Марыі Іванаўны

- 12:07Людзі адукацыі

У стратэгічным матэматычным рэзерве Віцебшчыны поруч з прадстаўнікамі вядучых устаноў адукацыі абласнога цэнтра і буйных гарадоў — аднакласнікі з сельскага раёна. І прычына гэтага не спецыяльны кастынг юных талентаў або выпадковы збег абставін, а педагагічны разлік і некалькі гадоў, якія навучэнцы і іх настаўніца аддалі пошуку правільных рашэнняў.

З юнацтва браслаўчанка Марыя Бацяноўская захаплялася фізікай і вышэйшую адукацыю атрымала як настаўнік фізікі з правам выкладання матэматыкі. У сярэдняй школе № 1 Глыбокага, дзе пасля вучобы ў Віцебску прыступіла да работы малады спецыяліст, першыя два гады ёй сапраўды давялося выкладаць асноўны прадмет, але прафесійным прызваннем стала якраз матэматыка. Месца працы педагог змяніла толькі аднойчы, калі дзесяць гадоў назад перайшла ў Глыбоцкую раённую гімназію.

— Прыняўшы 5 клас, я праз некаторы час убачыла, што некалькі навучэнцаў вельмі зацікавіліся матэматыкай. Пачала з імі займацца паглыблена. Справа пайшла, і ў нас сфарміравалася каманда, — расказвае Марыя Бацяноўская. — Гэтыя дзеці ўжо з 5 класа з’яўляюцца ўдзельнікамі, пераможцамі і прызёрамі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, Міжнароднай матэматычнай алімпіяды “Формула адзінства/Трэцяе тысячагоддзе”, Міжнароднага матэматычнага конкурсу “Кенгуру”. Напэўна, ніколі не забуду момант, калі пры падвядзенні вынікаў конкурсу “Кенгуру” заўважыла, што мае вучні ўвайшлі ў дзясятку наймацнейшых у вобласці. Перажыла ў адно імгненне і акрыленасць, і радасць, і гонар, а разам з тым спакойную ўпэўненасць, што ўсё ідзе як належыць. Мы расцём, галоўныя перамогі абавязкова чакаюць наперадзе.

У мінулым годзе сямікласнікі Марыі Бацяноўскай паспрабавалі сілы ў раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы за 8 клас. Вынік крыху засмуціў: узялі дыпломы ІІ ступені і на абласны этап не прайшлі, а было моцнае жаданне памерацца сіламі з Віцебскам, Оршай, Полацкам і Наваполацкам. Марыя Іванаўна калектыўнае расчараванне перапыніла спакойным: “Дзеці, гэта добрая заяўка на тое, каб проста працаваць і потым даказаць, што вы здольныя на большае”. Прыслухаліся, рыхтаваліся ўзмоцнена і з велізарным імпэтам. Педагог разлічыла правільна: сёлета мара яе вучняў спраўдзілася, “выдатная пяцёрка” з Глыбокага адправілася на абласны этап у поўным складзе. Задачай-мінімумам на першы раз было — адаптавацца і зрабіць зачын на наступны год. Задачай-максімумам — каб хаця двое з каманды змаглі прайсці ў першую дзясятку. З абедзвюма задачамі глыбаччане справіліся выдатна. Больш за тое, парадавалі настаўніцу арыгінальным рашэннем: заваявалі на пяцярых па два дыпломы ІІІ і ІІ, а таксама адзін — І ступені. Тым не менш праўду кажуць, што падзеі развіваюцца па спіралі: па дарозе дадому зноў знайшліся незадаволеныя выступленнем. Яны атрымалі амаль даслоўна ўжо знаёмую нам параду. Што было далей, прадказаць досыць проста…

— Мы прыехалі ў Глыбокае ў чацвер, у пятніцу дзеці адпачывалі, а ў суботу зноў прыйшлі да мяне працаваць, — пацвярджае здагадку Марыя Іванаўна. — Безумоўна, я ўдзячна ім за разуменне і жаданне ісці далей, а мая задача — забяспечыць належныя ўмовы для развіцця і захаваць каманду. Дамашнія заданні ў нас асобныя, для работы заведзены па 3 сшыткі: па алгебры, геаметрыі і для алімпіядных задач. На ўроках гэтыя сшыткі ідуць па крузе: я наклейваю індывідуальныя заданні, вучні іх выконваюць і здаюць на праверку. Плюс па суботах з 8 да 11 гадзін займаемся дадаткова. Стараюся, каб кожнае з маіх дзяцей спачатку ўсвядоміла задачу, а потым самастойна знайшло рашэнне. Гэта надзвычай важна — пераканацца ў правільнасці свайго рашэння. Аднак потым звычайна прапаную аўтарскі варыянт, каб вучань мог параўнаць і навучыўся больш дасведчана, прыгожа і лаканічна афармляць ход уласных разважанняў.

Па меркаванні Марыі Бацяноўскай, для матэматыка матываванасць і працаздольнасць важнейшыя за адоранасць. Для настаўніцы яе прадмет — гэта найперш сістэмнасць на ўроку і па-за яго межамі, патрабавальнасць да сябе і вучняў, асаблівы, строгі і гарманічны лад жыцця. Матэматыка мадэлюе перадумовы сітуацыі поспеху, вучыць дакладна разлічваць свае сілы. Нарэшце, самае галоўнае, чаму педагог імкнецца навучыць дзяцей, — гэта чалавечнасці, узаемнай павазе, сяброўству, уменню дзейнічаць адзінай камандай. У бліжэйшай будучыні Марыя Іванаўна бачыць сваіх навучэнцаў паспяховымі студэнтамі прэстыжных устаноў вышэйшай адукацыі. Дарэчы, небеспадстаўна: гімназістам ёсць з каго браць прыклад, туды праклалі шырокую сцежку многія пакаленні іх папярэднікаў. А класная каманда з Глыбокага тым часам настолькі далёка не заглядвае. Затое прыцэльна заглядваецца на рэспубліканскі матэматычны алімп і прадумвае, як пакарыць пакуль недаступную вяршыню.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.