Клічаўскія школьнікі вучацца ствараць лялькі, з якімі гулялі іх бабулі

- 13:15Хранители традиций

“Заяц з хусткі”, “мужычок-памочнік”, “калечына-малечына” — навучэнцы сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса ўключыліся ў гульнявую пазнавальную праграму “Лялькі з бабулінага куфра”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Месца творчай сустрэчы — маляўнічы падворак “Сушанская хата” пры Клічаўскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Галоўным яе ініцыятарам стала Жанна Ачыновіч — былая супрацоўніца цэнтра, якая цяпер працягвае цеснае ўзаемадзеянне з установай як загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва філіяла раённага дома культуры.

Жанна Яўгенаўна расказвае:

— Я этнограф, этнамузыколаг, некалькі дзесяцігоддзяў вывучаю нашу традыцыйную культуру: нацыянальную кухню, абрады, святы, танцы… А яшчэ лялькі. Гэтая тэма мне асабліва блізкая з маленства. Калі мне было гады чатыры-пяць, у нашай вёсцы Коўбча Клічаўскага раёна па суседстве жыла бабуля Адарка. Яна прыходзіла да нас, малых, і вучыла рабіць зайца з хусткі. Свае дзеянні яна суправаджала забаўкамі, жартоўнымі вершыкамі. Я дагэтуль памятаю свайго любімага зайчыка і тое, якім цёплым ён быў, калі я награвала яго сваімі абдымкамі. Але, на жаль, праз столькі гадоў тэхналогію яго стварэння я забыла. Бабулі Адаркі ўжо даўно няма, і я доўга шукала таго, хто ўмеў бы рабіць такога ж зайца. І мяне выратавалі этнографы з Мінска — ад іх я наноў навучылася ствараць зайца з хусткі. А потым захацелася гэтай знаходкай падзяліцца з дзецьмі. Спадзяюся, што, навучыўшыся, нехта зробіць такога зайчыка сабе, а хтосьці некалі і свайму дзіцяці.

Тэхналогія стварэння гэтай цацкі даволі простая.

— Хустка складваецца трохвугольнікам, потым гэты трохвугольнік — яшчэ раз папалам, адметным чынам складваюцца вушкі, выкручваецца з вузла хвосцік — і заяц гатовы. Не трэба ні нажніц, ні нітак, ні іголкі, — вучыць Жанна Ачыновіч і дадае: — Гэта традыцыйная лялька Клічаўшчыны, але традыцыя ўжо забытая, таму мне хочацца яе адрадзіць. Для гэтага мы плануем да нас на майстар-класы запрашаць усіх жадаючых — і дзяцей, і дарослых. А каб ім было зручней, будзем і самі ездзіць па запытах у школы, сельскія клубныя ўстановы раёна і г.д.

Этнограф падчас экспедыцый па раёне сабрала матэрыял па стварэнні і іншых лялек і заўсёды рада ім падзяліцца:

— Пажылыя жыхаркі нашых вёсак расказвалі, што некалі іх бабулі рабілі ім бразготкі з вычышчанага мачавога пузыра свойскіх жывёл, насыпалі ў яго гарох, надзімалі і высушвалі. Мячыкі некалі рабілі з выкачанага лямцу. Кожная дзяўчынка ўмела ствараць і “пелянашку”: з ручніка рабілася круцёлка, ёй завязвалася хустачка — і атрымлівалася лялька-немаўля.

Рабіліся лялькі і для хлопчыкаў. Адну з такіх — мужычка-памочніка — Жанна Ачыновіч прынесла са сваёй калекцыі. Лічылася, што такая лялька дапамагала гаспадару ў мужчынскіх работах.

Некаторыя лялькі прызначаліся і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак. Напрыклад, некалі ўсе дзеці любілі вулічную гульню, у якой выкарыстоўвалася “калечына-малечына” — лялька, зробленая з палачкі. Трэба было даўжэй за іншых гульцоў пратрымаць яе на адным пальцы.

Па словах Жанны Ачыновіч, лялькі былі не толькі для забавы:

— Нашы прабабулі рабілі лялькі з травы ці саломы, апраналі іх у адзенне, пашытае з рэчаў хворага чалавека. Яны верылі, што так хвароба перакладвалася на ляльку, і каб хворы ачуняў, гэтую ляльку спальвалі ці кідалі ў раку. Рабіліся і абярэжныя лялькі — спецыяльна для пэўнага чалавека, каб абараніць яго ад ліха.

Праграма “Лялька з бабулінага куфра” стала яскравым прыкладам таго, як цікава і даступна можна перадаваць дзецям народныя традыцыі, выхоўваць у іх павагу да шматвяковай культуры.

— Сучасныя дзеці перагружаны гаджэтамі, і іх трэба ад гэтага адводзіць. І чаму б не ў бок традыцый і абрадаў? Паглыбленне ў культуру, якая некалі была штодзённасцю нашых прабабуль, умацоўвае сувязь паміж пакаленнямі, аб’ядноўвае сем’і. Калі правільна падаваць матэрыял пра традыцыі і культуру, то ён абавязкова зацікавіць дзяцей. Гэтым разам мяне папярэдзілі, што група дзяцей непаседлівая і што іх няпроста будзе зацікавіць. А аказалася, я дарма перажывала: усе ўважліва слухалі, захапіліся стварэннем лялек і нават пераказвалі ўспаміны сваіх бабуль пра старадаўнія цацкі іх маленства, — адзначае Жанна Ачыновіч.

Акрамя таго, Жанна Яўгенаўна з калегамі з РДК і педагогамі ўстаноў адукацыі раёна адраджае святочныя абрады.

Гэтыя абрады мы стараемся адраджаць у тых вёсках, у якіх яны некалі праводзіліся і дзе мы падчас экспедыцый знайшлі сведчанні пра іх распаўсюджанасць. Напрыклад, сёлета мы адраджалі абрад “Каляда на дуб” у Коўбчы. Для гэтага стваралі падобныя на лялькі снапкі, завязвалі ім фартушкі і вешалі на дуб. Па старадаўняй традыцыі на дуб узнялі і барану. У некаторых вёсках некалі на лаўках каля дома саджалі лялек у рост чалавека. Калі я працавала ў цэнтры дадатковай адукацыі, мы з дзецьмі стваралі лялек з нітак, малявалі ім тварыкі і такімі лялькамі ўпрыгожвалі дрэва пры ўваходзе ў нашу ўстанову.

На Ушэсце мы спяклі пірог з лесвічкай і каля ячменнага поля ў вёсцы Канстантоў вадзілі карагоды, спявалі песні. На Купалле ў маланаселенай вёсцы Альхоўка праводзілі рэдкі старажытны абрад: дзяўчыну, якая засядзелася ў дзеўках, пад купальскія песні… вымяталі з хаты венікам. Згодна з этнаграфічнымі крыніцамі, у нас на Клічаўшчыне гэты абрад праводзілі не толькі на Купалле, але і 23 чэрвеня — у дні летняга сонцастаяння.

Плануем у найбліжэйшы час арганізаваць і музычны майстар-клас: у мяне ёсць невялікая калекцыя старадаўніх музычных народных інструментаў. Хочам, каб школьнікі далучыліся да нас і паспрабавалі іграць на барабанах, дудках, лыжках, грабянях… Некалі ў нас музыканты былі на вагу золата, таму нашы продкі знаходзілі спосаб ладзіць вячоркі без іх. Напрыклад, бралі звычайны драўляны грэбень, прыціскалі да яго лісток паперы і дзьмулі ў зубцы, ствараючы музычныя гукі. А часам танцавалі проста “пад язык”, напяваючы мелодыі. Хочацца і развучыць са школьнікамі хаця б некалькі мясцовых народных танцаў, якія некалі былі візітоўкай нашага раёна, — гаворыць Жанна Яўгенаўна.

Ала Пятроўская, намеснік дырэктара Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, таксама падзялілася сваімі задумамі.

— Пры нашым цэнтры дзейнічае этнаграфічнае падвор’е “Сушанская хата”. Яно мае адметную гісторыю стварэння. У 2019 годзе цэнтру была перададзена сялянская хата, якая раней належала былому старшыні калгаса “Камсамолец” Міхаілу Цмыгу. Ён быў адзіным выратаваным жыхаром вёскі Вязень, спаленай разам з жыхарамі ў жніўні 1942 года. У памяць пра тую страшную падзею дзеці Міхаіла Іванавіча перадалі бацькаву хату нашаму цэнтру. Мы сваімі намаганнямі і пры дапамозе аддзела па адукацыі перавезлі яе і паставілі на сваёй тэрыторыі, да дробязей аднавіўшы з ёй атмасферу і сялянскі побыт пачатку XX стагоддзя.

Аўтэнтычныя лялькі, драўляныя цацкі, музычны фальклор, абрадавыя святы — новы навучальны год унясе яркі акцэнт у выхаванне школьнікаў Клічаўшчыны.

На падвор’і мы спачатку праводзілі толькі Калядкі, а пазней з удзельнікамі летніка сталі ладзіць народныя абрады, вывучаць беларускія народныя песні, займацца народнымі рамёствамі, напрыклад, пляценнем паясоў. Цяпер хочам закупіць музычныя інструменты і працягнуць вывучэнне музычных традыцый роднага краю.

Марылі развіваць у сябе і тэхнічны кірунак, у прыватнасці сталярную справу. І ў мінулым годзе нас падтрымаў райвыканкам, выдзеліў неабходныя сродкі, мы закупілі абсталяванне і з сярэдзіны верасня адкрываем сталярную майстэрню. Тут дзеці змогуць навучыцца апрацоўваць драўніну, ствараць драўляныя цацкі, — расказвае Ала Аляксандраўна.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Івана АЎТУХОВІЧА