Клопат пра дзяцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі

- 12:03Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін на адкрыцці пасля рэканструкцыі спальнага корпуса № 1 дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ждановічы”.

“Клопат пра дзяцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Нягледзячы на цяжкасці ў эканоміцы, праекты сацыяльнай накіраванасці не згортваліся, і рэканструкцыя спальнага корпуса ў рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры пацвярджэнне гэтага”, — адзначыў Анатоль Калінін.

Паводле яго слоў, напярэдадні навагодніх свят чакаецца ўвод у эксплуатацыю і іншых сацыяльных аб’ектаў, будаўніцтва і рэканструкцыя якіх былі запланаваны ў 2016 годзе. Рэалізаваны планы па ўзвядзенні жылых дамоў для дзяцей-сірот, уводзе дзіцячых садоў, школ, паліклінік.

Павіншаваў дзяцей з надыходзячымі святамі і міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка. Ён адзначыў, што за 20 гадоў, якія мінулі з моманту стварэння рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ждановічы”, яго тэрыторыя і будынкі змяніліся. Пабудаваны новыя аб’екты, рэканструяваны старыя, створаны ўсе ўмовы для аздараўлення, навучання падрастаючага пакалення, правядзення спартыўна-масавых, культурных мерапрыемстваў.

“Гэта цудоўны падарунак да Новага года. Дзякуючы рэканструкцыі спальнага корпуса, цэнтр зможа прыняць больш дзяцей і павысіць узровень аказання медыцынскай дапамогі”, — сказаў Уладзімір Вашчанка.

Трохпавярховы будынак, які стаіць асобна, разлічаны на 184 ложка-месцы, памяшканні аб’яднаны ў спальныя секцыі блокавага тыпу. Для пражывання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаны жылыя блокі на першым паверсе. Цокальны паверх адведзены для водалячэння і аказання фізіятэрапеўтычных працэдур.

Усяго на рэканструкцыю накіравана больш за Br5,4 млн. Заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца УКБ Мінаблвыканкама, генеральным праекціроўшчыкам — ЗАТ “Будпраект” (Маладзечна). Генпадрадчык — будаўнічая фірма “Барыт”. Праект рэалізаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме.

Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Ждановічы” пачаў функцыянаваць са студзеня 1996 года, разлічаны на 330 ложка-месцаў. Штогод тут праходзяць рэабілітацыю звыш 4,6 тысячы дзяцей.

Галоўная задача цэнтра — комплексная рэабілітацыя дзяцей і падлеткаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.