Клубы ЮНЕСКА створаць рэгіянальныя аддзяленні

- 13:40Рознае, Сацыяльны ракурс

У Мінску прайшоў Міжнародны форум клубаў ЮНЕСКА “Магчымасці для ўсіх”, партнёрам якога выступіла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нагодай стала 25-годдзе стварэння Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. На свята ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з’ехалася каля 200 гасцей — гэта былі прадстаўнікі клубаў арганізацыі са Швецыі, Расіі, Румыніі, Латвіі, беларускія вучоныя, педагогі і, канечне, школьнікі — прадстаўнікі беларускіх клубаў ЮНЕСКА.

Рэспубліканская грамадская арганізацыя БелАЮ — гэта больш за 60 маладзёжных клубаў, якія дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Штогод у праектах ЮНЕСКА задзейнічана каля 30 тысяч чалавек. Прапаганда гуманнасці, ідэй міру і талерантнасці, выхаванне дзяцей і моладзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй — вось асноўныя прынцыпы іх дзейнасці. У клубах пастаянна ствараюцца новыя, часта ўнікальныя маладзёжныя праекты. Многія з іх сталі брэндавымі: Міжнародны летні ўніверсітэт клубаў ЮНЕСКА, Зімовы ўніверсітэт і Акадэмія клубаў ЮНЕСКА, валанцёрскія і лінгвістычныя лагеры, Міжнародны фестываль “Жывая вада дружбы”, праграмы “Мост праз пакаленні”, “Магія, якая лечыць”, ролевыя гульні “Мадэль ААН” і іншыя.
Ролю Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА для сістэмы адукацыі і краіны ўвогуле адзначыў Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ён уручыў старшыні арганізацыі Дзмітрыю Юр’евічу Субцэльнаму ганаровую грамату за работу ў сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У знак падзякі “за каласальную падтрымку для развіцця арганізацыі і яе дзейнасці” Дзмітрый Юр’евіч уручыў Віктару Віктаравічу памятны імянны медаль, прыўрочаны да юбілею арганізацыі. Цёпла віталі і віншавалі з юбілеем удзельнікаў арганізацыі ўсе, каму давялося займацца агульнымі праектамі. Сярод іх была і Даніэла Папеску, прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА (віцэ-прэзідэнтам гэтай арганізацыі з’яўляецца Д.Ю.Субцэльны).
Вольга Атрошчанка, каардынатар праектаў праграмы развіцця ААН у Беларусі, віншуючы юбіляра, адзначыла: “Самая вялікая заслуга БелАЮ ў тым, што яна ўстойлівая. Некалі скончыцца грант глабальнага фонду, скончыць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь Праграма развіцця ААН, а Бе лАЮ застанецца і зможа прадоўжыць тыя справы, якія мы пачыналі разам”.
Пра тое, што не толькі пачатыя праекты будуць працягвацца, але і што ў арганізацыі самыя смелыя планы і перспектывы, расказаў Дзмітрый Юр’евіч: “Наша арганізацыя склалася: у яе ёсць структура, свае праекты. І цяпер наша асноўная задача — развівацца як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. У прыватнасці, мы плануем стварыць і ўмацаваць рэгіянальныя аддзяленні Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Першае — Гродзенскае аддзяленне — ужо створана і каардынуе дзейнасць клубаў вобласці. Для нас важна, каб такія аддзяленні з’явіліся ва ўсіх рэгіёнах. Магчыма, нават да канца гэтага года будзе створана Гомельскае рэгіянальнае абласное аддзяленне, у наступным годзе — Мінскае. Гэта стала магчымым, бо нашы клубы ўжо гатовы да таго, каб не проста рэалізоўваць праграмы арганізацыі, а больш актыўна дзейнічаць самастойна, супрацоўнічаць з органамі мясцовай улады, як гэта практыкуюць маладзёжныя палітыкі.
Што тычыцца міжнароднай прасторы, то, безумоўна, мы плануем працягваць умацоўваць імідж і краіны, і нашай арганізацыі праз еўрапейскія, сусветныя сеткі клубаў ЮНЕСКА. Мы хочам актыўней выкарыстоўваць і перадаваць беларускі вопыт, рэалізоўваць сумесныя праекты з нашымі калегамі, таму чакаем, што ў новым годзе мы атрымаем кансультатыўны статус пры Эканамічнай сацыяльнай камісіі ААН у Нью-Ёр ку. Гэта будзе азначаць, што мы як грамадскае аб’яднанне будзем мець магчымасць даносіць голас беларускай моладзі на пасяджэннях ААН”.
Былі агучаны і планы наконт правядзення праектаў, прымеркаваных да юбілеяў, якімі будзе насычаны наступны год . Напрыклад, у студзені стартуе інтэрнэт-эстафета па ўсіх клубах, прымеркаваная да 70-годдзя ЮНЕСКА. 70 гадоў спаўняецца і ААН. У маі з гэтай нагоды пройдзе акцыя “Дрэва міру”: у кожнай школе, дзе працуюць клубы ЮНЕ СКА, будзе пасаджаны дубок. У верасні члены клуба з Залесся (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) правядуць сумесную відэаканферэнцыю з удзельнікамі клуба ЮНЕСКА з італьянскай Фларэнцыі, дзе пахаваны Міхаіл Клеафас Агінскі, прымеркаваную да 250-годдзя з дня нараджэння славутага кампазітара.
Адзін з клубных прынцыпаў — выкарыстоўваць усе магчымасці для навучання і адукацыі, таму натуральна, што была выкарыстана магчымасць зносін беларускіх педагогаў, куратараў клубаў з замежнымі калегамі падчас форуму.
“Будучыня адукацыі ў тым, што хутка яна будзе больш змяшчацца ў выхаваўчы аспект, — упэўнены намеснік старшыні БелАЮ Віталь Мікалаевіч Нікановіч. — Гэтаму ўжо сёння спрыяюць сучасныя праграмы, якія дазваляюць засвойваць новыя веды, нават без удзелу педагога. А вось у выхаванні інтэрнэт не дапаможа, таму мы імкнёмся даць інструментарый для педагогаў. Напрыклад, на форуме шведы расказалі пра свой вопыт падрыхтоўкі моладзі да жыцця ў мультыкультурным грамадстве. Гэты выклік кінуты многім еўрапейскім краінам, тэндэнцыя да мультыкультурнасці назіраецца ўжо і ў нас. Я спадзяюся, што нашы клубы возьмуць у свой арсенал гэтыя тэхналогіі. На маю думку, перспектыўная ідэя прафесійнага суправаджэння моладзі — тое, што называюць замежным словам “лайфкоўчынг”. Яго сёння паспяхова выкарыстоўваюць расіяне. У Швецыі паспяхова дзейнічае маленькая арганізацыя “Цягнік будучага”. Галоўная яе сфера — клопат пра сем’і, у якіх выхоўваецца асаблівае дзіця, і псіхалагічная дапамога тым, хто падвяргаецца маральнаму насіллю. У нас шмат вопыту, калі клубы ЮНЕСКА станавіліся ініцыятарамі ідэй, якія былі ацэнены толькі з часам. Напрыклад, праграма “Роўны вучыць роўнага”, якая цяпер з’яўляецца часткай нацыянальнай сістэмы адукацыі”.
Віншуючы юбіляра, Уладзімір Рыгоравіч Шчасны, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, адзначыў: “25- годдзе — ідэальны ўзрост. З аднаго боку, ужо ёсць самастойнасць, з другога, — наперадзе яшчэ ўсё жыццё, і калі нечага не паспеў — яшчэ паспееш. Сітуацыя з БелАЮ абсалютна іншая. Каб пералічыць тое, што зроблена за 25 гадоў, спатрэбіцца не адна гадзіна. І тое, што ўжо зроблена, мае працяг на многія пакаленні. Смела рухайцеся наперад — у вас надзейныя паплечнікі”.

Святлана НІКІФАРАВА.