Асноўнае абсталяванне для будаўніцтва Беларускай АЭС плануецца паставіць у 2016—2017 гадах, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык.
“Сёння будаўніцтва абодвух энергаблокаў Беларускай АЭС ідзе па графіку, прадугледжаным генеральным кантрактам, на ўзвядзенні станцыі ў Астраўцы працуе амаль 5 тысяч будаўнікоў. У гэтым годзе па кантракце плануецца асвоіць 15,7 млрд расійскіх рублёў, што ў 1,4 разу больш, чым у 2015 годзе”, — расказаў Уладзімір Патупчык.
На гэты год намечаны ключавыя падзеі па будаўніцтве першага энергаблока: пачатак мантажу корпуса ядзернага рэактара, турбіны, парагенератараў, электратэхнічнага абсталявання, зваркі галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода. На другім энергаблоку будуць прадоўжаны работы па ўзвядзенні асноўных будынкаў і збудаванняў.