Кнігі пра Вялікі Подзвіг

- 12:23Адукацыйная прастора

Вакол інтэрпрэтацыі падзей Другой сусветнай вайны вядзецца жорсткая барацьба. Трэба думаць пра тое, якія ўрокі з гісторыі атрымлівае наша моладзь. Кнізе ў сістэме выхавання належыць асаблівая роля: яна здольная ператвараць унутраны свет асобы і ўплываць на яе духоўнае ўзбагачэнне. Кнігі, якія знаходзяцца ў музеі, — гэта шчырая, жорсткая праўда аб вайне, аб гераізме і мужнасці савецкіх воінаў.

Музей баявой славы Бычыхінскай сярэдняй школы Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў 1961 годзе заснаваў заслужаны настаўнік БССР Барыс Залманавіч Гордзін. Гэта пункт адліку ў фарміраванні музейнай бібліятэкі. Другі год у нашай школе дзейнічае музейны праект-прэзентацыя “Кнігі аб Вялікім Подзвігу”. Яго мэта — выхаванне патрыятызму і пачуцця гонару за нашу Перамогу. Задачы праекта: забеспячэнне эмацыянальнага ўспрымання, абуджэнне цікавасці да чытання твораў аб вайне, садзейнічанне фарміраванню грамадзянскіх якасцей сродкамі мастацкага слова, музыкі, сцэнічнага дзеяння. Для работы над праектам мы стварылі творчы калектыў вучняў, выкарыстоўвалі інтэрактыўныя метады.Музей — калектыўная форма пазакласнай работы. Вучні 8 і 11 класаў займаліся праектнай дзейнасцю па выніках прачытаных і абмеркаваных кніг. Арганізацыйна-падрыхтоўчы этап праходзіў на базе музея. Вайна пакінула свой след у сям’і кожнага ўдзельніка праекта. Мы разам сістэматызавалі кнігі па храналогіі і раздзелах, абдумвалі варыянты эмацыянальнага ўздзеяння на слухачоў, падбіралі эпіграф. Для фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый выкарыстоўвалі метадычныя прыёмы “Самае важнае” і “Дайсці да самай сутнасці”. Адбывалася інтэрактыўнае ўзаемадзеянне: у кнігах вучні выбіралі самыя значныя радкі, а потым абмяркоўвалі іх і тлумачылі свой выбар.
Тэхналагічны этап стварэння праекта адбываўся на базе кабінета інфарматыкі. Загадчык кабінета і класны кіраўнік 11 класа Алена Іванаўна Качанава з’яўляецца членам савета музея, суаўтарам, дарадчыкам, крытыкам, актыўным удзельнікам музейных мерапрыемстваў. Такую актыўнасць Алены Іванаўны можна растлумачыць і тым, што яе дзядуля Іван Лукіч Скаблоў быў механікам-вадзіцелем танка Т-34, цяжка паранены пад Кёнігсбергам, меў шмат баявых узнагарод. Пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі вучні сканіравалі кнігі, рабілі слайды, складалі прэзентацыю, падбіралі музыку. Пры рабоце са слайдамі мы вучым дзяцей не толькі фіксаваць інфармацыю, але і бачыць аўтарскую інтэрпрэтацыю падзей, тэму, ідэю, мастацкія асаблівасці кнігі, глядзець на падзеі з пазіцыі чалавека іншага часу і светапогляду, фарміраваць уласныя адносіны праз суперажыванне.У красавіку 2015 года праходзіў раённы конкурс “Кніжная паліца”. Прэзентацыйны этап праекта адбыўся ў рамках вочнага этапу конкурсу на базе музея. Мы прапанавалі калегам вопыт работы па далучэнні вучняў да чытання, папулярызацыі кніг з музейнага фонду. На слайдах размешчаны 33 кнігі, адлюстраваны памятныя надпісы, тлумачальныя запіскі. Слайды з літаратурай умоўна падзелены на дзве групы: больш раннія гады выдання на фоне мелодыі песні “На безымянной высоте” і сучасная літаратура на фоне мелодыі песні “А степная трава пахнет горечью…”. Двое вядучых агучваюць слайды.
“Пераходны” этап да літаратурна-музычнай кампазіцыі “Іх подзвіг бессмяротны” — слайды са зборнікамі мерапрыемстваў. Дамінуючы від дзейнасці вучняў — ролевы. 22 чэрвеня… Моладзь танцуе вальс. Аб’яўленне аб пачатку вайны. Шчымлівая сцэна развітання. На экране слайд — кніга “Вспомним всех поимённо…”, якая атрымана з Віцебскага раёна ад кіраўніка народнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай. На фоне музыкі з праграмы “От всей души” Даша Ціхамірава зачытвае звесткі аб стрыечным браце прабабулі, які загінуў пад Заронавам. Пошук працягваўся амаль 70 гадоў. На слайдзе — гваздзікі на мемарыяльнай пліце…На экране слайд з надпісам “Музею боевой славы от дочери погибшего воина Гуселетовой Надежды Александровны из Новосибирской области” — кніга “Письма с фронта”. На фоне песні “Синий платочек” слухаем сардэчныя, добрыя радкі з пісем. У дзяцей у руках — “трохкутнічкі”. На фоне песні “Землянка” хлопцы чытаюць на памяць радкі з верша “Жди меня”. Мы бачым слёзы на вачах прысутных, задумлівыя твары дзяцей. На фоне гучання песні “День Победы” дзяўчынкі становяцца ў адзін рад з хлопчыкамі. Зноў вершаваныя радкі… Аб’яўляецца хвіліна маўчання. Вучні танцуюць вальс, выходзяць да гледачоў і чытаюць радкі з верша Мікалая Маёрава. Заключная частка — рэфлексія (відэаролік “С Днем Победы. Песочная анимация”). Галоўную задачу дзеці выканалі шчыра, самааддана пражылі лёсы сваіх герояў, адчулі важнасць і значнасць тэмы.
Праект “Кнігі аб Вялікім Подзвігу” створаны не дзеля птушачкі. Ён актыўна дзейнічае: папаўняецца музейная бібліятэка, ствараюцца новыя слайды. Праект мае інтэрактыўны характар. Непасрэднымі ўдзельнікамі могуць быць вучні розных узростаў. Адбываецца суперажыванне праз узаемадзеянне. Можна выбраць літаратуру для даследчай работы, проста прачытаць, абмеркаваць з сябрамі, расказаць малодшым таварышам.

Людміла БАРЫСАВА,
настаўніца гісторыі, кіраўнік музея баявой славы
Бычыхінскай сярэдняй школы Гарадоцкага раёна.