Колькі будзе каштаваць пабудаваць звычайны шматпавярховік? А гасцініцу ці аквапарк? Разлік грошай для будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці — тэма актуальная ва ўсе часы. Як ва ўсе часы запатрабаваны і спецыялісты, якія могуць гэта граматна зрабіць. Такіх інжынераў-эканамістаў рыхтуюць у БНТУ, на будаўнічым факультэце па спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. Пра якасць іх падрыхтоўкі дбае загадчыца выпускаючай па гэтай спецыяльнасці кафедры “Эканоміка будаўніцтва” Вольга Сяргееўна Голубава.
“Мы рыхтуем інжынераў-эканамістаў. Студэнтам даюцца веды як у сферы будаўніцтва, так і эканамічныя. З аднаго боку, калі яны не будуць разбірацца ў канструктыўных элементах будынкаў, маналітных, металаканструкцыях і г.д., яны не змогуць правільна падлічыць іх кошт. З другога — ім трэба навучыцца складаць каштарысную дакументацыю, бізнес-планы, умець рабіць абгрунтаванні інвестыцый і грашовую ацэнку нерухомасці, — гаворыць Вольга Голубава.
Эканоміку ў сферы будаўніцта ў БНТУ Вольга Сяргееўна вывучала і сама. Выпускніца 1989 года, у 2009 годзе яна ўзначаліла адпаведную кафедру.
“Студэнтам мы даём не састарэлую інфармацыю, а вучым самым свежым распрацоўкам”, — гаворыць загадчыца кафедры “Эканоміка будаўніцтва”. Разабрацца моладзі ў навінках дапамагаюць не толькі на занятках, але і падчас падрыхтоўкі і правядзення канферэнцый, якія праходзяць пад патранажам кафедры, тым больш што іх удзельнікамі становяцца прадстаўнікі розных краін. Так, падчас канферэнцыі “Актуальныя праблемы эканомікі будаўніцтва” абавязкова разглядаюцца новыя віды абсталявання і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве.
“Зараз у сферы будаўніцтва актыўна распрацоўваюцца BIM-тэхналогіі (Building Information Model — інфармацыйная мадэль будынка). Адбываецца зліццё розных камп’ютарных праграм у адну, якая ўлічвае адразу некалькі фактараў: змест, час і грошы. Так, улічваюцца архітэктурна-канструктарскія, тэхналагічныя, эканамічныя даныя аб будынку адначасова, што дазваляе прымаць найлепшае рашэнне, дапамагае эфектыўна кіраваць будаўніцтвам. З гэтымі распрацоўкамі мы абавязкова знаёмім студэнтаў”, — гаворыць Вольга Сяргееўна.
Загадчыца кафедры актыўна падтрымлівае ініцыятывы студэнтаў, якія і самі не супраць даведацца аб будаўнічых ноу-хау. І калі свет абляцела навіна аб тым, што ў Кітаі на 3D-прынтары друкуецца дом, падтрымала студэнтаў у іх жаданні напісаць кітайскім калегам.
“Адна з нашых аспірантак паехала вучыцца ў Вялікабрытанію. Спадзяюся, пасля яна паведаміць нам нешта новае і цікавае, — расказвае Вольга Голубава. Некаторыя нашы студэнты і магістранты ў рамках міжнароднага абмену вучацца, праходзяць стажыроўкі ў іншых еўрапейскіх краінах, у Кітаі. Гэта дазваляе абменьвацца інфармацыяй, улічваць сучасныя тэндэнцыі, навацыі як у сферы будаўніцтва, так і ў сферы адукацыі”.
Вольга Сяргееўна і сама прымае актыўны ўдзел у прагрэсіўных праектах. Напрыклад, яна выступае эканамічным экспертам праекта “Павышэнне энэргетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь”, які адмініструецца Праграмай разіцця ААН у Беларусі. У рамках гэтага пілотнага праекта прадугледжана будаўніцтва трох энергаэфектыўных дамоў у нашай краіне — у Мінску, Магілёве і Гродне.
“Дамы будуць забяспечаны спецыяльным абсталяваннем, сярод якога сонечныя батарэі і цеплавыя помпы, якія выкарыстоўваюць энергію сонца і зямлі. Гэта зніжае энергарасходаванне”, — гаворыць Вольга Сяргееўна.
Так, у Гродне з дапамогай сонечных батарэй будуць выпрацоўваць электраэнергію. У Магілёве і Гродне сонечныя калектары паставяць для падагрэву вады. Што да менш вядомых у параўнанні з сонечнымі батарэямі цеплавых помпаў, працуюць яны як сістэма, адваротная халадзільніку. Для абагрэву будынка выкарыстоўваецца цяпло зямлі, якая нават у зімні перыяд цалкам не прамярзае. Плануецца, што дамы будуць пабудаваны да канца 2016 года.
“Папярэднія разлікі паказалі, што пры пераходзе на эканамічна абгрунтаваныя, а не субсідзіраваныя тарыфы, укладзеныя сродкі акупяцца праз 8—10 гадоў”, — гаворыць суразмоўніца.
Актыўны ўдзел Вольга Голубава прымала і ў іншым — ужо адукацыйным — праекце. Тычыцца ён таксама сферы энергаэфектыўнасці, а менавіта распрацоўкі вучэбных матэрыялаў для работнікаў ЖРЭА, таварыстваў уласнікаў, каб яны маглі самастойна, без прыцягвання іншых спецыялістаў эфектыўна праводзіць цеплавую мадэрнізацыю будынка.
Таксама Вольга Голубава з’яўляецца суаўтарам падручнікаў, даведнікаў па эканоміцы ў будаўніцтве, па цэнаўтварэнні ў гэтай сферы. Гэтымі матэрыяламі карыстаюцца не толькі студэнты, але і работнікі будаўнічых арганізацый.
“Гэта амаль адзіныя вучэбныя дапаможнікі ў краіне, дзе разглядаюцца грашовыя пытанні ў сферы будаўніцтва. Да таго ж яны практыка-арыентаваныя. Дарэчы, многія слухачы нашых курсаў па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў даведваюцца пра нас дзякуючы гэтым выданням”, — гаворыць Вольга Сяргееўна.
На курсы па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, якія праводзяць выкладчыкі кафедры, а разам з імі і Вольга Сяргееўна, прыходзяць работнікі сферы будаўніцтва, спецыялісты па каштарыснай справе, спецыялісты па ацэнцы нерухомасці. Заняткі праводзяцца і для супрацоўнікаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Паказальна, што камітэт сам выйшаў на кафедру.
“Судовым экспертам часам даводзіцца, прааналізаваўшы “будаўнічыя” дакументы, даць заключэнне, які бок не вінаваты ў канфліктнай сітуацыі ў сферы будаўніцтва, які, наадварот, не выконвае сваіх абавязкаў згодна з дагаворам. Таму ўмець працаваць з каштарысамі трэба і судовым экспертам”, — тлумачыць Вольга Сяргееўна.
Дарэчы, апошнім разам некалькі выпускнікоў кафедры “Эканоміка будаўніцтва” былі размеркаваны ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.Таксама выпускнікі размяркоўваюцца ў будаўнічыя і праектныя арганізацыі, прымаюць удзел практычна ва ўсіх будаўніцтвах краіны, у тым ліку ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.