Колькі каштуе ўнікальнасць?

- 11:38Сацыяльны ракурс

“Народны падручнік”, вёска на лыжах і важнае “Добра”

Пра сацыяльнае прадпрымальніцтва як асобную з’яву, не прывязаную да бізнесу і дабрачыннасці, пакуль што мала хто чуў. Тым не менш дзякуючы конкурсу Social Weekend, у рамках якога праходзіць хакатон сацыяльных праектаў па хуткай распрацоўцы ўнікальных ідэй, штогод у краіне з’яўляюцца цікавыя і карысныя індывідуальныя праекты. Такія ініцыятывы, у адрозненне ад бізнесу, накіраваны не на атрыманне прыбытку, а на паляпшэнне якасці жыцця розных сацыяльных груп насельніцтва.

Пра ўнікальныя распрацоўкі і іх фінансаванне, пра розніцу паміж дабрачыннасцю і сацыяльным прадпрымальніцтвам і многае іншае мы пагаварылі з кіраўніком Social Weekend дырэктарам фонду “Добра” Аляксандрам СКРАБОЎСКІМ.

— Сёлета ў фінал Social Weekend выйшаў цікавы адукацыйны праект — “Народны падручнік”. Ці можна назваць яго з’яўленне перспектыўнай для сістэмы адукацыі з’явай?

— Праект “Народны падручнік” сёлета прайшоў у фінал конкурсу Social Weekend, а зімой перамог на хакатоне сацыяльных праектаў. “Народны падручнік” быў прадстаўлены ў самы падыходзячы час. Раней фізіку вывучалі з 6 класа, а цяпер навучанне прадмету будзе пачынацца на год пазней. Распрацоўшчыкам захацелася прадставіць свой варыянт падручніка. Дарэчы, распрацавалі праект Сяргей Альшэўскі і Аляксандр Рубанаў. На сродкі ад выйгрышу на хакатоне быў запрошаны дызайнер, які распрацаваў для будучага падручніка брэндбук: стварыў персанажаў, якія будуць дапамагаць дзецям вучыцца, прадумаў шрыфты, колеры. Да супрацоўніцтва былі запрошаны таксама настаўнікі. Распрацоўшчыкі ставілі задачу зрабіць так, каб у падручніка быў якасны кантэнт. Усе прапановы па “Народным падручніку” размяшчаюцца на сайце eschool.by. Відавочна, што педагогі, у якіх ёсць цікавыя ідэі і прапановы, могуць таксама далучыцца да праекта.

Увогуле, “Народны падручнік” быў створаны не для таго, каб замяніць афіцыйныя школьныя падручнікі. Але ён можа дапамагчы навучэнцам інакш рыхтавацца да ўрокаў, абапіраючыся на вопыт лепшых настаўнікаў.

— “Народны падручнік” — з’ява рэспубліканскага ўзроўню. Карыстацца ім пры жаданні зможа ўся краіна. Тым не менш былі выпадкі, калі на Social Weekend перамагалі і невялікія вясковыя школьныя праекты.

— Так, на конкурс трапляюць адукацыйныя праекты рознага ўзроўню. Ёсць работы, што ініцыіруюць вясковыя, раённыя школы.

Адзін з даўніх і запамінальных праектаў быў з аграгарадка Башні. Праект называўся “Башні — сіла волі і сіла духу” і стаў пераможцам чацвёртага Social Weekend у намінацыі “Будуем свет вакол нас”. Аўтарам ініцыятывы выступіла настаўніца матэматыкі Марына Ягораўна Аляксеенка. Яна звярнулася на конкурс з ідэяй дапамагчы дзецям і іх бацькам разумна і з карысцю арганізоўваць свой вольны час. Настаўніца бачыла, як вёска вымірае, ведала, што дзецям і бацькам няма куды пайсці, каб разам правесці вольны час, і захацела змяніць сітуацыю.

Згодна з праектам, школе неабходна было закупіць спартыўны інвентар. Патрэбны былі лыжы, мячы. Спартыўная зала была зусім не добраўпарадкавана. А ўжо праз паўгода ўсё змянілася. Марына Ягораўна, можна сказаць, паставіла ўсю вёску на лыжы.

— Як прасоўваюцца праекты-пераможцы і колькі ўсяго ўнікальных ініцыятыў было прадстаўлена на конкурс за ўвесь час яго існавання?

— Social Weekend — гэта конкурс сацыяльных праектаў, які праходзіць два разы ў год. У нас ёсць асенні і вясновы наборы. У тым фармаце, у якім сёння існуе Social Weekend, ён стартаваў восенню 2013 года. Вясновы набор пачынаецца ў студзені са збору заявак. У лютым праходзіць хакатон, які быў прыдуманы для таго, каб прыцягнуць да конкурсу аўдыторыю, якая не можа наведваць Social Weekend на працягу наступных 3—6 месяцаў, калі трэба рэалізаваць сваю сацыяльную ідэю. Тым не менш на працягу двух дзён, пакуль праходзіць хакатон, можна вывесці на новы ўзровень сваю ідэю ці зразумець, як яе дапрацаваць. Некаторыя ўдзельнікі пакідаюць Social Weekend адразу пасля хакатона: ім дастаткова тых ідэй, якія былі “падкінуты” падчас мерапрыемства, гэта значыць, знаходзіцца аптымальны шлях далейшага развіцця ўласнага праекта. Пасля хакатона ідзе трэк навучання, а за ім — паўфінал і фінал.

Пераможцаў вызначае народнае галасаванне, якое праходзіць у два патокі. Сёлета, у адрозненне ад мінулых гадоў, галасаванне ў першым патоку адбывалася па SMS, а не праз сацыяльныя сеткі. Другі паток — гэта экспертны адбор. Падчас яго разглядаюцца вузкія па сваёй накіраванасці, тэматыцы праекты, зразумець сутнасць якіх могуць толькі тыя спецыялісты, якія напрамую працуюць з прадстаўленай праблемай.

Калі гаварыць аб праектах-пераможцах, то ім прадастаўляецца дапамога на больш поўную рэалізацыю ідэі. Як правіла, сумы, што выдаткоўваюцца пераможцам, даюць магчымасць запусціць рухавік, неабходны для старту.

— Сёлета ўпершыню за гісторыю правядзення Social Weekend пераможцам народнага і экспертнага галасаванняў стаў праект, пра які многія чулі, — Tikota Unique. Яшчэ адным бясспрэчным лідарам і пераможцам SW некалькі гадоў назад стаў пошукава-выратавальны атрад “Анёл”. Ня­гледзячы на значнасць і неабходнасць існавання абодвух ініцыятыў (адны — шыюць адзенне для людзей з інваліднасцю, другія — шукаюць і выратоўваюць людзей), “Анёл” фінансуецца выключна за сродкі валанцёраў.

— Tikota Unique — гэта прыклад сацыяльнага прадпрымальніцтва. Дызайнер праекта распрацавала дзве паралельныя лінейкі вопраткі, якія выглядаюць аднолькава, але пашыты па-рознаму — для звычайных лю­дзей і для людзей з інваліднасцю. Справа ў тым, што сёння людзі, якія вымушаны жыць у інвалідных калясках, не маюць магчымасці купіць адпаведнае адзенне. Але ў хуткім часе сітуацыя зменіцца, і такую вопратку можна будзе на­быць з добрым дысконтам. У Tikota Unique, сёлетняга пераможцы Social Weekend, можа быць даход, таму што іх ідэя бу­дзе запатрабавана грамадст­вам. Але прыбытак, які з’явіцца, не будзе поўнасцю размяркоўвацца сярод заснавальнікаў, а бу­дзе патрачаны на выпуск чарговых партый адзен­ня. І трэба разумець, што паспяховы праект — не дабрачынны, інакш ён закрыецца на першай ці другой партыі вытворчасці. Каб кожны месяц новыя людзі маг­лі сябе забяспечыць гэтай вопраткай, якраз і неабходны прыбытак, як неабходны бізнес-ідэі для руху праекта. Такім чынам, сёння Tikota Unique можна назваць прыкладам прадпрымальніцтва, але пакуль што не паспяховым бізнесам. Зараз ён займаецца распрацоўкай дробнасерыйных партый. Тое, за што яны атрымалі падтрымку на Social Weekend, — гэта апрабацыя. У хуткім часе будзе выпушчана невялікая партыя адзення, а таксама пры неабходнасці будзе мяняцца працэс вытворчасці.

Што тычыцца астатніх праектаў, якія прадстаўляюцца на конкурс, мы адразу прымушаем удзельнікаў — аўтараў унікальных работ думаць, ці ёсць у іх бізнес-мадэль. Калі гаварыць пра ПВА “Анёл”, то яны — гэта адваротны бок медаля. Напачатку, калі каманда перамагла ў конкурсе, ёй дапамагалі, і “Анёл” выйшаў на новы ўзровень развіцця. Літаральна праз паўгода ў праекта не было фінансавай устойлівасці, а тыя, хто дапамагаў грашыма, па натуральных прычынах адпадалі, частка валанцёраў выгарала. Атрымліваецца, што, зрабіўшы прыгожую справу бясплатна, праз 6 месяцаў ПВА апынуўся на мяжы закрыцця. Тым не менш сёння “Анёл” па-ранейшаму пастаянна шукае падтрымку і заўсёды яе знаходзіць, хоць і ў розных памерах. Пастаяннага фінансавага патоку, які закрываў бы патрэбы, у атрада няма. Так, ПВА мае вялікую папулярнасць, яго ўсе ведаюць, дзей­насць “Анёла” запатрабаваная і важная, але каманда застаецца няўстойлівай у фінансавым плане.

“Анёл” двойчы прыходзіў на конкурс. Калі яны другі раз падавалі заяўку на SW, было прынята рашэнне аб неабходнасці набыць квадракоптара, які падчас пошукавых мерапрыемстваў замяняе 50—100 чалавек. У гэтым ПВА атрымаў экспертную падтрымку, у выніку набылі квадракоптар — і атраду больш не патрэбна была вялікая колькасць валанцёраў. Безумоўна, “Анёл” робіць важную справу, і хочацца, каб такая ідэя падтрымлівалася і фінансавалася на дзяржаўным узроўні.

Праблема пошуку людзей з’яўляецца актуальнай. Апошні раз, калі мы запускалі праграму для выпускнікоў папярэднiх Social Weekend, у “Анёлаў” з’явiлася ідэя ства­рыць GPS-бранзалеты, якія могуць дапамагчы знайсці чалавека ў выпадку яго знікнення. Падпіска на бранзалеты была платнай, але рабілася гэта не для таго, каб забраць грошы сабе. Мэта ў тым, каб з паступленнем кожнага рубля прыбытку закупіць плюс адзін бранзалет і падпісаць на яго яшчэ аднаго чалавека. Такім чынам, дзякуючы гэтай сістэме, за некалькі гадоў можна было закрыць патрэбу ў бранзалетах для тых, каму яны насамрэч былі патрэбны.

— Аляксандр, чаго, на ваш погляд, на заканадаўчым узроўні не хапае нашай краіне для больш поўнага развіцця сацыяльнага прадпрымальніцтва?

— Палемічнае пытанне. На базе  Міністэрства працы і сацыяльнай абароны праводзіцца рабочая сустрэча, пасля завяршэння якой будзе дадзена рэкамендацыя наконт таго, чаго не хапае для развіцця сацыяльных праектаў. Складаным з’яўляецца і тое, як сацыяльны праект будзе падпадаць пад падаткаабкладанне i iншыя ўмовы дзейнасцi, як вылучыць неабходныя крытэрыі. Сёння ў нас ёсць праекты вузкай накіраванасці, яны падтрымліваюцца грамадствам і не маюць ніякіх ільгот. Супрацьлеглая пазіцыя ў тым, што калі мы гаворым пра сацыяльнае прадпрымальніцтва, то прамых ільгот і не павінна быць. Лагічным бу­дзе пытанне, чаму яму павінны давацца льготы, улічваючы, што гэта таксама бізнес. На мой погляд, тым, хто хоча прыносіць карысць грамадству, развіваючы сацыяльныя праекты, трэба даваць магчымасць зручнага старту. Было б ідэальна, калі б выдаваўся статус сацыяльнага прадпрымальніка, ад якога не патрабавалі б прыбытку праз тры месяцы, наяўнаcцi офiса і бухгалтара.

Яшчэ адным момантам, на якім хацелася б засяродзіць увагу, з’яўляюцца выплаты падаткаў. Варта зрабіць так, каб людзі, якія жадаюць дапамагчы развіццю пэўных сацыяльна значных праектаў, маглі частку ад сваіх штомесячных падаткаў пералічваць на падтрымку адпаведных праектаў. Пацвярджэннем з’яўляўся б раздрукаваны дакумент, дзе пазначалася б, якая сума і на што была пераведзена. Такім чынам, людзі могуць выбір­аць: ад­даць частку свайго падатку ў дзяржаўны бюджэт ці падтрымаць пэўнай сумай тых, хто выклікае давер.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.