Конкурс маладзёжных iнiцыятыў

- 9:20Выхаванне

Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi правёў брыфінг з удзелам першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Лук’янава, прысвечаны новаму праекту “Конкурс маладзёжных ініцыятыў”.

Гэты праект дае магчымасць маладзёжным, грамадскім і дзіцячым аб’яднанням, установам адукацыі і арганізацыям, а таксама маладзёжным групам атрымаць на конкурснай аснове фінансавую падтрымку для рэалізацыі сваiх пачынанняў. Арганізатарам праекта выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Для ўдзелу неабходна на працягу лістапада накіраваць заяўку на адрас арганізатараў. Для гэтага варта падрыхтаваць пакет дакументаў з апісаннем ініцыятывы, праектам каштарыса расходаў, планам рэалізацыі iнiцыятывы i вынiкам, якi плануецца атрымаць. Умовы конкурсу падрабязна апiсаны на сайце “Моладзь Беларусі” (brsm.by). У тым лiку тут разгледжаны спосабы падачы заявак на конкурс як анлайн, так і афлайн.

“Мы пачнём серыю вучэбных семінараў, якія дазволяць маладым людзям уключыцца ў працэс максімальна зразумела (як сфармiраваць пакет дакументаў, якой павiнна быць заяўка, як павінна быць аформлена абгрунтаванне, якая форма справаздачнасці прадугледжана). Гэта робiцца для таго, каб максімальна аблегчыць шлях маладой прыватнай ініцыятыве ці ініцыятыве грамадскага аб’яднання да адрасата: да БРСМ, Мінiстэрства адукацыi, экспертнай групы”, — паведамiў Аляксандр Лук’янаў.

Усе iнiцыятывы пройдуць конкурсную экспертызу, а лепшым бу­дзе аказана фінансавая падтрымка. Адным з асноўных крытэрыяў, у тым ліку для экспертнай групы, будзе з’яўляцца сацыяльная значнасць праекта, а таксама рэалістычнасць выканання пастаўленай задачы. Як падк­рэслiў Аляксандр Лук’янаў, ідэалогія самога конкурсу — не адсеяць і не ада­браць лепшых з лепшых, а даць магчымасць маладым людзям зразумець, што ў iх руках з’явiўся дадатковы інструмент для таго, каб рэалізаваць свае iнiцыя­тывы.

БРСМ ужо больш за 10 гадоў рэалiзуе праект “100 ідэй для Беларусі”. “Гэта выдатны вопыт і знакавая пляцоўка, якая дазволіла ўкараніць у рэальны сектар эканомікi больш за 2000 ініцыятыў і ідэй, — нагадаў Аляксандр Лук’янаў. — Збольшага конкурс па падтрымцы маладзёжных ініцыятыў вельмі падобны па канфігурацыі, але разам з тым мы адыходзім ад толькі навуковых задач, робім акцэнт на грамадзянскіх ініцыятывах, сацыяльна значных, патрыятычных, экалагічных, спартыўных. Мы будзем уліч­ваць усе спадзяванні маладых людзей. Не варта нічога баяцца, трэба смела прадстаўляць свае ідэі, бо каму, як не жыхарам рэгіёна, ведаць праблемы рэгіёна. І каму, як не ім, можна прапанаваць сваю ініцыятыву. А ўжо наша задача — дапамагчы iм яе рэалізаваць, выпрацаваць механізм і даць напрамак, каб паспяхова ажыццявiць нават самыя амбіцыйныя мары”.


Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.