Корпус рэактара ўстаноўлены ў праектнае становішча

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Корпус рэактара ўстаноўлены на другім энергаблоку Беларускай АЭС, паведамілі ў прэс-службе групы кампаній ASE, якая выступае генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам.

Корпус рэактара ўстаноўлены ў праектнае становішча 2 снежня. Гэта адна з ключавых падзей на этапе ўзвядзення энергаблока і зыходны пункт для пачатку мантажу асноўнага абсталявання першага контуру.

Устаноўка праводзілася ў два этапы. Спачатку корпус рэактара агульнай вагой большай за 330 т, даўжынёй 11 м і дыяметрам 4,5 м быў падняты на транспартны партал і на спецыяльнай цялежцы па рэйках перамешчаны ўнутр гермазоны. Далей з дапамогай палярнага крана корпус быў падняты ў цэнтральную залу рэактарнага аддзялення і ўстаноўлены на апорнае кальцо ў шахту рэактара.

“Устаноўка корпуса ў праектнае становішча адносіцца да адной з самых складаных аперацый на этапе будаўніцтва і патрабуе асаблівай зладжанасці выканання, — адзначыў віцэ-прэзідэнт па праекце Беларускай АЭС групы кампаній ASE Віталь Медзякоў. — Паколькі на апорнае кальцо прыпадае ўся вагавая нагрузка, то дапушчальнае адхіленне пры сумяшчэнні восей корпуса рэактара і апорнага кальца складае ўсяго адзін міліметр”.

Праект атамнай электрастанцыі з ВВЭР-1200, па якім будуецца Беларуская АЭС, — адзін з самых сучасных у свеце, адносіцца да пакалення 3+ і адпавядае ўсім міжнародным нормам і рэкамендацыям Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Галоўная асаблівасць праекта — камбінаванае выкарыстанне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Рашэнні, якія прымяняюцца ў праекце, цалкам адпавядаюць постфукусімскім патрабаванням да надзейнасці атамнай станцыі.