Кожнаму адоранаму вучню — індывідуальная траекторыя развіцця

- 11:03Адукацыйныя праекты, Апошнія запісы, Рознае

З мінулага года ў гімназіі № 2 Брэста рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”. Гімназія ўваходзіць у лік 9 устаноў адукацыі, якія працуюць над гэтай тэмай у краіне.

Кансультантам праекта, разлічанага да 2016 года, з’яўляецца загадчыца кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі доктар педагагічных навук Т.А.Лапацік.
— Актуальнай праблемай развіцця сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца яе мадэрнізацыя, накіраваная на індывідуалізацыю навучання, — гаворыць дырэктар гімназіі Р.І.Гранічны. — Мэта адукацыі заключаецца не толькі ў фарміраванні ў вучняў цэласнай сістэмы ўніверсальных ведаў, уменняў і навыкаў, але і індывідуальнай пазнавальнай актыўнасці, самастойнасці, здольнасці да паспяховай сацыялізацыі, будучай адаптацыі на рынку працы і самарэалізацыі ў жыцці. Але дасягнуць гэтага цяжка, пакуль існуюць супярэчнасці паміж традыцыйнай класна-ўрочнай арганізацыяй адукацыйнага працэсу і рэалізацыяй задач, вызначаных стратэгіяй мадэрнізацыі адукацыі, існуючай нарматыўнай прававой базай і недахопам эфектыўных дыдактычных сродкаў і педагагічных стратэгій па фарміраванні і развіцці індывідуальных якасцей вучняў, сацыяльным запытам грамадства па выхаванні творчай асобы і недастатковым узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па праблеме развіцця адоранасці.

З мэтай вырашэння гэтых супярэчнасцей у гімназіі пачала ўкараняцца тэхналогія цьютарскага суправаджэння адораных вучняў. За час рэалізацыі праекта, у якім задзейнічаны 12 педагогаў і 35 вучняў 9—11 класаў, выяўлена станоўчая дынаміка фарміравання індывідуальнай пазнавальнай актыўнасці дзяцей, іх самастойнай вучэбнай дзейнасці, змена яе характару і характару дзейнасці настаўніка — ад рэпрадуктыўнай педагогікі да інтэрактыўнай. Педкалектыў гімназіі лічыць, што ўкараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў у адукацыйную практыку з’яўляецца эфектыўнай умовай і добрым сродкам вырашэння праблемы індывідуалізацыі.
Для эфектыўнай рэалізацыі праекта ва ўстанове былі створаны неабходныя ўмовы. Кадравае забеспячэнне сведчыць пра дастатковы ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі і педагагічнага майстэрства ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці: 83% настаўнікаў маюць вышэйшую і 17% — першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі рэгулярна павышаюць кваліфікацыю, з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій.

У гімназіі распрацавана праграма псіхолага-педагагічнага суправаджэння праекта, якім займаецца педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Л.Б.Качына. Псіхалагічная дыягностыка цьютарантаў ажыццяўляецца па запытах настаўнікаў і кіраўнікоў праекта. Гэтая інфармацыя пакладзена ў аснову пабудовы тэхналагічных карт гімназістаў па рэалізацыі індывідуальных траекторый развіцця пры вывучэнні прадметаў.
На працягу навучальнага года педагог-псіхолаг праводзіў індывідуальныя кансультацыі для цьютарантаў. Праходзілі псіхалагічныя трэнінгі з вучнямі (“Спосабы зняцця псіхаэмацыянальнага напружання”, “Ставім і дасягаем мэты”, “Пазнай самога сябе” і “Выбіраем прафесію”).
Праект унёс пэўныя змены ў існуючую метадычную работу. Так, быў створаны Савет цьютараў (кіраўнік — настаўнік інфарматыкі І.Н.Басін), які каардынуе інавацыйную дзейнасць у гімназіі. Вынікам работы гэтага метадычнага фарміравання стала распрацоўка індывідуальнай адукацыйнай праграмы цьютаранта, тэхналагічнай карты вучня па рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай траекторыі развіцця пры вывучэнні прадмета і партфоліа вучня-цьютаранта.

У мінулым навучальным годзе ў гімназіі дзейнічала часовая творчая група “Цьютар” (кіраўнік — настаўніца гісторыі Ю.У.Кузьмук), на пасяджэннях якой вывучаліся асновы тэхналогіі цьютарскага суправаджэння вучняў, методыкі складання асобасна-рэсурснай карты цьютаранта і правядзення цьютарыялаў. Удзельнікі групы сістэматызавалі тэарэтычны матэрыял па праблеме ўкаранення тэхналогіі цьютарскага суправаджэння вучняў у адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі блізкага і далёкага замежжа, выдалі “Метадычны веснік”, прысвечаны цьютарству, і пачалі фарміраваць банк метадычных распрацовак па ўкараненні мадэлі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў.
З мэтай павышэння метадычнага ўзроўню педагогаў, фарміравання і развіцця іх даследчай кампетэнцыі арганізавана работа пастаянна дзеючага семінара “Інавацыйная кампетэнтнасць педагога як сродак і ўмова эфектыўнай рэалізацыі інавацыйнага праекта”, у рамках якога ўжо адбыліся заняткі па тэмах “Цьютарства як тэхналогія індывідуальнага суправаджэння развіцця вучня” і “Даследчая работа як сродак павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”. Акрамя таго, у межах семінара прайшлі практычныя заняткі “Змест, формы і метады работы з адоранымі вучнямі”, праведзеныя дэканам псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна А.І.Мядзведскай.

Фарміраванню і развіццю прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці садзейнічаюць таксама школы педагагічнага майстэрства. Так, дзейнасць школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства (кіраўнік І.Н.Басін) накіравана на пашырэнне ведаў настаўнікаў па пытаннях работы са стандартнымі дадаткамі Microsoft Office і ў інтэрнэце, падрыхтоўку педагогаў да атрымання сертыфіката карыстальніка інфармацыйных тэхналогій.
Школа эфектыўнага педагагічнага вопыту (кіраўнік — настаўніца біялогіі Т.Л.Яфімава) садзейнічае фарміраванню навыкаў зносін і прэзентацыі інавацыйнага вопыту ўдзельнікаў праекта. Метадычны арсенал школы ўключае розныя формы работы: трэнінгі, майстар-класы, круглыя сталы і інш. У рамках работы гэтага метадычнага фарміравання адбыліся майстар-класы шэрага ўдзельнікаў праекта — настаўніцы англійскай мовы С.І.Кныш (“Развіццё творчага патэнцыялу адораных вучняў праз дадатковую адукацыю па замежнай мове”) і настаўніцы рускай мовы і літаратуры І.В.Васілюк (“Развіццё арфаграфічнай пісьменнасці вучняў на ўроках рускай мовы”).
Праект складаецца з некалькіх этапаў. На падрыхтоўчым этапе былі вывучаны пытанні тэорыі і практыкі ўкаранення тэхналогіі цьютарскага суправаджэння вучняў у іншых установах адукацыі, праведзена ацэнка неабходнага патэнцыялу і дадатковых рэсурсаў для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці. На праекціровачным этапе былі вызначаны змест і формы маніторынгу і ўнутрыгімназічнага кантролю, формы справаздачнасці, аналізу і афармлення атрыманых вынікаў. Правядзенне маніторынгавых даследаванняў на дыягнастычным этапе дазволіла выявіць гатоўнасць педагогаў да рэалізацыі праекта, вывучыць узровень іх кампетэнтнасці, вызначыць узроўні навучанасці, выхаванасці і асобаснага развіцця цьютарантаў, а таксама ступень зацікаўленасці бацькоў ва ўдзеле іх дзяцей у інавацыйным праекце.
Вынікі анкетавання педагогаў паказалі зацікаўленасць усіх іх ва ўдзеле ў праекце. Але 89% апытаных адчуваюць сябе цалкам не гатовымі да асваення новаўвядзенняў. Гэта патрабавала ўдасканалення іх прафесійнай кампетэнтнасці ў авалоданні існуючымі методыкамі і тэхналогіямі. Што тычыцца вучняў, то ў іх дыягнаставаны высокі і сярэдні ўзроўні пазнавальнай актыўнасці, а таксама належны ўзровень матывацыі да вучобы. Праведзеная работа дазволіла выпрацаваць план сумесных дзеянняў адміністрацыі і педагогаў па рэалізацыі праекта, распрацаваць рэкамендацыі, якія садзейнічаюць удасканаленню дзейнасці ўсіх удзельнікаў інавацыйнага праекта.
Навучанне ў гімназіі ажыццяўляецца па трох напрамках: філалагічным, фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічным. Важная роля адводзіцца пазаўрочнай дзейнасці (факультатыўныя і стымулюючыя заняткі, спартыўныя секцыі, аб’яднанні па інтарэсах, навуковае таварыства вучняў, алімпіядны рух, гімназічныя і міжнародныя праекты, турніры, інтэлектуальныя і творчыя конкурсы). На базе гімназіі працуюць міжшкольныя факультатывы па інфарматыцы і фізіцы. Акрамя таго, ва ўстанове створаны раённы рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў да Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Арганізавана навучанне гімназістаў у іншых рэсурсных цэнтрах, створаных ва ўстановах адукацыі Брэста. Вучні задзейнічаны ў сумесных міжнародных інтэрнэт-праектах са школьнікамі Японіі, Аргенціны, Тайваня, Расіі, Славеніі, ЗША, Германіі, Польшчы, Кітая і інш.

З мэтай пашырэння адукацыйнай прасторы развіваецца сацыяльнае партнёрства гімназіі з іншымі ўстановамі адукацыі. Наладжаны цесныя сувязі з ліцэямі і гімназіямі Брэста і Санкт-Пецярбурга (Расія), БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі і БДПУ імя Максіма Танка, а таксама школамі Англіі і Польшчы.
Важным напрамкам дзейнасці педкалектыву гімназіі ў рамках праекта з’яўляецца рэалізацыя індывідуальных адукацыйных траекторый развіцця вучняў 9—11 класаў на аснове мадэлі цьютарскага суправаджэння адораных дзяцей. Складанне індывідуальных адукацыйных планаў і праграм ажыццяўлялася з улікам наяўных рэсурсаў гімназічнага асяроддзя і сацыяльнага партнёрства ўстановы адукацыі, цеснага супрацоўніцтва цьютараў і цьютарантаў. Распрацаваныя індывідуальныя адукацыйныя планы ўключаюць інварыянтную (прадметы, якія вывучаюцца на базавым узроўні) і варыятыўную (прадметы, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, факультатыўныя і стымулюючыя заняткі) часткі. Вучні выбіраюць кампаненты вучэбнага плана зыходзячы з уласных адукацыйных патрэб і прафесійных перспектыў. На аснове індывідуальных адукацыйных планаў праектуюцца індывідуальныя адукацыйныя праграмы цьютарантаў і тэхналагічныя карты вучняў па рэалізацыі індывідуальных адукацыйных траекторый развіцця пры вывучэнні прадметаў.

Важным элементам сумеснай дзейнасці цьютараў і цьютарантаў з’яўляецца картаванне (работа з картай). Гэта сучасны дыдактычны сродак, які адлюстроўвае магчымыя напрамкі індывідуальнага адукацыйнага руху вучняў, адукацыйныя рэсурсы асяроддзя і інш. Гімназісты з педагогамі распрацавалі адукацыйныя асобасна-рэсурсныя карты, якія дазваляюць уявіць найбольш поўны спектр адукацыйных задач, магчымасцей і вектараў руху ў рамках асваення канкрэтнага прадмета.
Цьютарскае суправаджэнне адораных вучняў уключае розныя формы індывідуальнай і групавой работы. На занятках перавага аддаецца праблемным, даследчым і праектным метадам. Індывідуальныя заняткі праводзяцца ў форме кансультацый для вучняў, якія пры самастойным вывучэнні асобных тэм сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Падчас групавых заняткаў (цьютарыялаў) выкарыстоўваюцца такія актыўныя формы работы, як дыскусіі, дыялогі, трэнінгі, кансультацыі і дзелавыя навучальныя гульні.
У арганізацыі адукацыйнага працэсу з цьютарантамі значнае месца займае выкарыстанне эфектыўных тэхналогій і методык, якія развіваюць творчую і пошукавую актыўнасць вучняў (рознаўзроўневае, праблемнае і інтэграванае навучанне, праектная методыка, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, ІКТ, арт-тэхналогія, кейс-метад). Актыўна ўкараняецца дыстанцыйнае навучанне па інфарматыцы.
Для ажыццяўлення сацыяльных практык вучняў-цьютарантаў на працягу навучальнага года праводзіліся творчыя сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, арганізоўваліся адукацыйныя турыстычныя паездкі, паходы і экскурсіі на прадпрыемствы, праводзіліся прафарыентацыйныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі розных УВА.

Дасягненні цьютарантаў у розных галінах адукацыйнай дзейнасці зафіксаваны ў партфоліа, а вынікі дзейнасці цьютараў — у індывідуальных педагагічных дзённіках.
— Вынікі інавацыйнай дзейнасці за першы год радуюць, — адзначае Р.І.Гранічны. — Эфектыўнасць праекта вызначалася па 4 крытэрыях: “Здароўе”, “Выніковасць адукацыйнага працэсу”, “Прафесійнае майстэрства педагогаў” і “Інавацыйная культура адміністрацыі гімназіі”. Па кожным з іх дасягнуты станоўчыя зрухі. Так, у вучняў павялічыўся сярэдні бал па прадметах, істотна палепшылася выніковасць алімпіяднага руху і даследчай дзейнасці ў розных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Станоўчая дынаміка назіраецца і ў выніковасці ўдзелу ў творчых конкурсах. Шэраг гімназістаў адзначаны прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Павысіліся кваліфікацыя і майстэрства настаўнікаў-цьютараў. Многія педагогі адзначаюць станоўчыя змены ў авалоданні і прымяненні інтэрактыўных метадаў навучання. Большасць вучняў задаволены ўдзелам у праекце і лічаць дзейнасць у яго рамках цікавай. У многіх гімназістаў сфарміраваліся ўменні ў пабудове індывідуальнай адукацыйнай праграмы і развіліся навыкі самастойнай творчай работы.

Вызначаны актуальныя задачы на 2014/2015 навучальны год. Педагогі будуць удасканальваць развіццёвае адукацыйнае асяроддзе гімназіі праз удзел у новых адукацыйных і сацыяльных праектах, міжнароднае супрацоўніцтва. Працягнецца работа па далейшым павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз даследчую дзейнасць. Да работы з адоранымі вучнямі пры вывучэнні англійскай мовы, сусветнай гісторыі і біялогіі будуць прыцягвацца выкладчыкі УВА. Актывізуецца дзейнасць гімназіі па трансляцыі назапашанага інавацыйнага вопыту.
— Педкалектыў гімназіі лічыць, што ўкараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў з’яўляецца асновай фарміравання новай стратэгіі развіцця ўстановы, садзейнічае стварэнню аптымальных умоў для атрымання якаснай адукацыі, развіцця асобы дзяцей у адпаведнасці з іх індывідуальнымі патрэбамі і магчымасцямі, а таксама паспяховай сацыялізацыі вучняў, — падагульняе Р.І.Гранічны.

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.