У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў двухдзённы семінар-нарада па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2017/2018 навучальным годзе. На мерапрыемства былі запрошаны метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, настаўнікі-практыкі. У рамках прадметных секцый раскрыты асноўныя моманты работы з абноўленымі праграмамі, дадзены асобныя рэкамендацыі па кожным вучэбным прадмеце, акрэсены актуальныя ў новым навучальным годзе кірункі метадычнай работы з настаўнікамі.
Матывавана, кваліфікавана, дзейсна
Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай літаратуры ў новым навучальным годзе акрэсліла навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі І.А.Пінголь: “Галоўная мэта навучання беларускай літаратуры — гэта фарміраванне дзейснага чытача — асобы з высокім узроўнем чытацкай пісьменнасці і здольнасцямі да каштоўнасна-сэнсавага засваення твораў літаратуры як мастацтва слова. Сучасная літаратурная адукацыя заклікана выхаваць на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі чытача матываванага, на II ступені — кампетэнтнага, на III ступені — кваліфікаванага.
Новыя вучэбныя праграмы па прадмеце “Беларуская літаратура” пачалі ўкараняцца паэтапна, пачынаючы з 5 класа. Сёлета ў праграмы для 5—6 класаў унесены толькі ня-значныя карэкціроўкі. Да існуючых праграм новай лінейкі, якія грунтуюцца на прынцыпах кампетэнтнаснага падыходу і забяспечваюць адносную завершанасць зместу навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, у гэтым навучальным годзе дадаецца праграма для вучняў 7-х класаў. Для 8—11 класаў скарэкціраваны праграмы 2012 года, у якіх пэўны матэрыял зняты ці заменены”.
І.А.Пінголь як адна з распрацоўшчыкаў новых праграм спынілася на асноўных агульных зменах, якія адбыліся ва ўсіх вучэбных праграмах. Паводле яе слоў, сёлетнім вучням прапанаваны толькі два спісы літаратурных твораў — для чытання і вывучэння і для дадатковага чытання. Ранейшая рубрыка “Творы для чытання і абмеркавання” пераразмеркавана: ключавыя, знакавыя творы перанесены на тэкстуальнае вывучэнне, іншыя перанесены ў спіс для дадатковага чытання, а некаторыя зняты з праграмы. “Аповесць Я.Брыля “Сірочы хлеб”, якая вывучаецца ў 7 класе, перанесена ў спіс для дадатковага чытання, — растлумачыла аўтар праграмы. — Па-першае, поўны твор для вывучэння ў 7 класе занадта вялікі. Па-другое, ён цяжка ўспрымаецца падлеткамі, таму што не сінхранізаваны з вывучэннем прадмета “Гісторыя Беларусі”: да моманту знаёмства з творам школьнікі яшчэ не вывучаюць па гісторыі тэму “Заходняя Беларусь”. Настаўніку даводзілася большую частку ўрока тлумачыць гісторыю, а не займацца асэнсаваннем літаратурнага твора. Каб пазбегнуць гэтых цяжкасцей, было прынята рашэнне пакінуць для абавязковага вывучэння толькі ўрывак з высокім выхаваўчым патэнцыялам пад назвай “Урокі пані Мар’і”. Таксама з’явіліся творы, якія ўводзяць новую персаналію ці новую тэматычную накіраванасць: верш Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны”, апавяданне Уладзіміра Шыціка “Лісцік серабрыстай таполі” і інш.
Ва ўсёй лінейцы школьных праграм скарэкціраваны спісы твораў для завучвання на памяць. “Былі сітуацыі, калі настаўнікі, кіруючыся прыватнымі адукацыйнымі мэтамі, прапаноўвалі вучыць занадта вялікія па аб’ёме ўрыўкі на памяць або вершы, якія зусім не прадугледжаны вучэбнай праграмай. І гэтая быццам бы добрая справа з боку настаўніка прыводзіць да таго, што дзеці перагружаны дамашнімі заданнямі. З мэтай памяншэння нагрузкі на вучняў спісы былі канкрэтызаваны: дакладна названы вершы і ўрыўкі прозы для завучвання.
У той жа час мы прасачылі за тым, каб гэтыя творы вывучаліся раўнамерна на працягу ўсяго навучальнага года”, — расказала Інга Аляксееўна.
Таксама скарэкціраваны спісы для дадатковага чытання. Зусім зняты з праграмы творы, складаныя для вучнёўскага ўспрымання, або творы, якія не ў поўнай меры адпавядаюць задачам маральна-этычнага выхавання падрастаючага пакалення. Спецыяліст нагадала, што творы са спіса для дадатковага чытання былі надрукаваны ў серыі “Школьная бібліятэка”.
З гэтага навучальнага года аўтары праграм вылучылі гадзіны на ўрокі па творах для дадатковага чытання ў 9 і 10—11 класах базавага ўзроўню. Раней дадатковыя гадзіны прысутнічалі ў праграмах толькі да 8 класа.
Яшчэ адно новаўвядзенне сёлетняй праграмы — вылучэнне ў кожным класе рэзерву вучэбнага часу. “Гэтую рэзервовую гадзіну настаўнік можа выкарыстаць па сваім меркаванні, напрыклад, калі ўрок прападае. Таксама ва ўсіх класах прадугледжаны гадзіны для абагульнення і паўтарэння вывучанага за год. На ўроку-абагульненні мэтазгодна не толькі сістэматызаваць тыя веды, якія вучні атрымалі па прадмеце за год, але і даць навучэнцам спіс твораў для чытання летам, прарэкламаваўшы іх, — растлумачыла Інга Аляксееўна.
У кожным класе адбылося пэўнае скарачэнне аб’ёму вучэбнага матэрыялу, які прапануецца для абавязковага вывучэння. Такім чынам, аптымізаваны змест раздзелаў і тэм школьнай праграмы. “Раней руская і беларуская літаратуры былі адзінымі школьнымі прадметамі культуралагічнай падрыхтоўкі. Але зараз знаёмства з найвыдатнейшым старажытным помнікам сусветнай культуры Бібліяй адбываецца на вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”. Улічваючы міжпрадметныя сувязі, раздзел пра Біблію ў праграме па беларускай літаратуры зняты”, — прывяла прыклад Інга Аляксееўна.
Пачынаць вывучэнне беларускай літаратуры 7-класнікі будуць па падручніках 2010 года. Тэксты твораў, якія адсутнічаюць у старым вучэбным дапаможніку, і заданні да іх можна будзе спампаваць на нацыянальным адукацыйным партале. Плануецца, што новы вучэбны дапаможнік “Беларуская літаратура. 7 клас” М.А.Лазарука, Т.У.Логінавай, Г.А.Сухавай з’явіцца на партах школьнікаў праз два месяцы. “У аснову новага дапаможніка пакладзены варыянт, які зараз дзейнічае ў школе, — расказала начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі НІА Т.У.Логінава. — Але ўсе тэарэтычныя артыкулы скарочаны, спрошчаны і падзелены на падраздзелы, галоўнае ў іх выдзелена іншым колерам. Пасля тэарэтычных тэкстаў размешчаны шматлікія інтэрактыўныя, практыка-арыентаваныя, творчыя заданні і інш. У падручніка багаты навігацыйны апарат. Ёсць спасылкі на электронны адукацыйны рэсурс, змешчаны на нацыянальным адукацыйным партале, дзе размяшчаецца ўся дадатковая інфармацыя: кароткія біяграфічныя звесткі, выявы пісьменнікаў, ілюстрацыі, малюнкі і г.д. Выкарыстоўваецца і новы элемент — QR-код, які дае магчымасць атрымаць доступ да дадатковых матэрыялаў праз смартфон ці планшэт. Гэтыя новаўвядзенні дазваляюць дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць адукацыйны працэс.
Яшчэ адной асаблівасцю новага падручніка з’яўляецца тое, што асноўныя пытанні да тэксту размешчаны справа ад тэксту. На гэтыя пытанні трэба адказваць не адразу, а паўторна працуючы з тэкстам”.
На асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай мове спынілася загадчыца лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА Г.М.Валочка:
“У праграмах 5—11 класаў зменшана колькасць гадзін, адведзеных на навучальныя і кантрольныя пісьмовыя работы. У 5—9 класах зняты 1 кантрольны дыктант, у 10—11 класах (з вывучэннем мовы на павышаным узроўні) — 1 кантрольнае сачыненне. Адбылося змяншэнне і колькасці пісьмовых работ. Дарэчы, у мінулай вучэбнай праграме асобныя гадзіны былі выдзелены на аналіз пісьмовых работ. Цяпер ён будзе праводзіцца ў межах наступнага ўрока, а не асобным урокам”.
Яшчэ адно значнае змяненне ў новых праграмах — вылучэнне ў праграме 7 класа асобных раздзелаў “Маўленне”, “Тэкст”.
Таксама ў гэтым годзе ў 7 класе з’явіцца раздзел “Дзеяслоў”, які будзе вывучацца па падручніку 6 класа. У сваю чаргу, для вывучэння раздзела “Склад слова. Словаўтварэнне і арфаграфія” 6-класнікам прыйдзецца карыстацца вучэбнымі дапаможнікамі 5 класа. “Мы пастараліся адвесці на вывучэнне дзвюх гэтых тэм аднолькавую колькасць гадзін: пакуль 6 клас на пачатку года працуе з падручнікам 5 класа, у гэты ж час 7 клас працуе з падручнікам 6 класа. Плануецца, што такі абмен падручнікамі адбудзецца выключна ў межах установы адукацыі”, — расказала Г.М.Валочка.
Самая значная работа пры распрацоўцы праграм была накіравана на ўдакладненні фармулёўкі некаторых тэм. Так, тэма “Формаўтваральныя часціцы” будзе вывучацца ў час тэарэтычнага асэнсавання разрадаў часціц па значэнні. З назоўнікамі агульнага роду вучні практычна пазнаёмяцца і навучацца іх выкарыстоўваць у час вывучэння назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду.
Тэмы, якія не характэрны для беларускай мовы (“Кароткая форма прыметніка”), а таксама тэмы, якія дубліруюцца, выключаны з праграмы. Напрыклад, правапіс працяжніка будзе выключаны з праграмы 6 класа, паколькі ён вывучацца на ўроках сінтаксісу ў 5 і 8 класах.
Асобныя тэмы ў новай праграме пераведзены з узроўню тэарэтычнага асэнсавання на ўзровень практычнага прымянення (напрыклад, тэма “Стылістычныя магчымасці фанетыкі / лексікі і фразеалогіі” і інш). Такія змены маюць на ўвазе разгляд тэмы падчас выканання практыкаванняў, але асобны ўрок на такія тэмы не выдзяляецца.
У сваю чаргу, некаторыя тэмы, якія маюць тэарэтычнае значэнне і не ўплываюць на практычную маўленчую дзейнасць, з мэтай спрашчэння вучэбнага матэрыялу пераве-дзены на ўзровень азнаямлення. У прыватнасці, на ўзровень азнаямлення пераведзены складаны для засваення матэрыял пра віды аднасастаўных сказаў (8 клас) і тэма “Утва-ральная аснова” (6 клас). Кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці па гэтай тэме і іншых, пераведзеных на ўзровень азнаямлення, не ажыццяўляецца.
Гісторыя. Комплексны падыход
Падчас работы секцыі сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўства начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі С.А.Кудраўцава расказала, якіх змен чакаць у новых праграмах:
“У новых праграмах па прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” вызначаны патрабаванні да вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў па выніках вывучэння кожнага раздзела. Тое, што ў патрабаваннях не прапісана, настаўнік не мае права ўключаць у кантрольна-ацэначную дзейнасць навучэнцаў. Упершыню аптымізаваны пералік гістарычных дат і асоб, абавязковых для запамінання. Зразумела, іншыя даты і асобы ў курсе гісторыі таксама вывучаюцца, але ў кантроль не ўключаюцца. Вызначаны асноўныя віды вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, якімі рэкамендуецца карыстацца на ўроках. Настаўнік самастойна выбірае адпаведныя метады і прыёмы, зыходзячы з узроўню адукацыйнай падрыхтоўкі вучняў, узроставых пазнавальных магчымасцей, матывацыі да вывучэння прадмета і інш.”.
З мэтай ліквідацыі перагрузкі вучняў у новых вучэбных праграмах зменшана колькасць тэарэтычных пытанняў, а таксама выключана дубліраванне пытанняў, якія вывучаюцца ў розных раздзелах праграмы ці на іншых вучэбных прадметах, выключаны некаторыя агульныя тэмы і асобныя пытанні, некаторыя тэмы канкрэтызаваны, аб’яднаны, скарэкціраваны, зменшаны спіс абавязковых для запамінання паняццяў, з’явіліся гадзіны для практычных заняткаў, выніковага кантролю і правядзення ўрока па тэме “Наш край”.
Самае важнае пытанне, якое сёлета хвалюе настаўнікаў-гісторыкаў: паслядоўна ці паралельна выкладаць прадметы “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” ў сувязі з увядзеннем новых падручнікаў? Нагадаем, што летась у дадатковым інструктыўным пісьме Міністэрства адукацыі дазволіла варыянтнасць выкладання вучэбных прадметаў вызначаць настаўніку. Але ў новым навучальным годзе ў сувязі з пераходам на новыя вучэбныя дапаможнікі вывучаць прадметы гістарычнага комплексу ў 7 класе рэкамендуецца паслядоўна: на працягу першага паўгоддзя — сусветная гісторыя, у другім паўгоддзі — гісторыя Беларусі. Новы вучэбны дапаможнік “Сусветная гісторыя Новага часу, XVI—XVIII стст.” з’явіцца ў школах у верасні. Але ўжо зараз можна спампаваць яго арыгінал-макет з рабочымі гіперспасылкамі на нацыянальным адукацыйным партале. Таксама можна выкарыстоўваць для работы на ўроках вучэбны дапаможнік 2009 года за 8 клас. Дапаможнік “Гісторыя Беларусі, XVI—XVIII стст.” трапіць у навучальныя ўстановы напрыканцы 2017 года. Таксама да канца года плануецца выданне атласа і контурных карт па сусветнай гісторыі і па гісторыі Беларусі для 7 класа, атласа па гісторыі Беларусі для 11 класа, рабочых сшыткаў па гісторыі Беларусі і гісторыі Сярэдніх вякоў для 6 класа, а таксама рабочага сшытка па гісторыі Беларусі для 7 класа. Распрацаваны і рыхтуецца да выхаду вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў “Гісторыя Беларусі ў 7 класе”.
Член аўтарскага калектыву вучэбнага дапаможніка для навучэнцаў “Гісторыя Беларусі, 7 клас”, настаўнік-практык, настаўнік-метадыст В.В.Краўчанка, прэзентуючы новае выданне, звярнула ўвагу на тое, што многія заданні ў вучэбным дапаможніку распрацаваны пад адпаведны атлас, контурную карту і рабочы сшытак. Гэта зроблена для таго, каб педагогу было зручна карыстацца кампанентамі ВМК і не было гістарычных розначытанняў. Падручнік вылучаецца разнастайнасцю форм прадстаўлення гістарычнай інфармацыі (табліцы, схемы, карты, мноства ілюстрацый і г.д.), што вучыць школьнікаў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. У навігацыі дапаможніка выкарыстоўваюцца QR-коды.
Вучэбныя праграмы па грамадазнаўстве таксама абнавіліся. Пры гэтым у новым навучальным годзе будуць выкарыстоўвацца падручнікі 2009—2010 года выдання. У абноўленых праграмах вызначаны і прапісаны асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў па выніках вывучэння кожнага раздзела. Адбыліся і некаторыя змены тэматычнага зместу. Выключаны або скарочаны шэраг тэарэтычных пытанняў, у тым ліку тых, якія пераклікаюцца з іншымі школьнымі прадметамі. Разгрузка вучэбнай праграмы адбылася і за кошт таго, што з вывучэння выключаны матэрыял урокаў-практыкумаў. Асобныя тэмы пераструктураваны, па-дзелены на 2 гадзіны. У прыватнасці, тэма “Чалавек як асоба” (9 клас) вывучаецца 2 урокі: першы ўрок тэарэтычны, другі забяспечвае практычную скіраванасць тэмы. Не абышлося і без вылучэння новых тэм. Напрыклад, у курс 9 класа ўключана тэма “Асаблівасці зносін у інтэрнэце”. Матэрыял па тэме можна будзе спампаваць на нацыянальным адукацыйным партале. Менш за ўсё карэкцыя ахапіла праграмы 11 класа.
Метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі В.М.Варановіч пазнаёміла прысутных з актуальнымі кірункамі метадычнай работы з настаўнікамі на гэты навучальны год. Сярод іншага было прапанавана абмеркаваць рэалізацыю кампетэнтнаснага і дзейснага падыходаў у навучанні гісторыі, выкарыстанні актыўных і інтэрактыўных метадаў і прыёмаў навучання на ўроках гісторыі і г.д.
У аснове навучання — кампетэнтнасны падыход
— Удасканаленне вучэбных праграм па матэматыцы было абумоўлена неабходнасцю абнаўлення зместу, пераходам на профільнае навучанне на ІІІ ступені, нізкімі паказчыкамі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, неадпаведнасцю аб’ёму вучэбнага матэрыялу і вучэбнага часу на яго вывучэнне, наяўнасцю розніцы ў змесце па вучэбным прадмеце з аналагічным зместам суседніх краін. І самае галоўнае — неабходнасцю выкарыстання набытых ведаў і ўменняў у практычнай дзейнасці ў штодзённым жыцці, — адзначыла, адкрываючы пасяджэнне секцыі, загадчыца лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Н.У.Касцюковіч.
У праграме 5—7 класаў дэталізаваны і канкрэтызаваны ўсе тэмы, якія вывучаюцца, без павелічэння аб’ёму вучэбнага матэрыялу. Зроблены акцэнт на практычным выкарыстанні матэрыялу: табліцах, схемах для нагляднага прадстаўлення колькаснай інфармацыі, мадэляванні рэальных аб’ектаў, з’яў і працэсаў з дапамогай матэматычных мадэлей; рашэнні практыка-арыентаваных задач. Дадатковыя гадзіны, выдзеленыя па матэматыцы, настаўнікам прапаноўваецца выкарыстоўваць для фарміравання практычных навыкаў прымянення тэарэтычнага матэрыялу, рашэння задач на іх адпрацоўку, на фарміраванне прадметнай кампетэнцыі.
Для аптымізацыі вучэбнага працэсу праведзены пераносы некаторых тэм з класа ў клас, што дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць вучэбны час, улічваць узроставыя асаблівасці навучэнцаў пры вывучэнні складаных тэм, а таксама вылучыць час у кожным класе на комплекснае абагульненне і сістэматызацыю вывучанага матэрыялу. Так, напрыклад, у 5 класе тэма “Акружнасць” выключана і перанесена ў 6 клас, з тэмы “Наглядная геаметрыя” выключаны матэрыял “Сумежныя і вертыкальныя вуглы”, у тэму “Натуральныя лікі” дададзена для вывучэння прымета дзялімасці на 4. У 6 класе зменены парадак вывучэння тэмы “Працэнты і прапорцыі”, у гэтую тэму ўключаны матэрыял па тэме “Кругавыя дыяграмы”, дададзена тэма “Мноствы”. Геаметрычны матэрыял згрупаваны ў тэму “Наглядная геаметрыя”. Некаторыя змяненні адбыліся і ў праграме 7 класа: выключаны тэма “Рацыянальныя выразы”, матэрыял “Перпендыкуляр і нахіленая”; у тэму “Лінейныя ўраўненні. Лікавыя няроўнасці і іх уласцівасці. Лінейныя няроўнасці. “Лінейная функцыя” ўключаны “Графік лінейнай залежнасці”, “Паняцце функцыі”, “Спосабы задання функцыі”, “Графік функцыі”, “Лінейная функцыя і яе ўласцівасці” і г.д., дададзены тэмы “Лінейнае ўраўненне з дзвюма зменнымі (невядомымі)”, “Ступень з натуральным і цэлым паказчыкам”.
Матэрыял, адзначаны ў новай праграме зорачкай, прадугледжаны для самастойнага вывучэння навучэнцаў на добраахвотнай аснове ў межах пошукава-даследчай ці -праектнай дзейнасці, арганізаванай настаўнікам.
У аснове курса 8—9 класаў ляжыць праграма 2012 года, у якой змест прадмета структураваны па сямі асноўных змястоўных лініях. У новай рэдакцыі праграмы выдзелены два раздзелы: “Абавязковы змест адукацыі” і “Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў”.
Як адзначалася, на вывучэнне матэматыкі ў 7 класе адводзіцца 5 гадзін у тыдзень: 3 гадзіны на алгебраічны і 2 гадзіны на геаметрычны кампанент. На працягу навучальнага года ў 7 класе рэкамендуецца правесці 8 кантрольных работ: 4 па алгебры і 4 па геаметрыі. У 5—6, 8—9 класах колькасць кантрольных работ не змянілася.
На пытанне “Што вы больш любіце: рашаць прыклады ці рашаць задачы?” пераважная большасць школьнікаў адкажа, што аддасць перавагу прыкладам. Згадзіцеся, менавіта ўменне рашаць задачы робіць нас упэўненымі ў жыцці, дае магчымасць не разгубіцца ў нестандартнай сітуацыі і знайсці выйсце з яе. На фарміраванне ўмення думаць, прымяняць набытыя веды на практыцы накіраваны новыя вучэбныя дапаможнікі, якія падрыхтаваны да 2017/2018 навучальнага года: “Матэматыка” для 5 класа В.Д.Герасімава і інш., “Алгебра” для 7 класа І.Г.Арэф’евай, “Геаметрыя” для 7 класа В.У.Казакова. З імі прысутных пазнаёміла метадыст аддзела метадычнага забеспячэння прыродазнаўча-матэматычнай адукацыі НІА Т.А.Адамовіч.
Аб асаблівасцях работы з новым вучэбным дапаможнікам па матэматыцы для 5 класа расказала адзін з яго аўтараў — В.М.Пірутка. Паводле яе слоў, у аснову дапаможніка пакладзены кампетэнтнасны падыход (прадугледжвае не толькі фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў, але і спосабаў дзейнасці, якія дазваляюць рашаць задачы, адрозныя ад тых, на якіх фарміраваліся веды). Падручнік вылучаецца формамі прадстаўлення вучэбнага матэрыялу (табліцы, схемы і г.д.), бо прынцыпова важна навучыць вучняў працаваць з рознымі крыніцамі матэматычнай інфармацыі, рэалізацыяй навігацыйнай функцыі: наяўнасць спасылак на кампаненты ВМК па вучэбным прадмеце. У навігацыйным апараце дапаможніка выкарыстоўваюцца QR-коды, якія дазваляюць атрымаць доступ да ЭАР праз спецыяльны дадатак на планшэце або мабільным тэлефоне. Для зручнасці выкарыстання дапаможніка заданні, якія прызначаны для трэніроўкі, дасягнення аўтаматызму пры прымяненні новых правіл, пазначаны светлым блакітным фонам, больш яркі фон выкарыстоўваецца для задач, якія прадугледжваюць самастойны выбар некалькіх паслядоўных дзеянняў, самы яркі фон — для складаных заданняў, рашэнне якіх патрабуе дакладнага разумення і засваення папярэдняга матэрыялу як па тэорыі, так і па практыцы. Напрыканцы кожнай главы ёсць тэст для самаправеркі, цікавыя задачы для развіцця матэматычных здольнасцей і ўменняў прымяняць атрыманыя веды на практыцы, займальныя факты з гісторыі матэматыкі.
Да вучэбнага дапаможніка для 5 класа для настаўнікаў падрыхтаваны вучэбна-метадычны дапаможнік з паўрочным планаванннем і рэкамендацыямі, а таксама зборнік практыка-арыентаваных задач.
З асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу па інфарматыцы, з вучэбна-метадычным забеспячэннем па прадмеце ўдзельнікаў семінара пазнаёмілі галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі НІА В.У.Казачонак і метадыст аддзела метадычнага забеспячэння прыродазнаўча-матэматычнай адукацыі НІА Г.Г.Прадуха.
На семінары падкрэслівалася, што ў вучэбныя праграмы па інфарматыцы таксама ўнесены некаторыя змены. Так, напрыклад, у 7 класе змянілася паслядоўнасць вывучэння тэм: вывучэнне тэмы “Камп’ютарныя прэзентацыі” прадугледжана непасрэдна пасля тэмы “Стварэнне тэкставых дакументаў”. У праграму ўключаны тэмы “Камп’ютарныя прэзентацыі”, “Інтэрнэт і электронная пошта”, з тэмы “Асновы работы з камп’ютарам” выключаны агульныя тэарэтычныя звесткі аб файлавых менеджарах і сумесным выкарыстанні лічбавых прылад і камп’ютара, унесены змяненні ў патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па тэме “Алгарытмы і выканаўцы”.
У 10 класе на базавым узроўні выключана тэма “Архіваванне файлаў. Стварэнне архіўных файлаў. Выманне файлаў з архіва”, у змест тэмы “Апаратнае і праграмнае забеспячэнне камп’ютара дададзена пытанне “Архіваванне даных”; з тэмы “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання выключана пытанне “Аперацыі і стандартныя працэдуры для работы са знакавымі велічынямі”.
У новым навучальным годзе будзе выкарыстоўвацца новы вучэбны дапаможнік “Інфарматыка. 7 клас” У.М.Котава і інш. На нацыянальным адукацыйным партале будзе размешчаны таксама новы электронны дадатак, які па структуры адпавядае вучэбнаму дапаможніку і змяшчае спасылкі на дадатковыя матэрыялы. Да паступлення дапаможніка ў школы (плануецца, што ў лістападзе ім ужо можна будзе карыстацца) настаўнікам можна прымяняць матэрыялы арыгінал-макета, размешчанага на нацыянальным адукацыйным партале.
Як расказала адзін з аўтараў новага вучэбнага дапаможніка А.М.Вайцяховіч, выданне будзе адрознівацца сваім навігацыйным апаратам, разнастайнасцю заданняў, асяроддзем праграмавання Pascal ABC.net, выкарыстаннем новага вектарнага графічнага рэдактара Inkscape. Апошнім, дарэчы, можна карыстацца бясплатна, ён мае ўбудаваны падручнік на рускай мове, зручны інтэрфейс.
Начальнік упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій НІА І.Л.Харэвіч пазнаёміла прысутных з магчымасцямі нацыянальнага адукацыйнага партала, які ствараўся як кропка доступу да інфармацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Менавіта на партале можна знайсці ўсю патрэбную інфармацыю да новага навучальнага года, спампаваць электронныя версіі падручнікаў.
У адзінстве зместу і формы
Аб вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу па фізіцы і астраноміі ў новым навучальным годзе расказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі НІА Л.А.Ісачанкава. Яна падкрэсліла, што выкладанне фізікі будзе весціся па абноўленых вучэбных праграмах. У вучэбныя праграмы ўнесены шэраг змен. Так, у 7 класе выключана вывучэнне простых механізмаў, рычагоў, блокаў, умоў раўнавагі, простых механізмаў у тэхніцы і штодзённым жыцці, закона роўнасці работ для простых механізмаў, дзеяння вадкасці і газу на апушчаныя ў іх целы, закона Архімеда, умоў плавання цел, плавання суднаў, паветраплавання. Выключаны лабараторныя работы “Праверка ўмовы раўнавагі рычага”, “Вывучэнне нерухомага і рухомага блокаў”, “Вывучэнне нахільнай плоскасці і вызначэнне яе ККД”, “Вывучэнне выштурхваючай сілы”. Сярод уключаных для вывучэння — “Фізіка — навука пра прыроду”, “Сувязь фізікі з іншымі навукамі”, “Фізіка і тэхніка”, “Метады даследавання ў фізіцы”, “Міжнародная сістэма адзінак”, “Дзеянні над фізічнымі велічынямі”, “Прамыя і ўскосныя вымярэнні фізічных велічынь” і г.д. У праграму ўключаны таксама лабараторныя работы “Вызначэнне цаны дзялення шкалы вымяральнага прыбора”, “Вымярэнне даўжыні”, “Вымярэнне аб’ёму”, “Вымярэнне шчыльнасці рэчыва”. У 8 класе цеплавое і магнітнае дзеянне электрычнага току разглядаюцца ў адпаведных тэмах раздзела “Электрамагнітныя з’явы”. А вось хімічнае дзеянне электрычнага току не вывучаецца.
Л.А.Ісачанкава прадставіла і свой новы вучэбны дапаможнік “Фізіка. 7 клас”, які напісаны ў суаўтарстве з Ю.Д.Ляшчынскім. Выданне добра ілюстравана, у ім многа беларускай тэматыкі, на форзацах — адзінкі вымярэння ў сістэме СІ і вядомыя вучоныя-фізікі свету. Кожная глава дапаможніка пачынаецца з ілюстраванай старонкі, на якой прыведзены пытанні, што ў ёй вывучаюцца. У тэксце некаторых параграфаў змешчаны пытанні і заданні, якія аўтары не рэкамендуюць пакідаць без увагі і адказу. Галоўныя высновы вызначаюць асноўнае ў змесце параграфа. Для праверкі разумення матэрыялу прадугледжаны кантрольныя пытанні. Напрыканцы некаторых параграфаў ёсць матэрыял для цікаўных. Дапаможнік насычаны шматлікімі практыка-арыентаванымі задачамі, заданнямі на развіццё ў вучняў творчага падыходу, спасылкамі на электронныя адукацыйныя рэсурсы і інтэрактыўныя мадэлі, размешчаныя на e-vedy.adu.by. Гэтыя спасылкі дазваляюць дыферэнцыраваць і індувідуалізаваць адукацыйны працэс, арганізаваць работу з вучнямі з розным узроўнем падрыхтоўкі. Настаўнік мае магчымасць выбару творчых заданняў, якія найбольш адпавядаюць пазнавальным асаблівасцям школьнікаў.
Удзельнікі мерапрыемства адобрылі распрацоўку электроннага адукацыйнага рэсурсу, які задумваўся яго аўтарамі як дапаўненне да новага падручніка фізікі. Ён крыху пашырае матэрыял, сістэматызуе і схематызуе яго асобныя моманты. На сёння дасканала прапрацавана глава “Фізічныя метады пазнання прыроды”. Рэсурс дапаможа настаўніку, асабліва маладому спецыялісту, якасна падрыхтавацца да ўрока, ён будзе таксама карысным і для самастойнай работы вучняў. Пакуль рэсурс неінтэрактыўны, але ў перспектыве яго плануецца зрабіць менавіта такім. Карыстацца ім можна будзе з любога электроннага носьбіта.
Аўтар вучэбных дапаможнікаў для старшых класаў загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Л.Р.Марковіч расказаў аб зменах у вучэбнай праграме для 10—11 класаў. Так, у 10 класе (базавы ўзровень) з тэмы “Асновы малекулярна-кінетычнай тэорыі” выключана франтальная лабараторная работа “Вымярэнне паверхневага нацяжэння”, уведзена лабараторная работа “Вымярэнне адноснай і абсалютнай вільготнасці паветра”. У тэме “Асновы тэрмадынамікі не вывучаецца адыябатны працэс, з тэмы “Электрастатыка” выключана вывучэнне праваднікоў у электрастатычным полі, дыэлектрыкаў у электрастатычным полі, дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. З тэмы “Магнітнае поле. Электрамагнітная індукцыі” выключана вывучэнне віхравога электрычнага поля, а з тэмы “Электрычны ток у розных асяроддзях” — залежнасці супраціўлення металаў ад тэмпературы, самастойнага і несамастойнага разрадаў, электронна-дзірачнага пераходу. Шэраг змен тычацца і праграмы 11 класа базавага і павышанага ўзроўняў.
Як адзначалася, да 2017/2018 навучальнага года выдадзена прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне “Фізіка. Астраномія. 7—11 класы”. Дамашнія заданні ў ім носяць прыкладны характар. Акрамя таго, унутры канкрэтнай тэмы настаўнік можа ўнесці ў каляндарна-тэматычнае планаванне некаторыя змены (у залежнасці ад узроўню класа, асаблівасцей дзяцей і г.д.) і зацвердзіць КТП у дырэктара.
Увага ўдзельнікаў нарады была звернута на тое, што асноўная функцыя дамашняга задання — замацаванне ведаў і ўменняў. З мэтай папярэджання перагрузкі вучняў пры выкананні дамашняга задання неабходна строга сачыць за яго аб’ёмам. Выкананне вучнямі дамашніх заданняў па ўсіх прадметах у 7—8 класах павінна доўжыцца не больш як 2,5 гадзіны, у 9—11 — не больш за 3 гадзіны.
Намеснік начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі К.А.Пятроў інфармаваў прысутных аб актуальных напрамках метадычнай работы з настаўнікамі ў новым навучальным годзе. Так, сярод тэм, якія было прапанавана разгледзець, — сучасныя падыходы да навучання рашэнню фізічных задач, шляхі фарміравання вучэбна-пазнавальных і эксперыментальна-даследчых кампетэнцый у навучэнцаў, удасканаленне сістэмы кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па фізіцы і карэкцыі ведаў і інш. Педагогі ўнеслі прапанову наконт правядзення вэбінараў па найбольш актуальных і хвалюючых пытаннях. Дарэчы, на сайце АПА будуць размешчаны метадычныя рэкамендацыі па правядзенні заняткаў метадычных аб’яднанняў настаўнікаў у новым навучальным годзе.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега Ігнатовіча.