Дзякуючы ініцыятыве Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, у Беларусі распрацоўваецца і апрабуецца рэгіянальная інавацыйная мадэль мабільнай работы з моладдзю па папярэджанні залежнасцей. У яе аснове — вопыт Германіі. Апрабацыя інавацыйнай мадэлі мабільнай работы з моладдзю для прафілактыкі дэвіянтных паводзін рэалізуецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра і нямецкага партнёра інстытута — Міжнароднай арганізацыі па мабільнай рабоце з моладдзю са Штутгарта (ФРГ).
Арыентуючыся на вопыт Германіі
Першы этап нямецка-беларускага праекта стартаваў яшчэ летам, калі ў нямецкім Штутгарце праходзіла навучанне па арганізацыі мабільнай работы для беларускай групы, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” і “Светач” Мінска, сярэдніх школ Мінска, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўлення адукацыі, спорту і турызму Партызанскага раёна Мінска, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА і інш.
Беларусаў гэтая тэма вельмі зацікавіла, таму напрыканцы кастрычніка ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі была рэалізавана адукацыйная праграма “Мабільная работа з моладдзю, якая мае розныя віды залежнасцей, праблемы сацыялізацыі ў грамадстве”, у межах якой прайшоў семінар “Мабільная работа з моладдзю: уводзіны — асновы — вулічная работа” з удзелам нямецкіх экспертаў Інгрыд Шольц і Вольгі Рэнш-Ветцэль. Слухачамі курсаў і ўдзельнікамі семінара сталі больш за 100 чалавек: педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, эксперты і мультыплікатары з сістэмы аховы здароўя, грамадскіх арганізацый, аддзелаў і ўпраўленняў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, упраўлення адукацыі Партызанскага раёна сталіцы і інш.
Добраахвотнасць і канфідэнцыяльнасць — галоўнае ў мабільнай рабоце
Як паведаміла Інгрыд Шольц, дырэктар міжнароднай арганізацыі па мабільнай рабоце з моладдзю, у кастрычніку сістэма мабільнай работы з моладдзю Германіі адзначыла 50-годдзе, але актуальнасць яе толькі ўзрастае. Яе мэта — дапамагчы людзям, якія выбралі вуліцу і, як вынік, прагульваюць школу, маюць розныя залежнасці і інш. Для іх будуюцца офісы (ці пункты, цэнтры) мабільнай работы, у якіх маладыя людзі пад наглядам дарослых могуць праводзіць свой вольны ад вучобы і работы час.
Юныя немцы вельмі ахвотна ідуць у такія офісы. Напрыклад, толькі ў Зямлі Бадэн — Вюртэнберг іх дзейнічае 50, з іх 17 — у Штутгарце, там працуюць 220 супрацоўнікаў мабільнай работы, і штогод яны аказваюць мабільную дапамогу больш як 20 тысячам маладых людзей. Такая папулярнасць тлумачыцца і тым, што інфармацыя пра адрасы офісаў, іх педагогаў, нумары іх тэлефонаў адкрытая: яна размяшчаецца ў сацсетках, у школах, каля магазінаў, на прыпынках, яе ведаюць дзеці, бацькі, жыхары раёна.
У пункт можа прыйсці кожны. Тут для яго заўсёды будуць прадметы асабістай гігіены, мінімальны набор прадуктаў для перакусу, магчымасць адпачыць. Да іх паслуг псіхолагі, юрысты і іншыя спецыялісты. Чым заняцца ў вольны час, маладыя людзі вырашаюць самі. Галоўнае, каб гэта не супярэчыла закону. Так, часта ладзяцца дыскатэкі ці вечарыны пэўнага танцавальнага стылю, напрыклад, хіп-хопа ці брэйк-данса. Вельмі папулярныя ў моладзі начныя паходы ў лес, сумесныя вечарыны каля вогнішча. Усе пункты мабільнай работы з моладдзю паміж сабой звязаны, узаемадзейнічаюць, і калі ёсць прапанова пайсці некуды, арганізаваць сумесныя мерапрыемствы, то звычайна запрашаюць далучыцца калег з іншых пунктаў.
Частку сродкаў на функцыянаванне такіх пунктаў даюць спонсары, а калі неабходна больш, скажам, купіць прадукты для барбекю-вечарыны, маладыя людзі могуць зарабіць грошы самі. Педагогі ім падказваюць як — у асноўным гэта працоўныя акцыі, напрыклад, будаўніцтва агароджы ў дзіцячым садзе ці афарбоўванне сцен у іх офісе.
Але пры гэтым існуюць строгія правілы, за парушэнні якіх дзейнічаюць санкцыі аж да страты права на наведванне офіса. Калі ты ў яго сценах абражаеш іншых ці, скажам, распіваеш спіртныя напіткі, то цябе больш сюды не пусцяць, пакуль ты не рэабілітуешся. І моладзь стараецца не парушаць правілы.
“Наша мэта — падвесці маладых людзей да выканання строгіх правіл, выпрацаваць звычку думаць, перш чым рабіць. Напрыклад, курыць у памяшканнях забаронена, але звонку ёсць спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы, — тлумачыць Інгрыд Шольц. — Не менш важна для іх і тое, што тут можна даверыцца педагогу, паспрабаваць вырашыць свае праблемы і не баяцца аказацца ў паліцыі — педагог ніколі не агучыць інфармацыю, якую яму даверылі маладыя людзі. Але кантакт у педагогаў з паліцыяй устаноўлены (часта маладыя людзі ў мінулым мелі праблемы з законам): сёння паліцэйскі, калі бачыць нейкую праблему (не крымінал), нешта яму кідаецца ў вочы, дае сігнал супрацоўніку мабільнай работы, каб той звярнуў на гэта ўвагу і высветліў, у чым справа”.
“Так, калі работнік ведае, што дзіця ўжывае наркотыкі, ён нікому пра гэта не раскажа, інакш ён страціць давер маладых людзей, і ўсе намаганні будуць дарэмнымі. Яго задача — не прымусіць, не зганьбіць, не паставіць на ўлік, а дапамагчы, пераканаць, максімальна паспрыяць таму, каб дзіця само захацела пазбавіцца ад сваёй залежнасці. Калі неабходна дапамога спецыяліста, супрацоўнік мабільнай работы гэтаму паспрыяе, — дзеліцца ўбачаным у Штутгарце прарэктар МГІРА Аксана Уладзіміраўна Талкачова. — Цікава і тое, што супрацоўнікі мабільнай работы імкнуцца пасябраваць з маладымі жыхарамі замацаванага за ім раёна задоўга да магчымых праблем — пачынаючы ад 6—7-гадовых дзяцей, тлумачачы гэта тым, што, калі пазнаёміцца з імі цяпер, дзеці будуць давяраць супрацоўніку. А калі праблемы і з’явяцца, дзеці ўжо будуць ведаць, што ён ім акажа дапамогу. Так, галоўнае адрозненне работы нямецкіх спецыялістаў — яны не сядзяць на сваіх рабочых месцах і не чакаюць, што да іх прывядуць нядобранадзейных падлеткаў педагогі ці бацькі, а самі ідуць на кантакт, прычым загадзя, калі праблем яшчэ няма”.
Адаптаваць замежную мадэль да беларускай рэчаіснасці
Абгрунтоўваючы павышаную ўвагу да нямецкага вопыту, рэктар МГІРА Таццяна Іванаўна Мароз гаворыць: “Работа з моладдзю, схільнай да правапарушэнняў, праводзіцца і ў нашай краіне рознымі ведамствамі праз разнастайныя мерапрыемствы, якія дазваляюць не толькі выявіць праблемныя зоны, але і на пэўным этапе правесці папярэднюю работу па прафілактыцы негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. Але тым не менш праблемы ўзнікаюць і нікуды не знікаюць. Гэта праблема ўжывання псіхатропных рэчываў (лічбы залежных змяншаюцца, але праблема ўсё роўна актуальная), маладзёжных суіцыдаў, праблема залежнасці ад сацыяльных сетак і інтэрнэту, праблема булінгу ў інтэрнэце і інш. Бацькі часта вельмі занятыя, ім не хапае часу на зносіны з сынам ці дачкой, ды і сённяшнія маладыя бацькі самі выраслі залежнымі ад сацыяльных сетак, ад зносін у інтэрнэце, ад тэхнічных гаджэтаў і гэтую мадэль узаемаадносін нясуць сваім дзецям.
У нас вельмі шмат арганізацый, дзяржаўных і недзяржаўных, якія працуюць з моладдзю, але не заўсёды малады чалавек пойдзе са сваёй праблемай, пытаннямі, якія яго хвалююць, у гэтыя арганізацыі. І калі негатыўныя з’явы цалкам не знікаюць, існуюць, пэўным чынам мадэрнізуюцца, значыць, мадэль у поўнай меры не спрацоўвае. Нам трэба шукаць розныя варыянты, якія дапамаглі б выбудаваць іншыя, больш даверлівыя ўзаемаадносіны, у прыватнасці, нефармальныя.
Мы хацелі вывучыць нямецкі вопыт нефармальных зносін, работы з моладдзю на вуліцы і работы педагога, які з’яўляецца сябрам маладым людзям, тым чалавекам, каму давяраюць, да каго могуць прыйсці і вырашыць праблему беспрацоўя, напісаўшы рэзюмэ, атрымаць кансультацыю юрыста, параду псіхолага ў дачыненні ўзаемаадносін з каханай дзяўчынай, з бацькамі, з сябрамі. Цікавая ідэя і магчымасці прыйсці і з сябрамі заняцца спортам, проста пагуляць у більярд, разам напісаць музыку, памаляваць не пад кіраўніцтвам прафесіяналаў, а самастойна, бо ніхто тут не ставіць мэту падрыхтаваць лаўрэата конкурсу, галоўнае — даць магчымасць падлеткам правесці час у сваёй кампаніі ці, скажам, падрыхтавацца да святочнага вечара ў школе.
Мы не гаворым, што гэтую мадэль можна ўзяць і цалкам прымяніць. Мы хочам паглядзець, наколькі сацыяльны педагог школы ведае мікрараён, у якім знаходзіцца школа, з якой катэгорыяй дзяцей і моладзі працуюць цэнтры дадатковай адукацыі, бо найчасцей — з дзецьмі з добранадзейных сем’яў, якія прыходзяць да іх у гурткі, а астатнія застаюцца па-за ўвагай. Падчас нашых семінараў мы сустрэліся з прадстаўнікамі розных службаў — інспекцыі па справах непаўналетніх, цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, пачулі вопыт сацыяльна-педагагічнага цэнтра Першамайскага раёна.
Мы хочам убачыць функцыянал кожнай структуры і параўнаць з тым, што маюць спецыялісты па мабільнай рабоце з моладдзю, і прапанаваць свой варыянт выкарыстання гэтай мадэлі. Нам ён першапачаткова бачыўся ў спалучэнні работы ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мікрараёна, інспекцыі па справах непаўналетніх і сацыяльнага педагога ў школах — тых спецыялістаў, якія ведаюць праблемы падлеткаў у раёне кожны са свайго боку”.
Па словах Таццяны Іванаўны, калі мець на ўвазе айчынны вопыт у гэтым кірунку, крыніц нефармальных зносін не так многа, але зрухі ўжо ёсць. У першую чаргу, гэта пляцоўка для варкаўта, якая была адкрыта ў верасні ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна сталіцы, дзе дзеці і моладзь збіраюцца і пад кіраўніцтвам трэнераў займаюцца фізічнай падрыхтоўкай. Пляцоўка стала першым штуршком, які дазваляе ўпэўніцца, што можна арганізаваць вольны час і з тымі, хто аддае перавагу не гурткам і студыям, а вуліцы. У найбліжэйшы час тут паспрабуюць прымяніць і пераняты ў Германіі вопыт па стварэнні пунктаў па мабільнай рабоце. Месцам заняткаў клуба моладзі стане адно з памяшканняў Цэнтра “Вікторыя”, які знаходзіцца на першым паверсе жылога дома.
“Там змогуць збірацца маладыя людзі і абмяркоўваць фільмы, свае справы, падзеі з жыцця, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Зносіны ж бываюць розныя, і неабавязкова аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы: сябраваць могуць і дзеці, якія вучацца ў розных школах, але сабрацца няма дзе, бацькі не дазваляюць збіраць дома вялікія кампаніі. Мы спрабуем інтэрпрэтаваць гэтую мадэль, аб’ядноўваючы намаганні розных структур, каб усё не зводзілася толькі да пэўнага пераліку мерапрыемстваў па плане, а каб можна было сапраўды адшурхоўвацца ад патрэб моладзі ў зносінах, ад выбранага імі фармату правядзення вольнага часу. Мы пастараемся ўзяць з нямецкага вопыту самае каштоўнае і паспрабаваць адаптаваць у нашым асяроддзі”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Інгрыд ШОЛЬЦ.