Кропкі судакранання: практыка ў Беларусі

- 9:20Якасць адукацыі

Студэнты і выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава ў рамках практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы турызму і гасціннасці 8—17 чэрвеня азнаёміліся са знакавымі аб’ектамі нашай краіны і сустрэліся з калегамі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Арганізатарам азнаямленчага туру выступіла турыстычная фірма “Ілва” — адзін з вядучых тураператараў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі геаграфічнага факультэта вядучай установы вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі наведалі памятныя мясціны і значныя экскурсійныя аб’екты Мінска, Віцебска і Полацка, а таксама Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Музей-сядзібу І.Я.Рэпіна ў Здраўнёве і Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр. У Нацыянальным агенцтве па турызме дэлегацыя МДУ прыняла ўдзел у круглым стале “Асноўныя тэндэнцыі развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь”. Запамінальнай і насычанай атрымалася паездка ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, дзе гасцям прэзентавалі турыстычныя магчымасці аб’екта ў Доме экалагічнай асветы і экалагічныя заняткі “Урок у зялёным класе”, запрасілі выказаць меркаванні па арганізацыі экалагічнага турызму ў фармаце круглага стала і арганізавалі аднадзённы паход на байдарках па водным маршруце “Сакрэты запаведных азёр”. У Віцебску на базе турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” адбыўся семінар “Інавацыйныя прыёмы і формы работы турыстычнага прадпрыемства. Сацыяльнае партнёрства як умова эфектыўнай рэалізацыі культурна-адукацыйных праектаў”. Яркай заключнай старонкай летняй практыкі стала наведванне Полацка. Пасля знаёмства з горадам расіяне накіраваліся ў ПДУ. Тут праграма практыкі прадугледжвала міні-экскурсію па будынку і тэрыторыі Полацкага езуіцкага калегіума XVIII стагоддзя “Універсітэцкі дворык” з аглядам музычнага гадзінніка з акадэмічнай шэсцем, старадаўняга калодзежа XVIII стагоддзя і арт-галерэі, а ў працяг — экскурсія-анімацыя “Размова з механічнай галавой” (рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера “Механічная галава”), прэзентацыю дзейнасці турцэнтра ўніверсітэта і сустрэчу за круглым сталом. Удзельнікі расійскай дэлегацыі пад кіраўніцтвам члена Праўлення Расійскага саюза туріндустрыі Кірыла Кружаліна разам з намеснікам дырэктара турыстычнай фірмы “Ілва” Аленай Паднябеснавай і беларускімі калегамі з ПДУ на чале з дэканам гуманітарнага факультэта Аляксандрам Кірыенкам, загадчыкам кафедры гісторыі і турызму Алесяй Корсак і кіраўніком турыстычнага цэнтра Аляксандрам Барысевічам абмяняліся вопытам работы, абмеркавалі шэраг надзённых праблем галіны. У размове закраналіся перспектывы ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі па розных напрамках, падрыхтоўка кадраў і развіццё новых міждысцыплінарных праграм, спецыфіка адукацыйнага і ўнутранага турызму, адаптацыя турпрадуктаў пад кавідныя абмежаванні. 

— Наша турыстычная кампанія працуе на рынку з 1992 года і амаль ад пачатку сваёй дзейнасці з’яўляецца актыўным членам Расійскага саюза турыстычнай індустрыі, — адзначыла Алена Паднябеснава. — У прыватнасці, гэтае супрацоўніцтва значна пашырае магчымасці ўдзелу ў адукацыйных праектах і праграмах. Для нас важна, што ў азнаямленчым туры прынялі ўдзел студэнты, якія набываюць спецыяльнасці, запатрабаваныя ў турыстычнай галіне. Больш за тое, яны займаюцца на кафедры рэкрэацыйнай геаграфіі і турызму, дзе рыхтуюць не проста менеджараў і прадаўцоў, а кіраўнікоў у сферы турызму. Сустрэча з выкладчыкамі МДУ была яшчэ больш значнай у тым плане, што мы вынікова су­працоўнічаем па пытаннях падрыхтоўкі турыстычных кадраў з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава і на працягу шэрага гадоў заўсёды з велізарным задавальненнем прымаем на практыку іх студэнтаў. Дарэчы, у цэлым каля дзесяці студэнтаў-практыкантаў потым запрасілі ў калектыў, яны сталі нашымі штатнымі супрацоўнікамі. З гэтай сустрэчы мы вынеслі для сябе многа цікавых момантаў. Найперш хачу сказаць, што турызм перажывае, безумоўна, не лепшы час. Крызіс, які склаўся ў галіне, абумоўлены найперш пандэміяй, ён выявіў шэраг праблем. Напрыклад, для нас вельмі актуальная праблема адсутнасці спецыялістаў у галіне права для сферы турызму. У МДУ на працягу ўжо некалькіх гадоў падрыхтоўка такіх спецыялістаў ажыццяўляецца. Спадзяюся, што аналагічныя праграмы з’явяцца і на айчыннай адукацыйнай прасторы. Падобныя туры якраз і дапамагаюць ажывіць кантакты паміж установамі вышэйшай адукацыі, знайсці пункты судакранання. Мне здаецца, гэта найбольш удалы прыклад з’яднання нашага практычнага запыту як заказчыкаў з тымі рэаліямі, якія на сённяшні дзень існуюць як практыка ў сусе­дзяў. Вопыт каштоўны і перспектыўны для далейшай трансляцыі і ўкаранення.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена турыстычнай фірмай “Ілва”.