Круціцца кола часу

- 9:45Людзі адукацыі

Кола часу вёскі Ракітніцы, што ў Жабінкаўскім раёне, круціцца не адно стагоддзе. Тысячы вёрст і дзясяткі эпох пераадолела гэтае незвычайнае кола, ехала па каляінах і выбоінах, кацілася па роўнай і шырокай дарозе. Сёння яго шлях працягваецца, кола часу круціцца. І круціць кола, стварае летапіс невялікай вёскі з багатым мінулым кіраўнік краязнаўчага музея “Спадчына” Ракітніцкай сярэдняй школы Сяргей Пятровіч Алехнік.

Для Сяргея Пятровіча кола часу не толькі вобразнае паняцце. Сапраўдныя колы (масіўныя, драўляныя), зробленыя ракітніцкімі майстрамі ў пачатку мінулага стагоддзя і дастаўленыя педагогам у пачатку ХХІ стагоддзя ў фонды школьнага музея, — адны з самых адметных і самых вялікіх экспанатаў. Як і належыць законам фізікі, гэтыя колы круцяцца. Як і належыць законам музейнай педагогікі, яны здзіўляюць наведвальнікаў, прымушаюць зацікавіцца побытам продкаў.

Кола настаўніцкага і краязнаўчага жыцця Сяргея Пятровіча круціцца 25 гадоў, з таго часу, як пасля заканчэння ў 1992 годзе факультэта прыродазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ён пачаў працаваць у Ракітніцкай сярэдняй школе настаўнікам геаграфіі і біялогіі. “Геаграфія і біялогія цесна звязаны з краязнаўствам. Напрыклад, у курсе геаграфіі за 10 клас вывучаецца шмат практычнага краязнаўчага матэрыялу. Вынікам нашай з вучнямі і калегамі краязнаўчай работы стала стварэнне краязнаўчага музея, а дакладней, новай экспазіцыі, таму што першапачаткова музей дзейнічаў у старым будынку школы. У савецкі час пошукавая работа актыўна вялася пад кіраўніцтвам Мікалая Сямёнавіча Міцковіча. Настаўнікі і вучні перапісваліся з франтавікамі, партызанамі, военачальнікамі. Пры адкрыцці новага будынка школы ў 1996 годзе на базе ўстановы адукацыі планавалася стварэнне раённага экалагічнага музея. Аднак толькі ў 2002 годзе гэтая справа была завершана. Музей, праўда, не мае афіцыйнага статусу “раённы”, ды і напрамак не экалагічны, а краязнаўчы. Тым не менш прадстаўленыя ў ім экспанаты сабраны з розных куточкаў раёна і расказваюць у тым ліку пра прыродныя адметнасці краю”, — паведаміў Сяргей Пятровіч.

Хоць Жабінкаўскі раён і самы маленькі ў Беларусі, аднак у гістарычным плане — адзін з самых багатых. І гэта нядзіўна, бо праз яго тэрыторыю пралягае шлях Брэст — Масква, а значыць, праязджалі купцы, князі і імператары, пракатваліся вогненным колам і шматлікія войны. Славіцца гэты край не толькі гісторыяй, але і прыроднымі аб’ектамі, напрыклад, магутнымі пятровіцкімі дубамі, якім не адно стагоддзе, а таксама заказнікам “Непакойчыцы”. Адным словам, ёсць што даследаваць і ёсць дзе даследаваць. Адсюль і вынікі. Асноўны фонд краязнаўчага музея “Спадчына” Ракітніцкай сярэдняй школы налічвае 300 экспанатаў. Асабліва шчодрай, акрамя Ракітніцы, на прадметы даўніны з’яўляецца вёска Булькова.

— На тэрыторыі вёскі знаходзіцца Свята-Успенская царква, былая панская сядзіба. Значную дапамогу ў зборы экспанатаў нам аказаў былы настаўнік жыхар Булькова Аляксандр Канстанцінавіч Грачанік. Краязнаўчае даследаванне Булькова мы пачыналі яшчэ ў рамках рэспубліканскай экспедыцыі “Наш край”, а цяпер працягваем у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Наша вучаніца Вераніка Целянкевіч, актыўны ўдзельнік акцыі, прадстаўляла работу “Булькова: гісторыя вёскі” ў НДЦ “Зубраня” і атрымала дыплом ІІ ступені рэспубліканскага ўзроўню, — паведаміў настаўнік.

Экспанаты паступаюць не толькі з Булькова і Ракітніцы, але і з усіх навакольных вёсак. Разам з Сяргеем Пятровічам зборам прадметаў даўніны займаюцца ўдзельнікі краязнаўчага гуртка, касцяк якога складаюць вучні 8 класа. Сярод іх — Вячаслаў Гарох і Дзмітрый Сацюк, якіх вы бачыце на здымку. Асноўная колькасць экспанатаў сабрана ў перыяд з 2002 па 2008 год. “Мы фактычна знаходзімся ў прыгарадзе Брэста, Жабінка аб’яўлена спадарожнікам абласнога цэнтра. Большасць старых дамоў былыя ўладальнікі прадалі, а разам з гэтымі дамамі адышлі ў нябыт і прадметы побыту мінулых эпох. Апошнія гады фонды музея папаўняюцца не так актыўна, таму сёння кожны экспанат, як кажуць, на вагу золата”, — падзяліўся педагог.

Горад наступае. Драўляныя біклагі, гліняныя збаны і глечыкі, іншыя прадметы побыту мінулых эпох паступова знікаюць. Праз дзясятак гадоў іх можна будзе ўбачыць толькі ў музеях. Нягледзячы на імклівую ўрбанізацыю, кола часу, кола адметнага жыцця нашых продкаў працягвае круціцца. І круцяць яго вось такія зацікаўленыя, улюбёныя ў краязнаўства педагогі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.