Крыміналу стала менш

Колькасць злачынстваў у Беларусі за першае паўгоддзе скарацілася на 7,5 працэнта. Такая інфармацыя размешчана на сайце Генеральнай пракуратуры пасля пасяджэння калегіі, на якім былі разгледжаны вынікі работы органаў пракуратуры за першае паўгоддзе 2017 года.

На пасяджэнні было адзначана, што праведзеная органамі пракуратуры работа садзейнічала стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў рэспубліцы. Агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў скарацілася на 7,5 працэнта, зменшылася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойстваў. Знізілася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых непаўналетнімі.

Актывізавалася работа па выяўленні карупцыйных злачынстваў. За названы перыяд такіх улічана на 29 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай дзейнасць органаў пракуратуры, накіраваная на зніжэнне ўзроўню пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці.

Вынікі работы органаў пракуратуры сведчаць аб тым, што ў цэлым пракуроры забяспечылі нагляд за ўсебаковасцю, паўнатой і аб’ектыўнасцю даследавання акалічнасцей злачынстваў, што ўчыняюцца, законнасцю пры разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах, расследавання крымінальных спраў. Разам з тым назіраецца зніжэнне ўзроўню кампенсацыі ўрону па крымінальных справах.

Па выніках пасяджэння калегіяй прыняты рашэнні, накіраваныя на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, далейшае процідзеянне злачыннасці і карупцыі, умацаванне законнасці і правапарадку.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *