Для дэпутата Наталлі Генадзьеўны КУЧЫНСКАЙ мінулы год закончыўся на пазітыўнай ноце. Амаль у апошнія дні снежня дэпутацкім корпусам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ёй быў аказаны вялікі давер стаць намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Сёння Наталля Генадзьеўна расказвае пра свае першыя ўражанні ў новым статусе і дзеліцца думкамі аб тым, якім будзе новы год.
— Наталля Генадзьеўна, прайшла толькі пара тыдняў новага года, таму яшчэ зусім свежыя ў памяці тыя падзеі, якія адбыліся ў 2014-м. Адна з іх — выбранне вас намеснікам старшыні профільнай камісіі парламента. Хочацца павіншаваць вас з гэтай падзеяй і пацікавіцца, якія пачуцці пануюць сёння ў вашай душы?
— Для мяне гонар і вялікая адказнасць быць выбранай намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, якая за два гады парламенцкай работы зарэкамендавала сябе як ініцыятыўная, граматная і прафесійная каманда. Я шчыра рада за калег па камісіі, якія прызначаны на адказныя дзяржаўныя пасады, і зычу ім паспяховай рэалізацыі прафесійных планаў: Г.У.Пальчыку, які на працягу двух гадоў задаваў тон рабоце камісіі, быў ідэйным натхняльнікам удасканалення норм Кодэкса аб адукацыі і арганізатарам парламенцкіх слуханняў па праблемах развіцця адукацыйнай галіны, М.Г.Жылінскаму, які прысвяціў сваю дэпутацкую дзейнасць пытанням навукі. Безумоўна, пад кіраўніцтвам выбранага старшыні А.І.Сягодніка работа нашай камісіі набудзе новы імпульс і крэатыўнае гучанне. Аляксандр Іванавіч умее матываваць каманду, і мы ўжо атрымалі ўстаноўку на грунтоўнае вывучэнне і аналіз стану адукацыі і культуры ў сваіх рэгіёнах, на вылучэнне прапаноў па змяненнях і дапаўненнях у Кодэкс аб адукацыі і прапаноў у праект Кодэкса аб культуры — гэта два асноўныя заканадаўчыя акты, над якімі працуе наша камісія.
— Адным з вашых абавязкаў у сферы заканатворчай дзейнасці будзе курыраванне пытанняў культуры. Які законапраект першым ляжа на ваш стол?
— Канечне, перш-наперш гэта тычыцца праекта Кодэкса аб культуры, які паступіць у Палату прадстаўнікоў у красавіку 2015 года. На пасяджэннях рабочай групы ў Міністэрстве культуры, у склад якой я ўваходзіла, ішло вельмі актыўнае абмеркаванне прапанаваных навацый. Нават па тэрміне “культура” было шмат прапаноў і ўдакладненняў.
Увогуле, Кодэкс аб культуры — сістэмны і лагічны дакумент, прадыктаваны жыццём, які павінен стварыць сучаснае прававое поле ў сферы культуры. Сёння ў гэтай сферы дзейнічае сем законаў і больш за сотню іншых заканадаўчых актаў, прынятых у розны час, нормы якіх не заўсёды суадносяцца адна з адной, а некаторыя палажэнні страцілі сваю актуальнасць. Жыццё падказвае новыя крокі ў развіцці культуры нашай краіны, але яны не маюць сілы закона, таму іх трэба замацаваць. Кодэкс прызначаны ўрэгуляваць грамадскія адносіны ў сферы культуры, стварыць арганізацыйныя, эканамічныя і прававыя ўмовы для захавання існуючых у нашай спадчыне культурных каштоўнасцей і для з’яўлення новых. Напрыклад, сёння кодэкс рэгулюе ахову гісторыка-культурных і археалагічных здабыткаў, развіццё музейнай і бібліятэчнай справы, дзейнасць творчых саюзаў, фінансаванне творчых праектаў.
— Якую ролю ў выхаванні нашых дзяцей павінен выконваць культуралагічны кірунак?
— Лічу, што вельмі важна і актуальна не проста вярнуць у школу культуралагічны і эстэтычны складнік, але зрабіць іх сапраўдным сучасным выхаваўчым падмуркам. На вялікі жаль, са школьнай праграмы выключаны як абавязковы прадмет “Сусветная мастацкая культура”. Яго неабходна вярнуць. Урокі культуры маюць найвялікшы выхаваўчы патэнцыял, сапраўды развіваюць эстэтычны густ і фарміруюць духоўную асобу. Роля гуманітарных прадметаў, асабліва літаратуры, мовы, і прадметаў так званага эстэтычнага цыкла, у тым ліку музыкі і выяўленчага мастацтва, у развіцці асобы, на мой погляд, выключная. На такіх прадметах “працуе” душа: фарміруецца пачуццё густу і прыгажосці, развіваецца эмпатыя, закладваецца ўменне суперажываць болю і радасці іншага чалавека. Згадзіцеся, у наш імклівы час, калі інтэрнэт і віртуальны свет заваёўваюць унутраны свет нашых дзяцей, вельмі важна навучыць іх жыць у рэчаіснасці, здзяйсняць рэальныя добрыя ўчынкі, сябраваць з рэальнымі людзьмі. Трэба адмыслова падказваць і паказваць, што інтэрнэт-прастора і камп’ютар — не сэнс жыцця, а толькі сучасны сродак для паляпшэння якасці чалавечых зносін у рэальным жыцці і здабывання патрэбнай для рэальных спраў інфармацыі.
Культура — гэта імідж чалавека, імідж краіны, гэта аснова выхавання і ідэалогіі, калі фарміруецца патрыятызм і грамадзянская пазіцыя. Успомнім, напрыклад, чэмпіянат свету па хакеі, перамогі нашых спартсменаў на Алімпіядзе ў Сочы. Якую значную выхаваўчую ролю яны адыгралі, якія светлыя пачуцці пакінулі ў нашых сэрцах. Культурныя, спартыўныя мерапрыемствы нясуць вялікі выхаваўчы патэнцыял і аб’ядноўваюць нацыю. Культурная нацыя — гэта нацыя высокаадукаваная і глыбока духоўная. А наша зямля беларуская заўсёды была духоўна багатай, шчодрай на сапраўдных гаспадароў і таленавітых людзей.
— І такія людзі жывуць побач з намі…
— Сапраўды так. Хочацца ўзгадаць маіх землякоў, маіх выбаршчыкаў з Іўеўскага раёна, дзе прыкладаў сапраўднай выхаваўчай работы хоць адбаўляй. Лепш нават сказаць — прыкладаў сапраўднага выхавання. Так, у Іўі, шматнацыянальным і шматканфесійным мястэчку, у згодзе жывуць людзі ўсіх нацыянальнасцей. На цэнтральнай плошчы не так даўно з’явілася крынічка, якая стала незвычайным сімвалам чатырох канфесій. А будавалі гэты помнік па-беларуску — усёй талакой. Такой талакой нашы жыхары жывуць, працуюць і адпачываюць.
У сярэдняй школе № 1 Ашмян, навучальнай установе, якая з’яўляецца інавацыйнай і заўсёды працуе на вынік, створаны тры ўзорныя калектывы: тэатр танца “Эфект”, студыя эстрадных спеваў “Палёт”, фальклорны ансамбль песні і танца “Званочкі”. Безумоўна, поспех юных артыстаў у значнай ступені стварае каманда педагогаў, якія ўмеюць выхоўваць таленты. Гэта Вера Іванаўна і Мікалай Паўлавіч Федарэнка, Ганна Сцяпанаўна Раманькова, Нэлі Артураўна Каранькова. Калі прысутнічаеш на школьных канцэртах (а яны ладзяцца да кожнага значнага свята і ніколі не паўтараюцца), здаецца, што ўсе вучні школы — сапраўдныя зоркі, адораныя непаўторнымі творчымі здольнасцямі спяваць, танцаваць, дэкламаваць. На іх канцэртах заўсёды аншлаг. Самай вялікай папулярнасцю ў гараджан карыстаецца святочная навагодняя праграма “Сустрэчы на Каляды”, дзе праслаўляюцца галоўныя каштоўнасці нашага жыцця — любоў да маці, да роднай зямлі.
Пад кіраўніцтвам дырэктара Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага ў школе створаны ўмовы для духоўнага развіцця дзіцяці. Я жадаю вам пабачыць, як на ўра тут праходзяць дабрачынныя акцыі (напрыклад, нядаўнія пераднавагоднія школьныя кірмашы), як рэальна дзейнічае вучнёўскае самакіраванне.
— Наталля Генадзьеўна, ужо стаў добра вядомым ваш дабрачынны праект па апякунстве над дамамі сямейнага тыпу. Ці плануеце яго працягваць?
— Безумоўна, буду працягваць гэтую работу. Мне прыносіць вялікае задавальненне мая “дэпутацкая апека” над шасцю дамамі сямейнага тыпу, якія знаходзяцца на тэрыторыі іўеўскай акругі. Вельмі хочацца, каб у дзяцей з гэтых дамоў добра склалася асабістае жыццё, каб духоўнасць і агульначалавечыя каштоўнасці сталі падмуркам для стварэння імі добранадзейных сем’яў.
З выхаванцамі і бацькамі-выхавальнікамі цяпер рэалізоўваецца духоўна-асветніцкі праект, у рамках якога мы вандруем па Беларусі. Падчас нашай нядаўняй паездкі ў Жыровіцкі манастыр я магла адчуць сапраўднае дзіцячае захапленне гісторыяй нашага краю, цудадзейнымі іконамі, гучаннем званоў на званіцы. Бачу, наколькі падабаецца выхаванцам дзіцячых дамоў наведваць музеі, тэатры і назапашваць у сваёй душы светлыя пачуцці.
— Менавіта такія пачуцці напаўняюць і вашу душу?
— Люблю нацыянальны беларускі тэатр. Ён мой па духу. Па-новаму адкрываю для сябе рускі драматычны: доўга знаходзілася пад уражаннем спектакляў “Ніначка”, “Сунічная паляна”. Я згодна з рашэннем журы фестывалю “ТЭАРТ” па прызнанні лепшым у сваёй намінацыі спектакля “Аракул” — ён глыбока філасофскі па змесце, крэатыўна пастаўлены і таленавіта сыграны.
Адным з самых моцных маіх уражанняў была прэм’ера балета “Вітаўт” у Вялікім тэатры. Вельмі сучасная і ў той жа час вельмі гістарычная пастаноўка, прасякнутая незвычайнай беларускасцю. Была заварожана з першых хвілін, як толькі ўбачыла сімвал краіны — дужага зубра. “Вітаўт” абуджае гордасць за народ, да якога ты маеш дачыненне.
Раю схадзіць на новую пастаноўку ў музычным тэатры “Шалом Алейхем! Мір вам, людзі!”. Дарэчы, я цесна супрацоўнічаю з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам. Шчыра дзякую дырэктару тэатра Аляксандру Яўгенавічу Пятровічу за тое, што адгукнуўся на маю прапанову паказаць першы нацыянальны мюзікл “Соф’я Гальшанская” падчас фестывалю “Гальшанскі замак” менавіта каля руін замка. Мае выбаршчыкі і зараз выказваюць словы ўдзячнасці за гэта.
Правільна, што сёння многія бацькі праводзяць выхадныя дні актыўна: вядуць сваіх дзяцей у тэатры, на выставы, канцэрты, спартыўныя трэніроўкі, у Нацыянальную бібліятэку.
З добрай усмешкай успамінаю, як усе члены маладой сям’і з трыма дзецьмі (аднаму з якіх было не больш за два гады) уважліва разглядалі карціны ў дзень адкрытых дзвярэй у Нацыянальным мастацкім музеі, як тата цярпліва тлумачыў мастацкую задумку, а матуля паказвала сыну намаляваны сонечны прамень. Я думаю, што інтэрактыўныя музейныя праекты (напрыклад, дзень нараджэння ў музеі) павінны больш развівацца і гучней рэкламавацца.
Нядаўна на вочы трапілі і ляглі на сэрца вершаваныя радкі:
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,
каб светла-залатую яго ніць віць і далей
любоўю, справай дзейнай ды словам,
што ад справы неаддзельна.
Тварыць…
…
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць —
не марнаваць, не нішчыць, не бурыць.
Тварыць…
Інтэрв’ю падрыхтавала
Ала КЛЮЙКО.