Крыніца натхнення, паветра для крылаў

- 12:07Адукацыйная прастора

У трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Віцебшчыне ўступілі больш за 1100 разумнікаў і разумніц. Эпіцэнтрам разумовага напружання ў рэгіёне на мінулым тыдні быў Віцебск: тут змагаліся за перамогу ўдзельнікі алімпіяды па геаграфіі, матэматыцы, рускай мове і літаратуры, інфарматыцы, біялогіі, працоўным навучанні, замежных мовах.

Лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры вызначалі ў Оршы, гісторыі і грамадазнаўства — у Лужасне, фізікі і астраноміі — у Полацку. Дарэчы, горад вялікіх Скарыны і Ефрасінні сёлета прымаў не толькі беларусаў: па запрашэнні ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама да спаборніцтва зноў далучылася каманда масквічоў. І, трэба сказаць, нашы землякі склалі сваім равеснікам з расійскай сталіцы дастойную канкурэнцыю! Па выніках пяцідзённага інтэлектуальнага марафону дыпломамі ўпраўлення адукацыі адзначаны 425 навучэнцаў. Лепш за астатніх выступілі каманды Віцебска, Наваполацка, Полацкага, Аршанскага, Глыбоцкага раёнаў. Лідарства сярод устаноў адукацыі па-ранейшаму ўтрымліваюць гімназіі №№ 8, 2 і 1 Віцебска.

— Падрыхтоўка і ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе — найкаштоўнейшы вопыт і разам з тым праверка не толькі ведаў, але і асабістых якасцей, такіх як вытрымка, самакантроль і самадысцыпліна, стараннасць і адказнасць, — падкрэсліла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч. — Велізарны дзякуй педагогам за іх карпатлівую штодзённую працу. Мы яе бачым і цэнім, заўсёды падтрымліваем нашых таленавітых навучэнцаў і настаўнікаў, ганарымся іх поспехамі. Не за гарамі спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, дзе мы таксама спадзяёмся ўзяць высокую планку. Важным ключом у жыцці з’яўляецца разуменне сілы слова. Менавіта ўдзельнікі алімпіяды па мове і літаратуры валодаюць гэтым унікальным дарам і карыстаюцца ім віртуозна, па-майстэрску.

— У якасці члена журы абласнога этапу алімпіяды па рускай мове і літаратуры ў мяне дэбют, — падзяліўся ўражаннямі настаўнік сярэдняй школы № 31 Віцебска Сяргей Тугарынаў. — З асаблівасцей, а я працаваў у 11-х класах, найбольш звярнула ўвагу гендарная: з двух дзясяткаў удзельнікаў — толькі адзін хлопец. Філалогія становіцца жаночай прэрагатывай, і гэта бянтэжыць, хаця, па агульнай статыстыцы алімпіяды, колькасць удзельнікаў—прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва сёлета павялічылася амаль удвая. Узровень падрыхтоўкі высокі. Бачна, што дзеці многа чытаюць і цікавяцца прадметам, не баяцца адстойваць свой пункт погляду, думаюць і разважаюць шырока, маштабна. Тым, хто любіць паўтараць, нібыта школа вучыць догмам і стэрэатыпам, не шкодзіла б паразмаўляць з нашымі ўдзельнікамі алімпіяды — яны змаглі б пераканаць у адваротным нават самых закаранелых скептыкаў.

Як паведаміў старшыня журы алімпіяды па рускай мове і літаратуры, доктар педагагічных навук, прафесар, дэкан філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Сяргей Мікалаенка, сёлета значна лепшымі ў параўнанні з мінулым годам былі адказы, звязаныя з літаратурай. Поспехі навучэнцаў і іх настаўнікаў у гэтым напрамку відавочныя. Але разам з тым выклікаюць некаторыя цяжкасці нестандартныя заданні. Так, у 11 класе быў прапанаваны ўрывак, дзе аўтар згадвае “цудоўнае імгненне”, “і жыццё, і слёзы, і каханне”. Назваць імя паэта і яго музы, пра якіх ідзе гаворка, змаглі нямногія — а між тым указаннем на правільны адказ з’яўляліся непасрэдна самі радкі з прысвячэння Ганне Пятроўне Керн.

— Чалавеку, які прыходзіць на алімпіяду па мове і літаратуры, недастаткова ведаць творы і біяграфіі пісьменнікаў, трэба бачыць культурны, сацыякультурны, гістарычны кантэкст, — перакананы Сяргей Уладзіміравіч. — Выканаць заданні такога парадку няпроста, але трэба сказаць, што ўдзельнікі ў асноўным справіліся. Прыемна ўразілі веды ў лінгвістыцы — вынікі роўныя, ад 40 балаў і вышэй. Вельмі адметным быў такі момант: у адным з класаў усе заданні ў лінгвістыцы, з першага па восьмае, былі звязаны з соллю. Я потым стаў выпадковым сведкам, як адна з удзельніц з экспрэсіяй гаварыла маці па тэлефоне: “Усё добра, але пра соль мне сёння не нагадвай”. Пэўныя праблемы ў асобных навучэнцаў былі з заданнямі на словаўтварэнне. Затое ў гэтым годзе амаль усе нядрэнна паладзілі з фразеалагізмамі. Прыемнае здзіўленне выклікаў рост балаў па комплекснай рабоце. І, наадварот, асабіста мяне засмуцілі некаторыя водгукі, у прыватнасці на верш Людмілы Тацьянічавай “Вернасць”. Удзельнікі выбудоўваюць свае работы вельмі тэхналагічна, вызначаюць мастацкія сродкі, час і прастору, а ўпісаць гэта ў сацыякультурны кантэкст не заўсёды атрымліваецца. Ёсць над чым папрацаваць настаўнікам.

***

Слова выяўляе тое, што схавана глыбока ў думках, душы і сэрцы. Кожны з нас — індывідуальнасць, хаця, здаецца, існуе шмат падобных людзей. Тое ж можна сказаць пра мову, маўленне. Усе ведаюць, што 21 лютага мы адзначаем Дзень роднай мовы. Але ж і тое, што абывалася ў Оршы на працягу мінулага тыдня, таксама было сапраўдным святам беларускасці і матчынай мовы. У поўны голас, свабодна і чыста гучала яна — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, багатая, шчодрая, мудрая, старажытная і сучасная. Такая ж, як наша Беларусь!

Старшыня журы трэцяга этапу алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М.Машэрава Генадзь Арцямёнак адзначыў даволі шырокую геаграфію перамог сёлетняй алімпіяды: у ліку 35 узнагароджаных дыпломамі — прадстаўнікі амаль усіх раёнаў вобласці. З устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе найбольш сістэмна і эфектыўна пастаўлена работа з таленавітымі і адоранымі дзецьмі, Генадзь Антонавіч асобна вылучыў гімназію № 2 Віцебска і полацкую дзяржаўную гімназію № 2, Глыбоцкі, Пастаўскі раёны, навучэнцы якіх заўсёды дэманструюць выдатны ўзровень падрыхтоўкі. Гэты год не выключэнне: напрыклад, найлепшыя вынікі сярод адзінаццацікласнікаў — у Ванды Асіпенка (настаўніца Вольга Каламійцава) і Васіля Дашкевіча (настаўніца Алена Коршунава) з гімназіі № 2 Віцебска, яшчэ адна вучаніца Вольгі Міхайлаўны, дзевяцікласніца Паліна Вармахоўская, атрымала дыплом ІІ ступені.

— Парадавалі вынікі комплекснай работы, для выканання якой патрабуюцца грунтоўныя веды сістэмна-структурнага характару, — расказаў Генадзь Арцямёнак. — На вышыні была арфаэпічная падрыхтоўка: практычна не сустракалася памылак на вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў. А вось сярод момантаў, на якія, як мы лічым, настаўнікам і ўдзельнікам алімпіяды варта звярнуць асаблівую ўвагу, — памылкі, звязаныя з ужываннем русізмаў. Удзельнікі нядрэнна праявілі сябе як у вусных выказваннях, так і ў напісанні водгукаў. Безумоўна, нам хацелася б і далей бачыць у работах яшчэ больш творчасці, фантазіі, аўтарскіх асацыяцый, яркіх ідэй і вобразаў, паслядоўнага абгрунтавання ўласных думак. Мова — жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Для нас, членаў журы, гонар і радасць — працаваць з тымі, хто не ўяўляе будучыні без матчынай мовы. Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах — і на роднай мове паспрабуюць загаварыць вашы суразмоўцы. Усім удзельнікам алімпіяды — поспехаў, творчага натхнення і крылаў за спінай!

У заключным этапе алімпіяды, які пройдзе з 27 па 31 сакавіка, будуць удзельнічаць каля 200 прадстаўнікоў паўночнага рэгіёна краіны. Віцебшчына прыме Рэспубліканскую алімпіяду па рускай мове і літаратуры, грамадазнаўстве, фізіцы і астраноміі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.