Крыніцы духоўнасці

- 10:47Падзеі, Сацыяльны ракурс

Абласны семінар “Сям’я — крыніца духоўнасці, веры і радасці” сабраў у сярэдняй школе № 24 Барысава спецыялістаў упраўленняў па адукацыі, спорце і турызме рай(гар)выканкамаў, кіраўнікоў раённых і абласных рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні.

На семінары педагогі азнаёміліся з праектамі і формамі работы, якія рэалізуюць педагогі Барысаўскага раёна, выхоўваючы ў дзецях духоўнасць і маральнасць, павагу да сямейных і нацыянальных традыцый, любоў да людзей і сваёй малой радзімы.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава з 2014 года працуе рэсурсны цэнтр “Пераемнасць сямейнага выхавання, дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Супрацоўнікі цэнтра актыўна працуюць з малымі і бацькамі, педагогамі дашкольнай адукацыі і першакласнікамі, праводзяць для іх майстар-класы, сумесныя святы, пасяджэнні сямейных клубаў. Спецыялісты ўпэўнены, што неабходна з дзіцячага сада ўцягваць бацькоў у адукацыйны працэс, паказваць ім, што сумесныя заняткі з дзецьмі дапамагаюць лепш зразумець сваё дзіця, зблізіцца з ім. На сумесных занятках з бацькамі, бабулямі і дзядулямі дзеці ствараюць цікавыя праекты: аўдыязборнік бабуліных казак, каталог мультфільмаў як па матывах казак, так і на гістарычную, патрыятычную тэматыку.

У Барысаўскім ЦКРНіР, дзе вучацца 57 выхаванцаў з цяжкімі множнымі парушэннямі псіхічнага і фізічнага развіцця, функцыянуе цэнтр праваслаўнай культуры і духоўна-маральнага выхавання. Кожную сераду дзеці і бацькі сустракаюцца са святарамі: гутараць, глядзяць фільмы і мультфільмы, для жадаючых арганізоўваецца служба. З удзелам валанцёраў праводзяцца конкурсы для дзяцей па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Таксама ў ЦКРНіР з 1998 года працуе бацькоўскі клуб “Вясёлка”. Педагогі і псіхолагі дапамага­юць родным асаблівых дзяцей пры­няць іх такімі, якія яны ёсць. Адна з распаўсюджаных праблем, якую вырашаюць псіхолагі клуба, —  дапамога здаровым братам і сёстрам асаблівых дзяцей справіцца з рэакцыямі актыўнага пратэсту і адмаўлення, праяўленнямі рэўнасці, саперніцтва, гневу.

У сярэдняй школе № 24 Барысава работа па ўзаемадзеянні школы, царквы і сям’і вядзецца ўжо 21(!) год. З 2002 года школа з’яўляецца апорнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па праграме “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. На базе школы пяты год працуе адзін з трох абласных рэсурсных цэнтраў Міншчыны па духоўна-маральным выхаванні, дзе рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты. 99% дзяцей у малодшых класах наведваюць факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”, 99% вучняў 5—6 класаў — новы факультатыў “Духоўнасць і патрыятызм”. Для падлеткаў распрацавана праграма “Гутаркі са старшакласнікамі”, у рамках якой раз на тыдзень святары прыходзяць на сустрэчы з навучэнцамі 8—10 класаў.

Ва ўстановах адукацыі Міншчыны працуюць 410 факультатываў па духоўна-маральным выхаванні, якія наведваюць больш за 4 з паловай тысячы чалавек.

Акрамя таго, педагогі сярэдняй школы № 24 Барысава маюць багаты 16-гадовы вопыт работы ў лагерах праваслаўнага краязнаўства. Сёлета, напрыклад, гасцінна расчыніць свае дзверы для 25 навучэнцаў Барысаўскага раёна профільны лагер “Вытокі: духоў­насць і патрыятызм”, дзе на працягу 9 дзён будзе спалучацца ваенна-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне.

Удзельнікі абласнога семінара таксама наведалі майстар-класы, факультатыўныя заняткі “Асновы сямейнага жыцця”, час гутаркі на тэму “Я і маральнасць” з іерэем Арцеміем Шчарбіцкім, фрагмент заняткаў па рускай літаратуры па рамане “Майстар і Маргарыта”, дзе разглядаліся пытанні сям’і і шлюбу.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко, сёння свет імкліва развіваецца, губляецца духоўнасць, растрачваецца багаж дабрыні, адданасці, патрыятызму. Важна, што за доўгія гады цеснага супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой знойдзены пункты судакранання і ёсць разуменне, як царква і школа павінны дапаўняць адна адну.

— Парасткі дабрыні і чалавечнасці, міласэрнасці і патрыятызму неабходна закладваць сёння з самааддачай і без фальшы, — заклікаў Мікалай Мікалаевіч педагогаў. — Кожны, хто займаецца духоўна-маральным выхаваннем, павінен правесці рэвізію свайго ўнутранага свету і зразумець, ці гатовы ён гэта рабіць ад душы дзеля выніку. Работа па фарміраванні духоўна-маральных якасцей чалавека не павінна выконвацца выпадковымі людзьмі. Той, хто фарміруе душу маладога чалавека, павінен рабіць гэта з чыстай душой і з адкрытым сэрцам.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.