Крыштальныя чарніліцы ў бронзе і ў серабры ўпрыгожаць паліцы з узнагародамі двух беларускіх настаўнікаў. Менавіта чарніліца стала сімвалам Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, на якім годна выступілі нашы землякі — В.У.Маліноўскі і Н.Л.Кулеш.
IV Міжнародны конкурс педагагічнага майстэрства “Крыштальная чарніліца. Сярэбраны век рускай паэзіі” прайшоў у Мінску. Мерапрыемства арганізавана па ініцыятыве Міжнароднага педагагічнага клуба пад патранажам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні фонду “Рускі свет”.
Конкурс праходзіў у два этапы. На першы — завочны — удзельнікі даслалі відэазапіс урока або пазакласнага мерапрыемства, прысвечанага жыццю і творчасці паэтаў Сярэбранага веку. Прааналізаваўшы прадастаўленыя матэрыялы, журы запрасіла лепшых канкурсантаў да ўдзелу ў фінальным этапе. Гэта прадстаўнікі Беларусі, Венгрыі, Латвіі, Казахстана, Узбекістана, Украіны, Грузіі, Расіі, Эстоніі. 12 фіналістаў сабраліся ў Мінску, каб пазмагацца за перамогу.
Фінальны этап складаўся з некалькіх заданняў. Канкурсантам давялося прэзентаваць сябе ў вольнай форме, правесці ў незнаёмым класе адкрыты ўрок або пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае тэме конкурсу, прайсці конкурснае тэсціраванне на веданне біяграфіі і творчай спадчыны паэтаў Сярэбранага веку.
У выніку галоўная ўзнагарода — крыштальная чарніліца ў золаце і дыплом першай ступені — была прысуджана Ларысе Дзьячэнка з Данецка.
Беларускія настаўнікі таксама апынуліся на п’едэстале гонару: Наталля Кулеш, настаўніца пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 70 Мінска, атрымала крыштальную чарніліцу ў серабры; бронзавую ўзнагароду заваяваў настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна Васіль Маліноўскі.
Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі — вопытны канкурсант. За яго плячыма — паспяховае выступленне ў мностве прафесійных спаборніцтваў высокага ўзроўню. Літаральна некалькі месяцаў назад ён стаў фіналістам і лаўрэатам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года”. Год назад ён стаў пераможцам ІІІ Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства “Юрмальская восень — 2016” і, уразіўшы не толькі журы, але і дзяцей, у якіх праводзіў конкурсныя заняткі, атрымаў прыз навучэнскіх сімпатый. З-за такога насычанага конкурснага жыцця настаўнік сумняваўся, ці браць удзел у “Крыштальнай чарніліцы”, але тэма, якой сёлета быў прысвечаны конкурс, прымусіла адкінуць усе сумненні. Справа ў тым, што Уладзімір Маякоўскі — любімы паэт настаўніка. Менавіта яго творчасці і быў прысвечаны ўрок, які В.У.Маліноўскі прадставіў на конкурсе. Педагог правёў для шасцікласнікаў урок-майстэрню “У.У.Маякоўскі “Добрае стаўленне да коней”. Гуманістычная пазіцыя аўтара”. Інтэрактыўныя тэхналогіі, якія ўмела выкарыстоўваў настаўнік, ацанілі і вучні, і журы. Навучэнцы падчас урока стварылі плакат, накшталт плакатаў “Окна РОСТА”, у стварэнні якіх браў удзел Маякоўскі.
Конкурс праводзіўся на працягу пяці дзён. Гэта былі пяць цудоўных дзён сяброўства і прафесійных зносін. Менавіта гэта, прызнаецца Васіль Уладзіміравіч, самае прывабнае для яго ў конкурсах.
— Для мяне такія мерапрыемствы — гэта перш за ўсё магчымасць мець зносіны з калегамі, аднадумцамі, цудоўнымі прафесіяналамі і, проста цікавымі людзьмі. Мы хоць і жывём у розных краінах, але ўсе займаемся адной справай, маем шмат агульнага, нярэдка сустракаемся на міжнародных конкурсах, канферэнцыях. За гэты час многія не проста пазнаёміліся, а сталі сябрамі. І менавіта атмасфера сяброўства, творчага ўзаемаабмену панавала на конкурсе, канкурэнцыі не адчувалася.
А для Наталлі Леанідаўны Кулеш гэта быў першы вопыт удзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, хаця педагагічны стаж настаўніцы налічвае больш за 20 гадоў. Яна кожны год зацікаўлівае сваіх навучэнцаў рознымі конкурсамі і рыхтуе да ўдзелу ў іх. Дзеці паспяхова ўдзельнічалі ў LEGO-фестывалі, фотаконкурсах, праектах і конкурсах у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Настаўніца — аматар спрабаваць і пазнаваць новае, таму з задавальненнем наведвае розныя курсы, майстар-класы. Але, прызнаецца Наталля Леанідаўна, удзельнічаць у конкурсах раней не рашалася: разумела, што на конкурсе прадстаўляе не толькі сябе, але і сваю ўстанову адукацыі,не хацела нікога падводзіць. А нядаўна адчула, што, нарэшце, гатова. І конкурсны дэбют аказаўся надзвычай удалы — адразу ж узнагарода на міжнародным конкурсе!
На конкурсе Наталля Леанідаўна прадставіла пазакласнае мерапрыемства для навучэнцаў 4 класа — літаратурную гасцёўню, прысвечаную казкам К.Бальмонта. Педагог расказвае, што, калі даведалася пра тэму конкурсу, адразу ўспомніліся творы менавіта гэтага аўтара. А потым прыйшло і натхненне — план мерапрыемства складаўся лёгка, гэтак жа лёгка і натхнёна мерапрыемства і прайшло. Атрымаліся заняткі-спектакль. Дзеці падарожнічалі па кнізе “Фейныя казкі”. Навучэнцы не толькі чыталі і аналізавалі вершы. Заняткі былі пабудаваны так, што яны змаглі праявіць свае разнастайныя таленты: танцавалі, ігралі на музычных інструментах, спявалі, выконвалі ролі. Самае галоўнае, яны думалі і разважалі.
— Менавіта яны — маленькія таленавітыя вучні — і дапамаглі мне дасягнуць поспеху, — лічыць настаўніца. — І вучні ў маёй школе, і вучні незнаёмага класа, дзе праводзіўся конкурсны ўрок, былі цікаўныя, шчырыя. У іх я знаходзіла натхненне і настрой для работы.
Заняткі прайшлі на адным дыханні, журы высока ацаніла прафесіяналізм і творчы падыход Наталлі Леанідаўны. Сваю ўзнагароду педагог прысвячае школе, у якой працуе, і калегам.
— Скажу праўду: на конкурс ішла за ўзнагародай, настройвалася на сур’ёзную работу, бо не магла падвесці тых, хто ў мяне верыць. Падрыхтоўка, удзел у конкурсе… Усё гэта я рабіла не для сябе, а для тых, каго люблю, — маіх вучняў, родных, калег. І для школы, у якой працую і якую, дарэчы, скончыла. Хочацца, каб усе бацькі разумелі, што і ў звычайных школах працуюць настаўнікі-прафесіяналы, творчыя і неабыякавыя людзі.
Мы віншуем Наталлю Леанідаўну і Васіля Уладзіміравіча з заслужанымі ўзнагародамі. А між тым ужо аб’яўлена тэма наступнага конкурсу: “Крыштальная чарніліца — 2018” будзе прысвечана творчасці Льва Мікалаевіча Талстога.
Дар’я РЭВА.
Фота з архіва канкурсантаў.