Куды размяркоўваюць выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі БДПУ

- 9:20Актуально, Образование

У БДПУ стартавала размеркаванне: звыш 700 педагогаў хутка адправяцца на сваё першае працоўнае месца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Першымі сёлета размеркавалі выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі. Усяго накіраванні на работу атрымалі 100 маладых спецыялістаў, у тым ліку 39 мэтавікаў.

Сімвалічна, што працэс размеркавання ў нашым універсітэце мы пачынаем з факультэта пачатковай адукацыі, дзе рыхту­юць першага настаўніка — самага галоўнага педагога ў жыцці кожнага чалавека. Сёння больш за 100 выпускнікоў гэтага факультэта ўвальюцца ў шэрагі айчыных педагогаў. Я ўпэўнены: краіна атрымае дастойныя маладыя кадры, — падкрэсліў рэктар БДПУ Аляксандр Жук.

Дарэчы, кожны пяты сёлетні выпускнік факультэта пачатковай адукацыі — выхадзец з педкласа, а значыць, ён яшчэ ў школьныя гады прыняў рашэнне стаць педагогам. І амаль 40% выпускнікоў — мэтавікі, якія загадзя, яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт, вызначыліся з месцам будучай работы. Нагадаем, БДПУ перш за ўсё шчыльна працуе з Мінскам і вобласцю. Адносіны будуюцца на дагаворнай аснове з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў з усіх 9 раёнаў сталіцы і 23 упраўленняў па адукацыі, спорце і турызме Мінскага рэгіёна. Адпаведна, 80% выпускнікоў педуніверсітэта адправяцца ў школы сталіцы і вобласці.

На жаль, пакуль мы не можам задаволіць усе патрэбы ў педагагічных кадрах, бо яны перавышаюць колькасць нашых выпускнікоў у цэлым. Універсітэт сёлета выпускае 705 маладых спецыялістаў — гэта толькі на трэць задавальняе заяўкі, якія да нас паступілі, — адзначыў Аляксандр Жук. — Увогуле, размеркаванне вырашае дзве асноўныя задачы: задавальненне кадравай патрэбнасці галіны і сацыяльная абарона і падтрымка маладых спецыялістаў.

Першая настаўніца — самая любімая

Перад аўдыторыяй, дзе праходзіць размеркаванне, сабраліся некалькі дзясяткаў будучых настаўніц пачатковай школы. У кожнай свая гісторыя прыходу ў вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны. Так, Таццяна Сярко паступіла ў БДПУ, скончыўшы медыцынскі каледж.

Бацькі ўгаварылі мяне вучыцца ў медыцынскім, хоць я заўсёды імкнулася да педагогікі і марыла стаць першай любімай настаўніцай. У маім дзяцінстве была самая лепшая першая настаўніца, якая якраз і ўлюбіла мяне ў гэтую прафесію. А цяпер я разумею, што настаўніца пачатковых класаў плюс медсястра — гэта выдатнае спалучэнне, буду вучыць і лячыць заадно, — усміхаючыся, сказала дзяўчына.

Яна родам з Любані, але вырашыла скарыс­таць магчымасць застацца праца­ваць у Мінску, дзе яе ўжо чакаюць у сярэдняй школе № 2.

Сталіца — гэта добры старт для далейшай педагагічнай дзейнасці, тут я змагу дасягнуць крыху больш, чым у маленькім горадзе, — патлумачыла Таццяна. Узгадваючы студэнцкія гады, яна дадала: — Калі ўсведамляеш, што студэнцкія гады заканчваюцца, становіцца сумна. Бо студэнцтва — гэта яркі і творчы перыяд у жыцці кожнага чалавека, асабліва калі ён студэнт БДПУ. За гады вучобы ўніверсітэт сапраўды стаў родным, і мы ўсе ўдзячны рэктарату і дэканату за цікавае, яркае, насычанае студэнцкае жыццё, падтрымку ўсіх нашых пачынанняў і, канечне, за атрыманыя веды. І я пераканана: сённяшнія выпускнікі факультэта пачатковай адукацыі — дастойныя прадаўжальнікі традыцый нашых настаўнікаў і ўніверсітэта.

У БДПУ сёлета выпускаецца больш за 700 бюджэтнікаў, у тым ліку амаль 170 мэтавікаў.

Сярод тых, хто атрымаў размеркаванне на першае працоўнае месца, амаль 20 выпускнікоў педкласаў. Праўда, усе яны паступалі па розных траекторыях. Напрыклад, віцяблянка Настасся Маханоўская стала студэнткай на агульных умовах. А зараз, маючы некалькі запрашэнняў у сталічныя школы, вырашыла вярнуцца ў родны горад, атрымаўшы размеркаванне ў сярэднюю школу № 33.

Мне з дзяцінства падабалася вучыць дзяцей, і, калі ў школе прапанавалі факультатыў “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію”, я, не раздумваючы, пагадзілася. Гэта пасля якраз і паўплывала на выбар прафесіі педагога. Да таго ж у 11 класе я трапіла ў НДЦ “Зубраня”, куды прыехаў Аляксандр Іванавіч Жук і вельмі захапляльна расказаў пра БДПУ. Гэта і матывавала мяне да паступлення менавіта сюды, аб чым ні разу не пашкадавала. Тым больш за выдатную вучобу я ўзнагароджана стыпендыяй імя Петруся Броўкі і ў хуткім часе, відавочна, атрымаю чырвоны дыплом. Усё гэта вынік таго, што мне вельмі падабалася вучыцца тут. Нашы выдатныя выкладчыкі далі нам добрую базу ведаў, і з ёю цяпер мне не страшна ісці да дзяцей. Думаю, у прафесіі ўсё атрымаецца. Безумоўна, ёсць свае асаблівасці работы з малодшымі школьнікамі, але гэта вельмі цікава і захапляльна, — прызналася выпускніца.

Дадому, у Крупкі, вернецца і студэнтка выпускнога курса Таццяна Кароткая. Яна свядома паступала ў БДПУ па мэтавым накіраванні, загадзя паклапаціўшыся пра яго, бо вельмі хацела працаваць у роднай сярэдняй школе № 1.

У мяне хапала балаў, каб прайсці на бюджэт, але была мара — вярнуцца на ра­дзіму. Таму я паклапацілася пра мэтавае накіраванне. Каб яго атры­маць, я пагаварыла з дырэктарам школы, затым з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама. Пасля ўсіх гутарак і атрымала мэтавае накіраванне. Буду з любоўю ўспамінаць студэнцкія гады, якія насамрэч вельмі хутка праляцелі, — дадала дзяўчына.

У сваю чаргу малады педагог Юлія Бурая атрымала накіраванне ў родны Бярэзінскі раён. Яна запэўнівае: за час вучобы ва ўніверсітэце не расчаравалася ў прафесіі. Наадварот, паверыла ў свае сілы і ў тое, што зможа стаць добрай настаўніцай.

Прызнаюся, былі моманты, калі сумнявалася, ці правільны зрабіла выбар, ці спраўлюся з такой адказнай місіяй, як выхаванне ўчарашніх дашкалят. Ідучы на практыку ў школу, думала: “А што, калі не атрымаецца?..” Але ўсё атрымалася. І сёння я сапраўды рада, што выбрала для сябе прафесію настаўніка, — падзялілася думкамі выпускніца.

Яшчэ адна мая новая знаёмая — Кацярына Андрукевіч. Яна на трэцім курсе стала маладзёжным паслом Мэт устойлівага развіцця і зараз рухаецца ў гэтым напрамку. Сама дзяўчына з Пінска, але размеркаванне атрымала ў сярэднюю школу № 78 Мінска, дзе і далей будзе прытрымлівацца МУР і старацца расказваць пра іх так, каб сучасным дзеткам было цікава і самім захацелася прасоўваць іх у масы.

Прафесія настаўніцы пачатковых класаў — асноватворная для ўсіх прафесій, бо яе прадстаўнікі выхоўваюць будучае пакаленне. Вучыцца было максімальна камфортна, бо ўсе выкладчыкі дапамагалі нам, накіроўвалі і рабілі ўсё магчымае, каб мы лёгка адаптаваліся ва ўніверсітэцкім асяроддзі. Сёння ўсім будучым першым настаўнікам хочацца пажадаць у першую чаргу цярпення, бачыць мэту і паступова ісці да яе, ніколі не спыняць свой рух, толькі наперад і ні кроку на месцы, — сказала дзяўчына.

Размеркаваннем задаволены ўсе

Асноўныя заказчыкі кадраў у БДПУ — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама. Гэта значыць, што выпускнікі накіроўваюцца пераважна ў сталіцу і сталічны рэгіён. Як паведаміла дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Наталля Ждановіч, на іх 100 выпускнікоў прыйшло 285 заявак, з іх толькі па Мінску — 163 і 85 па Мінскай вобласці.

Выбраць было з чаго, таму размеркаваннем у цэлым задаволены ўсе, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна, якая шчыра перажывае за ўсіх сваіх выпускніц і спадзяецца, што на першым месцы працы яны ўпэўняцца ў правільнасці прафесійнага выбару. — Усім выпускнікам мы жадаем удачы і веры ў сябе, няхай ніколі не спыняюцца перад цяжкасцямі і бу­дуць упэўненымі ў сваіх сілах. А таксама няхай педкалектывы, у якія яны трапяць, стануць для іх падтрымкай і апорай, наш факультэт іх таксама заўсёды чакае і гатовы дапамагчы.

Дарэчы, у адзін дзень з выпускнікамі факультэта пачатковай адукацыі размяркоўваліся і 20 навучэнцаў Інстытута псіхалогіі. ­Адзін з іх — Давід Палячынскі, які вучыўся на спецыяль­насці “Псіхалогія сямейных адносін”.

Хлопец прыехаў вучыцца ў Мінск з Оршы, дзе выдатна скончыў школу, а затым з сярэднім балам атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі 9,5 і 320 баламі па ЦТ адправіўся пакараць сталіцу.

Пакуль вучыўся ў школе, ваганняў у выбары прафесіі было шмат, разглядаў і філалогію, і журналістыку, але аднойчы да мяне трапіла кніга па псіхааналізе. Яна так моцна ўразіла мяне, што я зразумеў: мне дарога ў псіхалогію. БДПУ выбраў пасля параўнання розных універсітэтаў краіны, у тым ліку і БДУ. Аднак менавіта ў педуніверсітэце найбольш практыка-арыентаванае навучанне, — дадаў юнак.

Пасля заканчэння БДПУ ён не збіраецца спыняцца на дасягнутым, бо лі­чыць, што, каб стаць добрым спецыялістам, неабходна развівацца далей. Праўда, сумяшчаючы гэта з асноўным відам дзейнасці — работай педагогам-псіхолагам у сярэдняй школе № 181 Мінска.

Віншуючы сёлетніх выпускнікоў БДПУ, Аляксандр Жук сказаў:

За вамі сур’ёзныя гады вучобы і адказныя адносіны да справы, многія працуюць у школах і ўжо фактычна сталі педагогамі. Я ўпэўнены: вы станеце дастойнымі спецыялістамі і будзеце ўносіць свой уклад у фарміраванне выхаваных і патрыятычна настроеных маладых грама­дзян, якія забяспе­чаць будучае ўстойлівае развіццё нашай краіны. Ра­зам з тым не забывайце захоў­ваць сувязі з нашым універсітэтам. Прыходзьце да нас у магістратуру, затым у аспірантуру, набывайце практычны вопыт, а пасля на навуковай аснове абагульняйце яго і маштабуйце. Мы ўпэўнены: у вас усё атрымаецца!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара