Кулінарыя-плюс: “смачны” праект, які падарыў сіротам сям’ю

- 15:57Сацыяльны ракурс

Шэсць гадоў назад дырэктар Ашмянскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, зрабіў сваім выхаванцам “смачны” падарунак. У інтэрнаце для таго, каб дзеці навучыліся гатаваць, былі зроблены невялічкія кухні. А ўзяць шэфства над маленькімі кулінарамі згадзілася шэф-повар і эксперт беларускай кухні Алена Мікульчык. Менавіта так у нашай краіне з’явіўся ўнікальны дабрачынны сацыяльна-адукацыйны праект “Кулінарыя плюс”. Цяпер штомесяц на працягу навучальнага года Алена Мікульчык разам са сваёй сям’ёй і валанцёрамі арганізоўвае для дзяцей пазнавальна-кулінарныя праграмы.

Стаць сваімі сярод “чужых”

Летам праект на канікулах: шмат італьянскіх сем’яў забіраюць дзяцей да сябе. Тым не менш канцэпцыя новых майстар-класаў, якімі будзе напоўнены новы навучальны год, ужо зараз знаходзіцца ў распрацоўцы.

“Знаёмства з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, пачалося дзякуючы міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Ротары”. На працягу некалькіх гадоў я была членам клуба “Ротары”, які дапамагаў дзецям-сіротам. І з Ашмянскай школай-інтэрнатам паcябравала зусім выпадкова. На адным з дабрачынных мерапрыемстваў, якое арганізавала “Ротары”, быў і дырэктар Ашмянскай школы-інтэрната Уладзімір Аляксандравіч Бізюк. Тады Уладзімір Аляксандравіч падышоў і расказаў, што яны для дзетак зрабілі невялічкія кухні. Але праблема была ў тым, што выхаванцы інтэрната гатаваць не ўмелі. І Уладзімір Аляксандравіч папрасіў прыехаць і навучыць іх. А я была з сяброўкай. Мы падумалі, чаму б адзін разок і не прыехаць. Першая сустрэча, скажу шчыра, мне не спадабалася, бо я дрэнна падрыхтавалася. Таму я паабяцала вярнуцца. З’явілася ідэя прыехаць не проста з рэцэптам пірага, а арганізаваць пэўную праграму. Менавіта так з’явіўся адукацыйны праект “Кулінарыя плюс”. Думаючы над канцэпцыяй праекта, імкнулася зрабіць яго не банальным курсам па кулінарыі. Ідэя была ў тым, каб навучыць дзяцей арганізаваць свой быт, паказаць ім прыклады з жыцця.

Вырашыла, што было б цудоўна расказваць дзецям пра кухні тых краін свету, у якіх пабывала. Другая сустрэча была прадуманай літаральна да дробязей. Я на той момант якраз вярнулася з Індыі, у мяне было прыгожае сары. У выніку ідэя сустрэчы была відавочнай. Мы запрасілі ў Ашмяны сапраўдных індыйцаў, гатавалі масала доса — традыцыйную ежу паўднёва-індыйскай кухні. А пасля кулінарнай часткі праграмы арганізавалі фотасесію ў сары. Дзеці, развітваючыся з намі, у адзін голас і па некалькі разоў перапытвалі, ці прыедзем яшчэ раз. Мы прыехалі. І планавалі паездзіць да канца навучальнага года, але праект нас зацягнуў. І вось так ездзім у Ашмяны ўжо 6 гадоў. Увогуле, за першыя гады мы вывучылі традыцыі, гісторыю, кухню літоўцаў, французаў, грузін, немцаў, амерыканцаў, кітайцаў і іншых народаў. Адметнасцю ўсіх сустрэч з’яўлялася тое, што ў Ашмяны запрашалі прадстаўнікоў кожнай краіны, якія расказвалі дзецям пра свае культуру, звычкі, адукацыю, побыт.

Далей мы знаёмілі дзяцей з байкерскім рухам, альпіністамі. З альпіністамі, напрыклад, арганізоўвалі паход на два дні. За гэты час паспелі навучыцца перапраўляцца праз рэчку па вяроўках, гатавалі ежу на кастры. Увогуле, дзецям такія выезды вельмі падабаюцца, яны адчуваюць, што дарослыя прымаюць іх за сваіх.

Запамінальнай для выхаванцаў інтэрната стала і сустрэча з байкерамі. З імі нам пашанцавала сустракацца двойчы, але ўпэўнена, што такія мотазлёты яшчэ будуць. Уявіце, наколькі шчаслівымі былі дзеці, калі да іх прыехалі чэмпіёны па мотаспорце, каталі на крутых матацыклах, а пасля арганізавалі сапраўдную байкерскую кухню на прыродзе — сала з хлебам! Безумоўна, усіх без выключэння дзяцей цікавіла адно пытанне: што неабходна для таго, каб стаць байкерам. Аказваецца, трэба добра вучыцца. Толькі дзякуючы добрай вучобе ў школе, універсітэце і пасля атрымання добрай прафесіі можна назбіраць грошай і купіць круты матацыкл, а пасля ўжо стаць байкерам. Вось якая сур’ёзная матывацыя!

Акрамя гэтага, у нас быў арганізаваны блок праграм, прысвечаных гісторыі, рыцарам, эпосе Напалеона. Каб зацікавіць дзяцей, мала аднаго ведання гістарычных падзей. Важна зацікавіць дробязямі, тым, пра што не раскажа школьны падручнік. Таму размова з людзьмі, якая дэталёва вывучаюць пэўны кірунак, з’яўляецца вельмі важнай і неабходнай. Так, да нас у Ашмяны прыязджалі спецыялісты, якія займаюцца рэканструкцыяй гістарычных аб’ектаў. Адной з самых запамінальных падзей нашага “гістарычнага” перыяду стала наведванне ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Беразіна”, якая праходзіць пад Барысавам. Убачыць на свае вочы рэканструкцыю такой маштабнай бітвы было вельмі цікава. Да гэтай падзеі мы прымеркавалі і нашу кулінарную праграму — гатавалі ежу таго часу.

Шмат урокаў было накіравана на прафарыентацыю. Дзяцей знаёмілі з маркетынгам, эканомікай, рабілі праграмы, прысвечаныя радыё, самі выходзілі ў прамы эфір. Ажыццявіць такую ідэю дапамог адзін з радыёканалаў. Увогуле, для таго, каб даць дзецям матывацыю, дапамагчы ім зразумець, чаго яны хочуць дасягнуць у жыцці, важна паказаць ім усе бакі нашай рэальнасці”.

Разам з Аленай удзел у выхаванні дзяцей з Ашмянскага дома-інтэрната прымае ўся яе сям’я, у тым ліку і бацькі Алены, якіх усе завуць ашмянскімі бабуляй і дзядулем.

“Шчыра кажучы, не думала, што праект зацягне і маіх бацькоў, — усміхаецца Алена. — Яны ведалі, што я наведваю інтэрнат, і ў адну з паездак вырашылі далучыцца да нас. Цяпер мой тата, які стаў ашмянскім дзедам, ведае ўсе сакрэты, яму давяраюць самыя “страшныя” таямніцы. На яго старонцы “УКантакце” заўсёды “вісіць” гара новых паведамленняў ад дзяцей, і ён з радасцю па вечарах перапісваецца са сваімі новымі ўнукамі.

Мяне часта пытаюць, чаму для супрацоўніцтва абрала менавіта Ашмяны. Важным штуршком стала знаёмства з дырэктарам інтэрната. І гэта самае галоўнае, калі з кіраўніцтвам дзіцячага дома можна знайсці ўзаемаразуменне. Паралельна з Ашмянамі мы спрабавалі наладзіць сувязь і з некаторымі дзіцячымі дамамі Мінска, але адносіны з імі не склаліся.

А ў Ашмянах усе як адна сям’я. І я ведаю, што там дапамога дзецям насамрэч ажыццяўляецца, і тыя рэчы, якія прывозім дзецям, ім і дастануцца”.

Урок самааддачы: як “вылечыць” дзяцей ад эгаізму

“Дзеці, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, не такія простыя, як можа здацца на першы погляд. Усе яны спажывальнікі і прывыклі карыстацца гэтым. З узростам даволі цяжка “адабраць” у дзіцяці ўпэўненасць у тым, што яму ніхто нічога не павінен. Сёння актыўна развіваецца валанцёрскі рух, і да дзяцей у інтэрнатныя ўстановы прыязджае шмат людзей. Усе яны без выключэння прыходзяць з падарункамі, цукеркамі. І дзеці прывыклі, што незнаёмыя людзі прыехалі, абнялі і далі цукерак. Але дзецям гэтыя цукеркі не патрэбны, паверце. Больш за ўсё ім патрэбны клопат і ўвага. Мы павінны навучыць іх жыць у грамадстве, сярод нас. Ад нас дзеці проста так нічога не атрымліваюць. Лічу, што гэта важна — паказаць ім, што любое заахвочванне трэба заслужыць, што ў жыцці галоўнае не браць, а аддаваць. Менавіта па гэтай прычыне дзеці да нашага прыезду рыхтуюць канцэрты, нешта майструюць. Яны ведаюць, што павінны здзівіць гасцей сваімі ўменнямі. Падчас правядзення майстар-класаў навучэнцы інтэрната не стаяць збоку, а гатуюць разам з намі ежу. У працэсе мы дзелімся адно з адным навінамі. І, упэўнена, менавіта мы з вамі павінны падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця і навучыць узаемадзейнічаць з грамадствам. Цудоўна, калі дзяцей на канікулы забіраюць на выхаванне сапраўдныя сем’і.

У мяне, напрыклад, з Ашмян двое прыёмных дзяцей, і некалькіх мы яшчэ падтрымліваем. Першай да нас у сям’ю трапіла Аня. Мы пазнаёміліся, калі ёй было 16 гадоў. Яна часта знаходзілася ў нас. Права апякунства не афармлялі, таму што гэта вельмі доўгі працэс, а Аня ўжо была выпускніцай дзіцячага дома, а значыць, магла знаходзіцца ў нас і без усялякіх “папяровых” нюансаў. Нягледзячы на ўсю неафіцыйнасць, Аня мне як родная сястра, што б хто ні гаварыў.

Пасля Ані ў нас 7 гадоў назад з’явілася 11-гадовая Галя. З ёй адаптацыя праходзіла намнога складаней. Дзяўчынка да нас трапіла якраз у пераломны момант, у пераходным узросце, які ў яе праходзіў вельмі цяжка. Галя была эгаістычнай. Вось яна і ёсць той прыклад, калі падлетак лічыць, што яму ўсе ўсё павінны. “Вы мне павінны ўсё даць, і нічога ўзамен не патрабуйце”, — у гэтым яна была пераканана і лічыла, што гэта правільна. Мы ў любы момант маглі адмовіцца ад гэтай дзяўчынкі, таму што пакуль дзіця афіцыйна не ўсыноўлена, гэта магчыма. Але на сямейным савеце вырашылі, што не адмовімся ад Галі, як бы яна сябе ні паводзіла. Скажу шчыра, было цяжка “ваяваць”, але здавацца было нельга. Паступова сталі заўважаць, што Галя прыслухоўваецца да нас. Яна пачала ўсведамляць, што ў жыцці трэба ўмець пастаяць за сябе і што ўсяго трэба дабівацца самастойна. Патрабаваць нечага ад іншых, не даючы ўзамен нічога, — гэта вяршыня эгаізму. Цяпер Галя імкнецца быць падобнай да нас з мужам. Безумоўна, нейкія моманты непаразумення яшчэ ёсць, але яна стараецца ўсё правільна прымаць і аналізаваць. Сёння дачка — студэнтка БДПУ імя Максіма Танка, і я ганаруся яе поспехамі ў вучобе. Да таго моманту, пакуль Галі не споўнілася 18 гадоў, я павінна была ўсім гаварыць, калі ўзнікалі пытанні, што дзяўчынка — наша прыёмная дачка. А зараз, калі Галя паўналетняя, нікому нічога не тлумачу. Галюня, так як і Аня, — мая родная, і ў гэтым нават ніхто не сумняваецца, таму што яна на мяне вельмі падобная.

Калі гаварыць пра сацыялізацыю і выхаванне, то ўсе дзеці вельмі розныя. У многіх складаны лёс. Часам мы не разумеем, чаму тое ці іншае дзіця ў штыкі ўспрымае спробу дарослых наладзіць кантакт. А цяпер уявіце, што адчувае дзіця, ад якога калісьці адмовіліся біялагічныя бацькі, а цяпер, у свядомым узросце, вярнула назад у інтэрнат і прыёмная сям’я… З такім дзіцем будзе вельмі складана.

Быў у інтэрнаце хлопчык з цяжкім захворваннем, які ні разу не прымаў удзел у нашых майстар-класах, а проста стаяў і глядзеў, чым займаемся, што гатуем з маленькімі кулінарамі. Было цікава, чым скончацца такія назіранні. У выніку хлопчык не вытрымаў, падышоў і сказаў, што сябруе са мной, таму што я добрая і падабаюся яму. Гэта было нечакана. Дзеці, якіх калісьці пакінулі, умеюць бачыць людзей. І дзякуючы “Кулінарыі плюс” у іх з’явіліся новыя сябры, новая сям’я, якая гатова падтрымаць у цяжкую хвіліну”.

 

* * *

Пакуль мы з Аленай размаўлялі, за дзвярыма сядзеў хлопчык, які пасля зайшоў у кабінет. Як аказалася, гэта 11-гадовы Ваня, якога сёння падтрымлівае сям’я Алены Мікульчык.

“Да таго моманту, пакуль можна аформіць апякунства, над дзіцем вядзецца патранаж, яго забіраюць у сям’ю па выхадных, на канікулы. Да Вані мы доўга прыглядаліся, назіралі за яго манерай паводзін. І калі зразумелі, што знойдзем узаемаразуменне з гэтым хлопчыкам, было вырашана аформіць над ім апеку.

Дарэчы, праект “Кулінарыя плюс” унікальны. Ён дае магчымасць кожнаму, хто думае над усынаўленнем, знайсці сабе “сваё” дзіця. Усе жадаючыя могуць далучыцца да нас і паехаць у Ашмяны. Згадзіцеся, калі прыглядаешся да дзіцяці, бачыш яго характар, звычкі, прасцей прыняць рашэнне наконт таго, ці дазволіш гэтаму маленькаму чалавеку стаць часткай сваёй сям’і. Усё-такі візуальны кантакт, прамыя зносіны вельмі важныя. Гэта дае больш шансаў стаць бацькамі. А прыйсці ў цэнтр усынаўлення і спрабаваць па фотаздымках, уласных справах знайсці “патрэбных” дзетак — гэта вельмі складана і можа прынесці расчараванне”.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Алены МІКУЛЬЧЫК.