Культура памяці

- 10:56Культура

27 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках мерапрыемства “75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Беларусь памятае” адбылася прэзентацыя кніг выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” “Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак”, “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”, “Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку”.

Петэр Дэтмар знаёміцца з выданнямі.

Месцам правя­дзення прэс-прэзентацыі ў 75-ю гадавіну выз­валення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў галоўны ваенны музей краіны стаў невыпадкова. З’яўленню згаданых выданняў папярэднічала вялікая навукова-даследчая работа супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, навукоўцаў не толькі нашай краіны, але і Германіі, Аўстрыі. “Важна шукаць кропкі сумеснай дзейнасці, выпрацоўваць культуру памяці, паколькі тое, што адбывалася на нашай зямлі, — гэта гісторыя не толькі Беларусі, але і гісторыя ўсёй Еўропы. Важна гаварыць праўду памяці, рабіць усё магчымае, каб тыя жахлівыя гады больш ніколі не паўтарыліся”, — адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч.

Па словах надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара, мы павінны задумвацца над тым, у якіх формах захоўваць памяць і даносіць яе. Гэтай важнай справай і займаецца выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Але адной толькі кнігі недастаткова. Трэба шукаць новыя падыходы ў музейнай педагогіцы, рабоце ў інтэрнэце, сацыяльных сетках і медыя. Да падрастаючага пакалення інфармацыю трэба даносіць у даступнай форме. Усё гэта неабходна рабіць дзеля таго, каб войны больш не паўтарыліся.

Выданні будуць цікавыя не толькі беларускаму, але і ўсяму еўрапейскаму грамадству. Такую думку выказала надзвычайны і паўнамоцны пасол Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Алаізія Вёргетэр. Яна прызналася, што толькі ў Беларусі зразумела, наколькі мала ведае пра халакост. Захаванню памяці пра трагічныя старонкі гісторыі бу­дзе садзейнічац­ь перасоўная выстава “Лагер смерці “Трасцянец”. Гісторыя і памяць”, якая, як плануецца, у чэрвені бу­дзе паказана ў Аўстрыі. Алаізія Вёргетэр прапанавала зрабіць выданні кніг і на нямецкай мове, што садзейнічала б фарміраванню культуры памяці пра жахлівыя старонкі вайны ў Аўстрыі і Германіі.

— Нам хацелася б, каб гэтыя кнігі закранулі не толькі душу ветэранаў, сведкаў ваеннага ліхалецця, але і сённяшнюю моладзь, былі запатрабаваны ў школах. Менавіта дзеці панеслі найбольшыя фізічныя, эмацыянальныя і псіхалагічныя страты ў вайну. Каля 25 тысяч падлеткаў і юнакоў дапрызыўнага ўзросту змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў падполлі, партызанскіх атрадах, на франтах. Пра гэта расказвае, напрыклад, кніга “Маленькія салдаты вялікай вайны”, — падзяліўся Уладзімір Андрыевіч.

Выступае Уладзімір Андрыевіч.

Кніга можа стаць добрым памочнікам для педагогаў. На аснове прадстаўленых у ёй матэрыялаў пра амаль 250 юных змагароў можна праводзіць выхаваўчыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці. Выкарыстоўваючы звесткі, змешчаныя ў кнізе, юныя краязнаўцы-пошукаўцы могуць падрыхтаваць матэрыялы пра сваіх равеснікаў, землякоў, якія воляй лёсу страцілі баць­коў, змагаліся ў падполлі, ваявалі ў партызанскіх атрадах, у складзе рэгулярных воінскіх часцей.

Наперадзе ў выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” шмат знакавых, цікавых і, галоўнае, запатрабаваных грамадствам выданняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны. І кожнае з іх дапаможа настаўнікам захоўваць сярод падрастаючага пакалення культуру памяці пра вайну, выхоўваць культуру міру.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.