Курс на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі

- 11:12Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Сёння наша суботняя планёрка завітала на Шаркаўшчыну, што на Віцебшчыне. Пра дасягненні і праблемы ў сістэме адукацыі рэгіёна мы гутарым з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалаем Мікалаевічам РУБАЦКІМ.


— Мікалай Мікалаевіч, чым быў адметны мінулы навучальны год для сістэмы адукацыі раёна? Якія цікавыя праекты рэалізоўваліся?

— Ва ўстановах адукацыі раёна ў гэтым навучальным годзе рэалізоўваўся шэраг цікавых мерапрыемстваў і праектаў. Так, нашы ўстановы адукацыі прынялі актыўны ўдзел у рэалізацыі абласных творчых (даследчых) праектаў “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы, заснаванай на партнёрстве школы, сям’і і грамадскасці “Ад моцнай сям’і да моцнай дзяржавы” (Германавіцкая сярэдняя школа), “Укараненне мадэлі “зялёнай школы”: апрабацыя экалагічнага менеджменту” (Лужкоўская сярэдняя школа), “Мадэляванне і стварэнне персаніфікаванай сістэмы выхавання дзіцяці” (сярэдняя школа № 1 Шаркаўшчыны). У Велікасельскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе з 2014 года рэалізоўваецца праект “Укараненне мадэлі супрацоўніцтва ў шосты школьны дзень пяцідзённага вучэбнага тыдня”. Гэты праект у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”.

У 2012—2014 гадах установы адукацыі раёна былі ўключаны ў рэалізацыю праграмы “Зялёныя школы” ў межах праекта Еўрапейскага Саюза Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю ўсёахопнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. З 2013 па 2015 год у школах рэалізоўваўся праект, які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам, “Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над абаронай і будучыняй малых рэк басейна ракі Дзісны”. У выніку створаны школьныя экалагічныя клубы і пасты.

Восенню 2016 года пры фінансавай падтрымцы ПРААН і фонду “Кока-Кола” плануем на базе Германавіцкай сярэдняй школы адкрыць эколага-асветніцкі цэнтр. Яго работа будзе накіравана на павышэнне ўзроўню ведаў жыхароў і адміністрацыі Шаркаўшчынскага і суседніх раёнаў у пытаннях устойлівага кіравання рэсурсамі і прыродаахоўнай каштоўнасці рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”.

Работа ў экалагічным напрамку дае свой плён. Дыпломам за ўдзел у Міжнародным маладзёжным экалагічным кангрэсе ў Варонежы ўзнагароджаны настаўніца Германавіцкай сярэдняй школы Марына Аляксандраўна Фёдарава і навучэнцы Анжэла Свілёнак і Аляксандр Фёдараў. У рэгіянальным этапе Міжнароднага дзіцячага экалагічнага форуму “Зялёная планета — 2016” удастоены дыплома ІІІ ступені навучэнцы Лізавета Гуляшка і Настасся Дубоўская (кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Шаркаўшчынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мікалаеўна Калесніковіч). Навучэнцы сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны ў Рэспубліканскім конкурсе “Моладзь — за чысціню гарадоў і сёл” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод навучэнскай моладзі” ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені. І гэта далёка не ўвесь спіс узнагарод і перамог. Штогод таленавітыя навучэнцы атрымліваюць грашовыя прэміі і падзякі, а бацькі — падзякі за выхаванне дзяцей ад старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама М.І Баговіча.

— Аздараўленне дзяцей і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, падрыхтоўка іх да новага навучальнага года з’яўляюцца ў летні перыяд першачарговым клопатам для кіраўніцтва раёна?

— Гэта сапраўды так. На летніх канікулах мы плануем аздаравіць 465 школьнікаў раёна ў прышкольных лагерах. Найбольш прыцягальнымі напрамкамі работы прышкольных лагераў для дзяцей з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычны і спартыўна-аздараўленчы, таксама папулярнасцю карыстаюцца лагеры працы і адпачынку. У летні перыяд у раёне працуюць гурткі, камп’ютарныя класы і спартыўныя залы. Для дзяцей арганізоўваюцца паходы і экскурсіі як па родным раёне, так і за яго межамі.

Сёлета са сродкаў абласнога бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва, на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, выдзелена больш за 279 млн рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на заработную плату і матэрыялы для правядзення касметычных рамонтаў ва ўстановах адукацыі раёна.

У падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года шмат намаганняў прыкладваюць і Шаркаўшчынскі райвыканкам, шэфскія арганізацыі і прадпрыемствы раёна, бацькоўская грамадскасць, за што ім вялікі дзякуй.

— Наколькі для Шаркаўшчынскага раёна актуальная праблема аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі?

— 1 верасня 2015 года ва ўстановы адукацыі раёна прыйшлі 1595 школьнікаў і 467 выхаванцаў дашкольных устаноў. Для рэалізацыі іх права на атрыманне паўнацэннай і якаснай адукацыі ў раёне працуюць 10 дашкольных устаноў, 4 пачатковыя, 5 базавых і 7 сярэдніх школ. З 16 агульнаадукацыйных школ 6 устаноў з’яўляюцца вучэбна-педагагічнымі комплексамі “сад — школа”. У раёне працуюць Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Ужо не першы год мы адзначаем тэндэнцыю да памяншэння колькасці навучэнцаў, таму пытанне аптымізацыі навучальных устаноў для нас з’яўляецца актуальным. Але закрыццю любой установы адукацыі папярэднічае вялікая арганізацыйная і растлумачальная работа: сустрэчы з бацькамі, работа па працаўладкаванні педагогаў і арганізацыі падвозу дзяцей.

— Якія планы на найбліжэйшую будучыню?

— Стратэгічнымі мэтамі былі і застаюцца забеспячэнне даступнасці адукацыі і павышэнне яе якасці. Мяняюцца толькі акцэнты і змест дзейнасці па гэтых напрамках.

У новым навучальным годзе будзе працягнута работа па дапрофільнай падрыхтоўцы навучэнцаў і профільным навучанні. З-за малой напаўняльнасці ўстаноў адукацыі ў іх арганізоўваюцца профільныя групы, у якіх асобныя вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Дарэчы, летась ва ўсіх сярэдніх школах раёна было арганізавана профільнае навучанне. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца такія прадметы, як “Матэматыка”, “Руская мова” і “Беларуская мова”.

Галоўная задача, якую ставяць дзяржава і грамадства перад школай, — сфарміраваць асобу, здольную заняць у жыцці дастойнае месца, вырасціць чалавека, гатовага ўзяць адказнасць за сябе і сваіх блізкіх. У кантэксце выканання гэтага сацыяльнага заказу і працуе ўся сістэма адукацыі Шаркаўшчынскага раёна.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.