Курс — на збліжэнне агульнай і спецыяльнай адукацыі

- 16:00Рознае, Спецыяльная адукацыя
Днямі ў канферэнц-зале Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭкспа” ў межах X Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Свет дзяцінства — 2014” прайшоў рэспубліканскі круглы стол “Вучэбна-метадычнае забеспячэнне інтэграванага навучання і выхавання”. Удзельнікі мерапрыемства — навукоўцы і педагогі-практыкі — абмеркавалі стан і перспектывы развіцця вучэбнага кнігавыдання для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, метадычныя падыходы, якія неабходна выкарыстоўваць настаўнікам у інтэграваным класе, а таксама прадставілі станоўчы вопыт работы ўстаноў адукацыі на шляху да інтэграцыі.
Стварыць адзінае праграмна-метадычнае суправаджэнне

“У наступным годзе мы адзначым 20-годдзе з моманту прыняцця першага нарматыўнага дакумента, прысвечанага інтэграванаму навучанню і выхаванню, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. — На гэтым шляху ёсць поспехі. У краіне створана каля 6 тысяч інтэграваных і 200 спецыяльных класаў. Амаль 2 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за палову ад усіх агульнаадукацыйных школ!) прымаюць зараз у сябе дзяцей з АПФР. З году ў год узрастае колькасць дзяцей з АПФР, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. На ўзроўні агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі (па даных 2013 года) такіх дзяцей — 73,4 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей з асаблівасцямі.
Не абыходзіцца і без праблем. Адна з іх у тым, што педагогі, якім даводзіцца працаваць з дзецьмі з АПФР, не заўсёды маюць спецыяльную адукацыю (вышэйшую дэфекталагічную) і часта не гатовы да такой работы. Узнікаюць і чыста маральныя праблемы: настаўнікі, як пачатковых класаў, так і прадметнікі, часам нават пратэстуюць супраць таго, каб у іх класе знаходзіліся дзеці з АПФР, ёсць нават выпадкі звальнення педагогаў па гэтай прычыне. Існуе і яшчэ адна тэма для абмеркавання — вучэбна-метадычнае забеспячэнне класаў інтэграванага навучання і выхавання”.
“Афіцыйным пачаткам выдання нацыянальнай вучэбнай літаратуры для дзяцей з АПФР у Рэспубліцы Беларусь можна лічыць 1996 год, калі з’явіліся 23 найменні вучэбных дапаможнікаў для навучэнцаў 1-х класаў устаноў спецыяльнай адукацыі, — паведаміла начальнік упраўлення метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі НІА Алена Уладзіміраўна Рахманава. — З таго часу галіна спецыяльнай адукацыі атрымала больш за 500 самых розных вучэбных выданняў. Былі распрацаваны і дапушчаны да выкарыстання першыя электронныя навучальныя дапаможнікі. Аднак, нягледзячы на штогадовыя значныя аб’ёмы выпуску вучэбнай літаратуры, мы пакуль не забяспечылі ёю ў поўнай меры ўсе тыпы спецыяльных устаноў. Актуальнай на гэтым этапе з’яўляецца таксама і распрацоўка праграм, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для карэкцыйных заняткаў для ўсіх відаў устаноў спецыяльнай адукацыі. Не хапае вучэбна-метадычных дапаможнікаў, якія выдаюцца для педагогаў-прадметнікаў, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі. Але ўжо выйшаў дапаможнік па адаптыўнай фізкультуры, рыхтуюцца да выпуску два дапаможнікі для работы з дзецьмі, якія маюць аўтычныя парушэнні”.
Пры ўсіх дасягненнях вучэбнага кнігавыдання неабходна адзначыць, што існуючыя вучэбныя дапаможнікі, прызначаныя для выкарыстання ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, не могуць паспяхова “працаваць” ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. Можна сказаць, што ў педагогаў пры рабоце ў такіх умовах адсутнічае належнае спецыяльнае метадычнае суправаджэнне, якое тычыцца навучання асоб з АПФР. Настаўнікам часта не хапае спецыяльных ведаў аб псіхафізіялагічным развіцці дзяцей з тымі ці іншымі парушэннямі, аб методыках выкладання для іх і аб прыёмах карэкцыйнай вучэбна-выхаваўчай работы.
У найбліжэйшы час неабходна стварыць адзінае праграмна-метадычнае суправаджэнне для сістэм асноўнай і спецыяльнай адукацыі, скарэкціраваць змест спецыяльнай адукацыі з улікам сучаснага ўзроўню развіцця навукі і тых асноўных ведаў, якія неабходна засвоіць навучэнцам з АПФР у адпаведнасці з іх патрэбамі і магчымасцямі. Зараз ствараюцца прадметныя стандарты спецыяльнай адукацыі, распрацоўваюцца новыя і карэкціруюцца існуючыя праграмы спецыяльнай адукацыі з улікам інклюзіўных падыходаў, на эксперыментальных пляцоўках апрабоўваюцца навучальныя праграмы для спецыяльных агульнаадукацыйных школ. Паспяховае завяршэнне гэтых праектных мерапрыемстваў дазволіць прыступіць да стварэння інавацыйных інклюзіўных вучэбна-метадычных комплексаў, у тым ліку ЭСН.
Ужо ў гэтым годзе выйдзе дапаможнік для адміністрацыі і педагогаў сярэдніх школ, які азнаёміць з сістэмным падыходам да арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання. У ім будуць прадстаўлены практычныя рэкамендацыі для ўстаноў па складанні агульных гадавых планаў работы, а таксама па кіраўніцтве і кантролі за адукацыйным працэсам, псіхолага-педагагічным суправаджэнні, па арганізацыі метадычнай работы як ва ўстанове, так і ў рэгіёне.

Улічыць патрэбнасці і магчымасці дзяцей

“Не існуе адзінай правільнай мадэлі інтэграванага навучання, таму што ўсе дзеці розныя. Пры выбары праграмы навучання для дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю павінны ўлічвацца перш за ўсё яго патрэбнасці і магчымасці, — адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Лаўрэнцьеўна Ляшчынская — аўтар вучэбна-метадычных комплексаў для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. — Зараз я рыхтую падручнік па беларускай мове для 3 класа дапаможнай школы. Шмат практыкаванняў у ім маюць рухальнае падмацаванне. Чаму? Тлумачэнне тут вельмі простае: калі ў звычайных дзяцей пераважае зрокавае ўспрыманне, то для большасці дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю яно не з’яўляецца вядучым. Для іх больш важнымі з’яўляюцца датыкальныя, пачуццёвыя і рухальная адчуванні”.
Аб неабходнасці ўлічваць патрэбы дзяцей з парушэннем зроку пры стварэнні для іх вучэбна-метадычнага забеспячэння паведаміла загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Вольга Станіславаўна Хруль. Ва ўмовах інтэграцыі ў асноўным навучаюцца дзеці, якія слаба бачаць, і дзеці з функцыянальнымі парушэннямі зроку — з амбліяпіяй і касавокасцю. Аднак ёсць выпадкі, калі ва ўмовах інтэграцыі знаходзяцца і невідушчыя вучні. Для іх неабходна ствараць спецыяльнае адукацыйнае асяроддзе — выконваць пэўныя эрганамічныя патрабаванні, выкарыстоўваць спецыяльныя вучэбна-метадычныя комплексы. Дзеці з парушэннем зроку навучаюцца па вучэбных планах для спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў, у якіх прадугледжаны дзяржаўны і карэкцыйны кампаненты. Але займаюцца дзеці па праграмах агульнаадукацыйнай школы.
На ўроках для слабавідушчых дзяцей выкарыстоўваюцца падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі з павялічаным шрыфтам, адаптаванымі тэкстамі і ілюстрацыямі. Для такіх навучэнцаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы пры чытанні: дадатковае асвятленне, павелічальныя лупы, прымяняецца іншая тыфлатэхніка. Для невідушчых дзяцей выкарыстоўваюцца кнігі, якія агучваюць інфармацыю, спецыяльныя сшыткі і падручнікі, дыдактычныя дапаможнікі, выкананыя шрыфтам Брайля, а таксама прыборы для пісьма і чытання па сістэме Брайля.
“У банку даных аб дзецях з АПФР каля 60 працэнтаў складаюць дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення і парушэннямі псіхічнага развіцця, а таксама дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, — расказала метадыст упраўлення метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі НІА Валянціна Іосіфаўна Аляшкевіч. — Калі яны прыходзяць у агульнаадукацыйныя школы, настаўнікам даводзіцца будаваць сваю работу з улікам іх асаблівасцей. Гэтыя дзеці часта рассеяныя, няўважлівыя, у іх адсутнічае цэласнасць успрымання матэрыялу, яны з цяжкасцю авалодваюць графічнымі навыкамі. Зрабіць вучэбны матэрыял даступным для такіх дзяцей — галоўная задача настаўніка, і часам менавіта яна выклікае цяжкасці. Пачатковая школа для гэтых дзяцей мае 5-гадовы тэрмін навучання (наступны школьны перыяд — звычайны). Настаўнікі пачатковых класаў працуюць пры гэтым па дзвюх праграмах і па двух падручніках (спецыяльных і агульнаадукацыйных), якія па змесце паміж сабой не спалучаюцца. Пачатковыя класы па асноўных прадметах для дзяцей з ЦПМ забяспечаны спецыяльнымі праграмамі, вучэбнымі планамі, вучэбнымі дапаможнікамі і падручнікамі. Карыснымі навінкамі для дзяцей з ЦПМ з’яўляюцца дапаможнікі “Навучанне грамаце” для 1-х класаў (з беларускай мовай навучання), “Работа над словам на ўроках мовы і літаратуры” на ІІ ступені (з беларускай мовай навучання). Па рускай мове такіх выданняў пакуль няма. Вучэбны прадмет “Развіццё маўлення” таксама не забяспечаны ні праграмай, ні літаратурай. На ІІ-ІІІ ступенях навучанне такіх дзяцей забяспечваецца толькі спецыяльным вучэбным планам, а праграмы і вучэбныя дапаможнікі выкарыстоўваюцца тыя, што і ў навучэнцаў агульнаадукацыйнай школы, яны даступныя для навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення і цяжкасцямі ў навучанні”.

Дасягненні і праблемы

“У нашай школе ў інтэграваных класах вучацца дзеці з парушэннямі маўлення і цяжкасцямі ў навучанні, дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю і ў спецыяльных класах — дзеці з парушэннем слыху: усяго 115 навучэнцаў з АПФР (пры агульнай колькасці вучняў школы 322), — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 91 Мінска імя Хасэ Марці Галіна Аляксандраўна Лушчанкова. — Пры навучанні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Адным з самых эфектыўных сродкаў навучання ўсіх дзяцей, незалежна ад парушэнняў, з’яўляецца інтэрактыўная дошка. Для дзяцей з парушэннем слыху, якія маюць патрэбу ў візуалізацыі інфармацыі, гэта мае вялікае значэнне. У 2013 годзе 16 кабінетаў нашай школы былі абсталяваны такімі дошкамі. Практычна ў кожным кабінеце ёсць камп’ютары. У сваёй рабоце настаўнікі шырока выкарыстоўваюць гатовыя ЭСН і праграмныя прадукты са школьнай медыятэкі, ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, рыхтуюць відэаматэрыялы”.
На базе сярэдняй школы № 46 Віцебска былі адкрыты 10 класаў інтэграванага навучання поўнай і няпоўнай мадэлі. Аб гэтым расказалі настаўнікі-дэфектолагі ўстановы Вольга Аляксандраўна Шурухаева і Інга Уладзіміраўна Міляк. У школе вучацца 23 навучэнцы па праграмах для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, з цяжкімі парушэннямі маўлення і па вучэбных планах спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем зроку, з парушэннем слыху і з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату. З мэтай стварэння камфортных умоў для дзяцей з АПФР і для настаўнікаў, якія выкладаюць у інтэграваных класах, у школе сабралі ўласны вучэбна-метадычны комплекс (ВМК). Ёсць картатэка нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгламентуюць працэс навучання. Настаўнікі выкарыстоўваюць праграмы спецыяльных агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання па ўсіх асноўных прадметах. На аснове гэтых праграм распрацаваны навучальныя дапаможнікі, па якіх з дзецьмі праводзяцца заняткі. На жаль, праграмы па арганізацыі карэкцыйных заняткаў і метадычныя дапаможнікі да падручнікаў даступны для настаўнікаў не ў поўным аб’ёме. Не хапае і навучальных дапаможнікаў для гэтых катэгорый дзяцей.
Разумеючы неабходнасць пераходу да інклюзіўнай мадэлі навучання, настаўнікі-дэфектолагі 46-й віцебскай школы спрабуюць выбудоўваць сваю работу на ўроках сумесна з настаўнікамі-прадметнікамі, якія вядуць урокі ў класе ў прысутнасці дэфектолагаў, якія адначасова аказваюць дапамогу дзецям з АПФР. На ўроках і карэкцыйных занятках педагогі карыстаюцца традыцыйнымі і сучаснымі камп’ютарнымі формамі, метадамі і сродкамі арганізацыі навучальнага працэсу. Школа абсталявана 3 камп’ютарнымі класамі, 2 лінгафоннымі кабінетамі, а таксама дошкамі з інтэрактыўнымі ўказкамі. Гэта дазваляе шырока выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання.
“У 2009 годзе, калі наша школа толькі адкрывалася, яна мела безбар’ернае асяроддзе, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце яшчэ адной установы сярэдняй школы № 25 Мінска Таццяна Генадзьеўна Бандарэнка. — Планавалася, што ў ёй будуць створаны інтэграваныя класы. У першую чаргу мы прымалі навучэнцаў з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Зараз у нас вучыцца 13 навучэнцаў з АПФР (усяго ў школе больш за 1000 навучэнцаў). Са з’яўленнем у школе дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця зарадзілася ідэя, якая перарасла ў праект, аб магчымасці фарміравання ва ўстанове класаў інтэграванага навучання і выхавання. Мы пачалі працаваць у кірунку стварэння камфортнага школьнага асяроддзя, функцыянальнай адукацыйнай прасторы, фарміравання інклюзіўнай культуры педагогаў. Акрамя таго, сталі арганізоўваць і праводзіць сумесныя мерапрыемствы, акцыі з рознымі фондамі, аб’яднаннямі, арганізацыямі, супрацоўнічаць з гарадскім ЦКРНіР, МГІРА, АПА, БДПУ імя Максіма Танка, БДМУ”.
Таццяна Генадзьеўна спынілася на актуальных праблемах, якія пакуль не знайшлі свайго вырашэння. Па-першае, гэта арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўмовах інтэграванага класа няпоўнай напаўняльнасці. Пры спалучэнні праграмы агульнаадукацыйнай школы ІІ-ІІІ ступеняў і праграмы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні асаблівай праблемы не ўзнікае. Але з дзецьмі першага аддзялення дапаможнай школы побач з асноўным настаўнікам павінен пастаянна знаходзіцца настаўнік-дэфектолаг, а яму выдзелена для работы з кожным навучэнцам толькі 8 гадзін у тыдзень.
Па-другое, не хапае метадычных дапаможнікаў з распрацоўкамі навучальных заняткаў пры спалучэнні розных праграм.
Па-трэцяе, няма кантрольна-ацэначных крытэрыяў па выніках асваення праграм для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні і з цяжкімі парушэннямі маўлення. Адзіная норма ацэньвання негатыўна ўплывае на аб’ектыўнасць ацэнкі ведаў навучэнцаў з АПФР (асабліва на ІІ ступені).
Чацвёртым пунктам з’яўляецца праблема суправаджэння дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Зараз адзін памочнік замацаваны за 4 дзецьмі.
Узнікаюць таксама складанасці і з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўмовах інтэграванага класа поўнай і няпоўнай напаўняльнасці на ІІ ступені адукацыі.
У наступным годзе педагогі школ, па меркаванні Таццяны Генадзьеўны, з усім гэтым сутыкнуцца. Адрозненні ў навучальных планах павялічваюцца, і самі сабой паўстаюць пытанні пры складанні раскладу вучэбных заняткаў, асабліва ў класах з дзецьмі першага аддзялення дапаможнай школы.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.