“Ква-ква-парк” для Жабінкі

- 10:09Адукацыйная прастора

З першага класа Данііл Данілюк, сёння ўжо навучэнец 4 класа сярэдняй школы Жабінкі, прымае ўдзел у конкурсах даследчых работ, і ва ўсіх ён быў пераможцам. У студзені 2017 года хлопчык стаў пераможцам раённай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. У цэнтры яго работы-мары “Будучыня майго горада” — вялізны аквапарк у сем паверхаў у выглядзе жабы, якая, па задуме Данііла, магла б стаць сімвалам Жабінкі. На выхадных аўтар праекта выкарыстаў яшчэ адну сваю ўзнагароду — паездку па ўстановах адукацыі Мінска і адпачынак разам са сваімі блізкімі і сябрамі ў аквапарку “Лебядзіны”.

“Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому” — гэта пра Данііла. Акрамя выдатнай вучобы і значных поспехаў у матэматыцы, ён захапляецца музыкай (вучыцца ігры на гітары ў музычнай школе), гуляе ў шахматы, стварае мультфільмы. Падабаецца хлопчыку і спідкубінг. За тры гады самастойнай работы прыняў удзел у трох міжнародных спаборніцтвах.

“Мой асабісты рэкорд у кубіку 3 на 3 — 22 секунды, — гаворыць Данііл, спрытна пстрыкаючы каляровымі квадрацікамі. — Але сусветны рэкорд — 4,9, таму трэніравацца мне яшчэ доўга. Цяпер асвойваю новыя кубікі — мегамінксы, ск’юбы, пірамідкі, гадзіннік Рубіка. Спрабую і сляпую зборку”.

Шмат часу хлопчык праводзіць, падарожнічаючы з мамай па розных гарадах і краінах. Хаця, як прызнаецца мама Данііла Вольга Генадзьеўна, падарожжы хутчэй вымушаныя: “У мяне часта пытаюцца, чаму мы ўвесь час некуды едзем. Пакуль дзіця расце, трэба яго развіваць, пашыраць кругагляд, а наш горад Жабінка настолькі маленькі, што няма куды з дзіцем схадзіць. Нічога няма для адпачынку: ні кінатэатраў, ні тэатраў. Нават гурткі прывычныя, і іх пералік ніколі не мяняецца. Напрыклад, найбліжэйшы гурток па робататэхніцы — у Брэсце, і мне як маме трэба затрачваць шмат сродкаў і часу, каб вазіць дзіця туды на заняткі. Даводзіцца выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб арганізаваць яго навучанне так, каб паспяваць усё. Падчас экскурсіі па Мінску мы наведалі таксама гурток робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай і інавацыйнай творчасці і высветлілі, што, калі зробім запыт, можна будзе арганізаваць такі ж гурток у Жабінцы. Мы вяртаемся з надзеяй на гэта, бо здорава, калі дзеці ў такім узросце могуць абганяць час”.

Данііл пакуль засяродзіўся на развіцці інфраструктуры горада. І пачаць вырашыў з пабудовы аквапарку. “Мне хацелася б, каб наш гарадок вызначаўся не толькі званнем спадарожніка Брэста, але і меў сваё аблічча, — гаворыць Данііл. — Я думаў, што б такое зрабіць у Жабінцы, каб мне як жыхару было там цікава і каб было што паказаць гасцям горада і турыстам. Аквапарк — найлепшы варыянт: гэта модна, карысна для здароўя і актуальна круглы год. Я быў у звычайных аквапарках у Львове і Кобрыне, але мне для свайго горада хацелася нечага асаблівага. І я прапанаваў стварыць “Ква-ква-парк” — гэта аквапарк у выглядзе велізарнай жабы ў сем паверхаў, у якім змаглі б адпачываць жыхары і госці горада. У нас ёсць рака Мухавец, і аквапарк цудоўна было б пабудаваць на рацэ, каб летам купацца ў адкрытай воднай зоне”.

Гэты праект адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, які падчас сваёй рабочай паездкі па Брэстчыне трапіў у школу, дзе праходзіў раённы этап канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Кіраўніцтва горада папрасіла перадаць праект у аддзел архітэктуры і будаўніцтва Жабінкі, таму ёсць надзея, што “Ква-ква-парк” пяройдзе з паперы ў рэальнасць.

Для настаўніцы Данііла Наталлі Расціславаўны Бабровай, якая разам са сваёй сям’ёй таксама была ў складзе дэлегацыі, больш каштоўнае развіццё не горада, а дзіцяці. “Тут супалі інтарэсы трох людзей: дзіцяці, якое цікавіцца ўсім, актыўнай і творчай маці (яна мастачка) і мае прыярытэты (я працую з адоранымі дзецьмі), — гаворыць яна. І тое, што праект заўважаны, стане штуршком для далейшых дзеянняў Данііла. Гэта магчымасць паверыць у свае сілы”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.