Лабараторыі, педагагічныя студыі, творчыя групы: гімназія № 1 Ваўкавыска прапануе новы фармат метадычнай работы

- 16:04Образование

Метадычная работа ў гімназіі № 1 Ваўкавыска мае сваю спецыфіку і адрозніваецца ад традыцыйнай дзейнасці, якая ажыццяўлялася ў нашых школах гадамі і вядома кожнаму вопытнаму педагогу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

– Традыцыйныя формы і спосабы метадычнай работы не прыносілі жаданага выніку, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Алена Аскірка. — У выніку мы адмовіліся ад метадычных аб’яднанняў, бо яны не апраўдвалі сябе: людзі працу­юць адно з адным, прызвычайваюцца, і ім, па сутнасці, няма чым па­дзяліцца. Зараз у нас дзейнічаюць метадычныя фарміраванні рознага плана: і лабараторыі, і школы, і педагагічныя студыі, і творчыя групы. На падставе рашэння педсавета, па выніках метадычнай работы за год мы вызначаем тыя праблемы, якія існуюць, або пытанні, якія на сёння найбольш актуальныя, і вызначаем напрамкі дзейнасці: кожны настаўнік для сябе выбірае, што яму цікава і чым ён будзе займацца. Сёння ў гімназіі дзейнічаюць лабараторыі “Функцыянальная дасведчанасць”, “Адукацыйны эфект рэфлексіўнага навучання”, педагагічная студыя “ІТ на вучэбных занятках: ад тэорыі да практыкі”, творчая група “Даследаванне ўрока” і інш. Паспяхова працуе школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства “Падрыхтоўка да кваліфікацыйнага экзамену на вышэйшую катэгорыю”. Дарэчы, сёлета два педагогі здалі кваліфікацыйны экзамен і яшчэ адзін рыхтуецца да яго.

Пры гэтым ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца вельмі вялікая папярэдняя работа. Праводзіцца дыягностыка запытаў педагогаў, цяжкасцей, з якімі яны сутыкаюцца, потым вылучаюцца ключавыя моманты, якія аб’ядноўваюць лю­дзей, і выносяцца на абмеркаванне. І толькі пасля гэтага выбіраюцца тыя напрамкі, якія будуць сапраўды цікавыя і запатрабаваныя. Дыя­гностыка, дарэчы, праходзіць на працягу года.

Стала добрай традыцыяй правядзенне кожным фарміраваннем метадычнага тыдня, дзе педагогі прадстаўляюць свае напрацоўкі. У гэтым навучальным годзе прайшлі чатыры такія тыдні (па даследаванні ўрока, па функцыянальнай дасведчанасці, па ІТ і метадычная мазаіка па рабоце з адоранымі дзецьмі).

— На метадычным тыдні самае галоўнае для настаўніка — не проста годна выступіць перад калегамі, а зрабіць гэта так, як ніхто яшчэ не рабіў: паказаць сродкі па тэме, што вывучаецца, або тэхналогію, якая выкарыстоўваецца, і прадэманстраваць, чаму навучыліся за пэўны перыяд. Няма проста даклада, выступлення або паведамлення. Усё адбываецца ў інтэрактыўным рэжыме, ва ўзаемадзеянні. Так, на адным з мерапрыемстваў педагогі правялі ўрок для дарослых: на аснове малавядомых дзіцячых казак паказалі, як можна падрыхтаваць дзіця да напісання сачынення з выкарыстаннем афарызмаў. Вынікі перасягнулі ўсе чаканні, — падкрэслівае Алена Мікалаеўна. 

Практыка паказвае, што новы фармат метадычнай работы намнога больш эфектыўны за звычайны. Па-першае, кожны педагог выбірае для сябе тое, што яму цікава, а па-другое, кожны хварэе душой за тое, як арыгінальна на метадычным тыдні прадставіць свае напрацоўкі.

Вопыт метадычнай работы гімназіі № 1 Ваўкавыска прызнаны перадавым на Гродзеншчыне. Пяты год установа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па метадычнай рабоце, а з 2022 года — яшчэ і абласным. Кіруе ім Алена Аскірка.

Пяць разоў настаўнікі гімназіі станавіліся пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, трое з іх — Алена Аскірка, Ірына Клак, Людміла Заяц — з’яўляюцца фіналістамі заключнага этапу гэтых спаборніцтваў розных гадоў, а Людміла Заяц стала пераможцай конкурсу ў 2017 годзе ў намінацыі “Пачатковыя класы”.

У межах работы рэсурснага цэнтра ў гімназіі праходзяць адукацыйныя мерапрыемствы для педагогаў раёна, вобласці. Педагогі Ірына Клак, Людміла Заяц, Галіна Аксаміт, Алена Аскірка працуюць у якасці выкладчыкаў у Гродзенскім абласным ІРА на павышэнні кваліфікацыі педагогаў, право­дзяць майстар-класы, урокі для дарослых.

— На базе гімназіі прахо­дзіць навучанне намеснікаў дырэктара, якія курыруюць метадычную работу, а таксама рэзерву кадраў раёна. На некалькі дзён кіраўнікі з дапамогай прафсаюзнай арганізацыі выязджаюць у санаторый, дзе для іх арганізуецца навучанне па самых розных тэмах: работа з кадрамі, арганізацыя метадычнай работы, ахова працы і інш., — расказвае аб напрамках работы цэнтра Алена Аскірка. — Мы вучым і будучых удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года”. Як толькі сфарміравана раённая каманда, традыцыйна праходзіць семінар для яе ўдзельнікаў. Мы прэзентуем настаўнікам асноўныя мерапрыем­ствы, іх асаблівасці, расстаўляем акцэнты. Безумоўна, адказнасць вельмі вялікая, бо мы працуем не толькі са сваімі настаўнікамі, але і з педагогамі з іншых устаноў адукацыі: што мы ім данясём, з тым яны пойдуць далей. Сёлета ў нас сапраўды добра атрымалася: з раёна дзве настаўніцы — Аксана Свістунова і Ксенія Арцюх — прайшлі на рэспубліканскі этап. Настаўніца геаграфіі гімназіі Таццяна Гарбачэўская заняла 2-е месца на вобласці. Мы выступілі годна. Конкурс “Настаўнік года” дазваляе раскрыцца асобе педагога: непрыметны на першы погляд, але правільна матываваны чалавек дасягае поспехаў. Пакуль Таццяна Іванаўна рыхтавалася да конкурсу, здала кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю. Чалавек проста развіваўся на вачах. Дарэчы, з 2009 года прадстаўнікі нашай гімназіі кожны год удзельнічаюць у конкурсе і, як правіла, даходзяць да рэспубліканскага этапу. Увогуле, правільна пабудаваная метадычная работа дазваляе вырасціць з маладога спецыяліста прафесіянала, які бу­дзе пры­маць удзел у конкурсе педагагічнага майстэрства.

Трансляцыя вопыту і навучанне маладых спецыялістаў (на базе ўстановы адукацыі дзейнічае раённая школа маладога настаўніка) таксама у прыярытэце. Практыка паказвае, што маладыя спецыя­лісты прыходзяць з універсітэта без пэўнай метадычнай асновы. Яны добра ведаюць свой прадмет, але выкладаць яго дзецям для іх часта праблематычна. Таму ў аснове навучання маладых педагогаў практыка-арыентаваны, дзейсны падыход: ад метадычных асноў, планавання ўрока і інш. да глабальных рэчаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара