Лабараторыя поспеху

- 10:45Людзі адукацыі

Падцягнуты і энергічны — ён малады не толькі знешне, але і ў душы. Адкрыты і добразычлівы — з ім лёгка і прыемна знаходзіцца побач. Прыйдзеш да яго на некалькі хвілін — і не заўважыш, як праляціць гадзіна. Пачнеш размову — і міжволі трапіш пад сілу яго абаяння.

Доктару педагагічных навук, прафесару, заслужанаму работніку фізічнай культуры і спорту Генадзю Іванавічу Нарскіну — 65 гадоў. Пачуццё гумару дазваляе яму з аптымізмам глядзець на жыццё, а будаваць яго па сваім сцэнарыі дапамагаюць настойлівасць, мэтанакіраванасць і захопленасць любімай справай. Для Генадзя Іванавіча справай усяго жыцця стаў спорт.

“З ранняга дзяцінства я марыў стаць спартсменам, — распавядае ён. — У школьныя гады зацвердзіўся ў сваім выбары дзякуючы настаўніку фізкультуры. Як многа ў нашым жыцці адыгрываюць асобныя людзі! Урок фізічнага выхавання быў адным з самых любімых. Ужо тады я засвоіў сакрэт поспеху — працаваць трэба на мяжы магчымасцей і нават больш!”

Поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць — адна за другой прыйшлі перамогі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, валейболе, баскетболе. У 9 класе невысокі хлопец стаў капітанам школьнай зборнай па баскетболе, а пазней — членам нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы.

“Я быў упарты, да таго ж перфекцыяніст — імкнуўся ва ўсім дасягнуць лепшага выніку”, — успамінае Генадзь Іванавіч.

Прытрымліваючыся свайго жыццёвага плана, пасля заканчэння школы юнак стаў студэнтам першага набору факультэта фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Пра свае студэнцкія гады ён успамінае з цеплынёй і настальгіяй: “У нас не было камп’ютараў і гаджэтаў, але наша юнацтва нельга назваць сумным. Кожны дзень быў насычаны падзеямі і важнымі справамі: пад’ём на досвітку, прабежка па сонным туманным лесе, ранішняя зарадка, заняткі ва ўніверсітэце, а пасля абеду — інтэнсіўная трэніроўка, да позняга вечара — работа ў лабараторыі”.

Па словах Генадзя Іванавіча, лыжку дзёгцю ў спартыўную кар’еру ўнесла служба ў арміі. Замест планаванай спартыўнай роты хлопца прызвалі ў сяржанцкую школу. Але і ў гэтай сітуацыі ён не паддаўся нудоце, актыўна ўдзельнічаў у розных спартыўных спаборніцтвах, а неўзабаве стаў чэмпіёнам Прыбалтыйскай ваеннай акругі па баскетболе.

Пасля арміі малады чалавек вярнуўся ў Гомель, дзе яго чакала сям’я, тут знайшоў любімую работу. У ГДУ імя Францыска Скарыны прафесар працуе ўжо 44 гады, з іх 25 гадоў прысвяціў трэнерскай дзейнасці.

“Хто такі трэнер? Гэта не проста былы спартсмен, які дзеліцца сваім вопытам. Гэта перш за ўсё педагог, які валодае методыкай трэніроўкі, чалавек, які паважае сваіх вучняў, псіхолаг, здольны падтрымаць і надаць упэўненасці ў сваіх сілах. Трэнер — гэта творца, ён павінен гарэць сваёй справай і запальваць іншых”, — раскрывае суразмоўца сутнасць сваёй працы.

Рыхтуючы спартсменаў, Генадзь Іванавіч шмат часу і ўвагі ўдзяляў навуцы, даследчай дзейнасці. “Я заўсёды быў цікаўным да жыцця, імкнуўся зразумець, чаму прадстаўнікі старэйшага пакалення былі такімі моцнымі і цягавітымі. Мае бабка з дзедам пешшу ў Кіеў хадзілі маліцца! Людзі раней шмат рухаліся, займаліся фізічнай працай, а рух — гэта жыццё”.

Хвалявала вучонага і тэма Чарнобыля, як зберагчы здароўе насельніцтва пасля катастрофы. У той смутны час нявызначанасці і разгубленасці, калі ніхто яшчэ толкам не ведаў, як змагацца з нябачным ворагам — радыяцыяй, Генадзь Іванавіч узяўся за смелы эксперымент.

“Тады была распаўсюджана рэкамендацыя менш рухацца, часта на ўроках фізкультуры школьнікі толькі гулялі ў шашкі і шахматы, — успамінае ён. — Мы ж працавалі з эксперыментальным класам, дзеці займаліся паўнацэннай фізкультурай пяць разоў на тыдзень. Правільнасць эксперымента неўзабаве пацвердзілі медыкі — нашы падапечныя былі самымі здаровымі з групы беларускіх дзяцей, адпраўленых на аздараўленне ў Юрмалу”.

Навуковая праца, а на яе ён не шкадаваў ні часу, ні сіл, рана ці позна павінна была прынесці плён. Ім сталі наватарскія здароўефарміруючыя тэхналогіі, унікальная методыка кантролю і кіравання станам спартсменаў на аснове комплексных абследаванняў, а крыху пазней з’явілася галоўнае дзецішча і гонар вучонага — навукова-даследчая лабараторыя алімпійскіх відаў спорту. Лабараторыя поспеху, як яе часта называюць.

Тут працуе цэлая каманда прафесіяналаў — педагогі, фізіёлагі, медыкі, псіхолагі, якія даследуюць стан здароўя атлетаў, аналізуюць вынікі і даюць рэкамендацыі, як палепшыць тыя ці іншыя паказчыкі. Лабараторыя стала ўвасабленнем ідэі “Спорт і навука непадзельныя” і дапамагла дасягнуць вяршынь у спартыўнай кар’еры многім беларускім спартсменам. На сценах лабараторыі — багатая фотагалерэя з выявамі ўдзельнікаў і прызёраў алімпіяд. На здымках — аўтографы і шчырыя словы падзякі, агульны сэнс якіх: наша перамога — гэта і ваша заслуга!

Прызёр Алімпійскіх гульняў Марыя Мамашук цёпла адгукаецца пра свайго настаўніка: “Генадзь Іванавіч вельмі чуйны і ўважлівы чалавек. Яго дапамога ў падрыхтоўцы да маіх адказных стартаў неацэнная. Аднак не толькі ў спорце, але і ў вучобе, і ў жыцці ён да ўсіх ставіцца з разуменнем і павагай”.

На пытанне, што значыць для яго работа, мой суразмоўца адказвае: “Гэта маё жыццё! Бацька марыў бачыць мяне вайскоўцам. Але я самастойна выбраў свой шлях, і, на шчасце, ён правільны”.

Шукаць сябе і сваё жыццёвае прызванне Генадзь Іванавіч заўсёды заклікаў і сваіх траіх дзяцей, а цяпер вучыць унукаў, іх у яго пяцёра. Для ўнукаў ён клапатлівы і лагодны дзядуля — і павесяліцца, і казку прачытае, і на зарадку пакліча. Сям’ю прафесар лічыць галоўнай жыццёвай каштоўнасцю і перакананы, што толькі побач з блізкімі людзьмі можна адчуваць сябе шчаслівым.

“Для шчасця ў мяне ёсць усё, — сцвярджае Генадзь Іванавіч, — не хапае толькі часу. Бо ні дня не праходзіць без працы!”

Калегі адгукаюцца пра яго як пра сапраўднага працаголіка, адказнага, працавітага.

“З Генадзем Іванавічам адпачываеш душой, — гаворыць пра прафесара яго вучань дэкан факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Сеўдалеў. — Дзівосна глыбокі і мудры чалавек. Ён шануе людзей, умее спачуваць і суперажываць, ніколі не адмовіць у дапамозе і падтрымцы. Мы захапляемся яго ўменнем працаваць і жыць”.

Генадзь Іванавіч шмат чаго дасягнуў у жыцці, даказаў, што “Яго Вялікасць Фізічнае Практыкаванне робіць цуды”. Пры гэтым ён сціплы чалавек. Быць сумленным з самім сабой — такая яго жыццёвая філасофія.

Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.