Эканомія і беражлівасць — словы, якія мы чуем зараз паўсюль, што, канечне, невыпадкова. Энергазберажэння, энергаэфектыўнасці патрабуе сучаснае жыццё, у тым ліку ад навучальных устаноў: і ў плане эканоміі, і ў плане адукацыі вучняў. Дырэктар сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, што ў Мінскай вобласці, Людміла Канстанцінаўна Лукша пра сваю ўстанову адукацыі гаворыць так: “Мы імкнёмся быць цэнтрам энергаэфектыўнага ладу жыцця ў рэгіёне”. Трэба дадаць, што гэта ў школы атрымліваецца па-за рамкамі аднаго раёна, бо 4-я дзяржынская школа як дэманстрацыйная пляцоўка праекта ЕС/ПРААН “Энергаэфектыўнасць у школах” здольная паўплываць не толькі на свой раён або вобласць — на краіну. Нездарма яе нярэдка называюць самай энергаэфектыўнай школай Беларусі.
Цікавая прапанова
Калі ў 2015 годзе школа атрымала прапанову паўдзельнічаць у конкурсе на рэалізацыю праекта праграмы развіцця ААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (кіраўнік праекта С.М.Нікіцін), тут з радасцю, але не без пэўных ваганняў, пагадзіліся і падрыхтавалі неабходную заяўку. У школе наогул не цураюцца новых ідэй, цікавых прапаноў, неардынарных падыходаў. Так, установа, у якой зараз вучацца 830 хлопчыкаў і дзяўчынак, з’яўляецца цэнтрам тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця раёна, акрамя таго, апорнай школай для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: тут восем класаў поўнай інтэграцыі. “Дзякуючы гэтаму, у дзяцей выхоўваецца талерантнасць найвышэйшай ступені”, — пераканана Людміла Канстанцінаўна.
А яшчэ яна ўпэўнена, што без абнаўлення няма развіцця — ад удзелу ў конкурсах і алімпіядах (нездарма ж ва ўстанове рэалізоўваецца педагагічная мадэль “Школа роўных магчымасцей і высокіх асобасных дасягненняў”) да тэхнічных інавацый. Так, сярэдняя школа рэалізоўвае праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння школьных бізнес-кампаній”, а нядаўна тут першымі ў раёне адкрылі лабараторыю робататэхнікі. І адзіны пакуль у раёне настаўнік, які прайшоў атэстацыю на катэгорыю “настаўнік-метадыст”, працуе таксама тут. Гэта настаўніца інфарматыкі Святлана Рыгораўна Пузіноўская.
Карацей, новага баяцца — перамог не бачыць, вось і прапановы ад ПРААН у школе не спалохаліся. Чаго палохацца, спытаецеся вы? Ну, хаця б таго, што праект па стварэнні энергаэфектыўнай школы не прадугледжваў поўнага фінансавання, а гэта, заўважу, 850 тысяч долараў, прычым у эканамічна складаным 2016 годзе. Выдаткоўванне сродкаў было такім: 60% — грошы ад Еўрасаюза, 40% — з мясцовага бюджэту. І многія навучальныя ўстановы менавіта з-за гэтага пункта не здолелі выйграць конкурс на ўдзел у праекце. У выніку фіналістамі сталі школа № 4 Дзяржынска, Віцебскі прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання імя М.Ф.Шмырова, яслі-сад № 45 Гродна і яслі-сад № 6 Ашмян Гродзенскай вобласці.
Л.К.Лукша нездарма асабліва падкрэслівае, што без падтрымкі райвыканкама, які ўзначальвае Н.І.Арцюшкевіч, і аддзела адукацыі, спорту і турызму з яго кіраўніком В.І.Матусевічам нічога не атрымалася б. Але школу падтрымалі, таму пасля выканання іншых неабходных умоў — складання падрабязнай заяўкі з указаннем тэхнічных характарыстык будынка, апісання конкурснай, алімпіяднай дзейнасці і праходжання энергааўдыту, які выконвалі спецыялісты, запрошаныя камандай ПРААН, яна стала -ўдзельніцай праекта.
Вось так і склалася, што ў 2016 годзе ў 4-й школе распачалася вялікая рэканструкцыя, у якой, шчыра кажучы, пабудова пачатку 80-х гадоў мела немалую патрэбу. “За гэты час не толькі я, выкладчык фізікі, але і мая намеснік-філолаг сталі спецыялістамі і ў будаўніцтве, і ў энергазберажэнні. Хаця, калі нам паведамілі, што школа стала ўдзельніцай праекта, мы да канца не разумелі, што нас чакае”, — усміхаецца Людміла Канстанцінаўна. У якасці энергаэфектыўнай установы школа адкрылася напрыканцы мінулага года. Выконвалі ж праекты і будаўнічыя работы, тэхнічны нагляд упраўленне капітальнага будаўніцтва Дзяржынскага раёна, у якасці генеральнага падрадчыка — мінскі будтрэст № 7, што перамог у тэндары, у якім удзельнічалі не толькі беларускія, але і расійскія, і літоўская кампаніі — усяго 27 арганізацый. Да названых калектываў далучыліся іншыя прадстаўнікі будаўнічай галіны нашай краіны, ды і матэрыялы, абсталяванне, якое ў выніку набывалася для школы, — у пераважнай большасці айчыннай вытворчасці.
Змены бачныя і схаваныя
Зараз звычайны панэльны будынак школы радуе вока прыемнымі адценнямі зялёнага колеру. Але сэнс рэканструкцыі, безумоўна, заключаўся не ў касметычным рамонце. За вясёленькай фарбай хаваецца сур’ёзнае начынне — вонкавыя сцены школы ўцеплены сучаснымі матэрыяламі. Школьная дзіцячая супольнасць — камітэт “Энерга-МЫ”, які пачаў сваю работу ў рамках рэалізацыі праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”, штодня праводзіць вымярэнні тэмпературы, фіксуе паказанні лічыльнікаў спажывання электра- і цеплаэнергіі. Пасля заканчэння работ тут высветлілі, што пры любой тэмпературы звонку тэмпература паветра ўнутры школы не мяняецца ні на адзін градус. Раней пра такое можна было толькі марыць.
І, канечне, гледзячы на школу, нельга не заўважыць сонечныя батарэі або, калі гаварыць больш правільна, калектары, на яе даху. Зразумела, спачатку спецыялісты замянілі сам дах на сучасны шматпластавы, а потым устанавілі на яго 36 вакуумных двухтрубных калектараў. Такога абсталявання пакуль няма ні ў адной навучальнай установе рэгіёна, акрамя школы № 4 Дзяржынска. Дзякуючы сонечным батарэям, тут награваюць ваду для кухні, умывальнікаў, душа пры спартыўнай зале, а калі сонца мала, школа аўтаматычна пераключаецца на іншы цепланосьбіт з кацельні мясцовай ЖКГ. Сэрца ж калектара размяшчаецца ў падвале, які пасля рамонту стаў не толькі надзвычай функцыянальным, а яшчэ і вельмі прыгожым, бездакорна акуратным.
Замена дзвярэй і вокнаў была яшчэ адным этапам рэканструкцыі школы, тым больш што вокны тут вялікія, а значыць, састарэўшы, прапускаюць шмат халоднага паветра. Змянілі яшчэ, канечне, шмат чаго — сістэму вентыляцыі на кухні, нават посуд, бо гэта неабходна для новых індукцыйных пліт. Замена пліт, прынамсі, дала яшчэ адзін нечаканы станоўчы эфект: яны награваюцца так хутка, што тутэйшыя кухары могуць пазней прыходзіць на работу, гатаванне значна паскорылася. Замянілі і халадзільнікі, і параканвекцыйны аўтамат, і шмат чаго яшчэ — усяго 31 адзінку абсталявання на кухні.
Канечне, у школе ўстанавілі новыя свяцільні, пакуль без датчыкаў руху, але з цягам часу, думаю, зробяць і гэта, у класах жа фотаэлементы, якія рэгулююць узровень асветленасці, ужо ёсць. Тут падлічылі, што за месяц, дзякуючы замене электраабсталявання, удаецца эканоміць каля трох тысяч кілават-гадзін электраэнергіі. Для кожнай прылады вызначаны свой тэрмін акупнасці, напрыклад, на сонечныя калектары — каля пяці гадоў, але дырэктар школы гаворыць, што, па яе назіраннях, гэтыя тэрміны мо-гуць аказацца карацейшымі. А спажыванне цяпла ў месяц знізілася на 40 Гкал або на чытыры тысячы дэнамінаваных рублёў.
Наўрад ці я пералічыла ўсе тэхнічныя новаўвядзенні ў школе, напрыклад, можна нямала расказаць пра сістэму вентыляцыі паветра з яго рэкуперацыяй “Паветрык”, якая награвае халоднае паветра, пра штосьці яшчэ, але агульная карціна складваецца і так. Жадаючыя наогул маюць магчымасць прыехаць у школу на экскурсію — сваіх экскурсаводаў тут падрыхтавалі і ўжо неаднойчы арганізоўвалі экскурсіі для педагогаў і кіраўнікоў з устаноў адукацыі краіны і нават з расійскага Ціхвіна. Гэта тым больш цікава, што ў школе дзейнічае рэсурсны цэнтр па энергазберажэнні.
Папулярная эканомія
Важна дадаць, што, каб паспяхова ўдзельнічаць у праекце ПРААН, мала было адмыслова выканаць усе будаўнічыя і рэнавацыйныя работы. Не менш важна было рухацца ў напрамку выхавання культуры энергазберажэння ў навучэнцаў, іх бацькоў, наогул у мясцовага насельніцтва. “Калі б мы не займаліся гэтай работай, — заўважае дырэктар школы, — страцілі б набытае. Я вельмі рада, што калектыў школы павярнуўся да гэтай тэмы і працягвае працаваць па ёй”. Такая работа не затратная па фінансах, але патрабуе шмат часу і ўкладання сіл. Між іншым, дзякуючы такому павароту, школа ўпершыню стала ўдзельніцай Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Як складзецца фінал для яе і іншых фіналістаў, убачым пазней.
Дырэктар прызнаецца, што самым складаным было менавіта гэта — прымусіць сябе думаць па-іншаму, і не дзеля нейкай паказухі, а дзеля работы на вынік. Вось і ўзяліся ў школе за стварэнне асяроддзя, якое не давала б згаснуць ідэям, культуры энергазберажэння. Праграма дзеянняў складаецца з чатырох частак: папулярызацыя ідэй энергазберажэння сярод удзельнікаў адкрытай школьнай супольнасці; арганізацыя сацыяльна значных спраў у рэгіёне ў інтарэсах павышэння энергаэфектыўнага ладу жыцця насельніцтва; арганізацыя рэгіянальнай рэкламнай кампаніі праектнай ініцыятывы “Беражлівым — быць!” і павышэнне кваліфікацыі ўдзельнікаў школьнай супольнасці ў галіне забеспячэння энергаэфектыўнага ладу жыцця. Мерапрыемстваў і акцый для ўвасаблення названых ідэй праводзяць многа і самага рознага маштабу і кшталту, нярэдка яны адначасова вырашаюць адразу некалькі задач: тут і рэклама, і асвета, і практычныя справы.
Гэта хвілінкі энергазберажэння на любых уроках, калі настаўнік дае кароткую новую для дзяцей інфармацыю, — гэта могуць быць звесткі па крыніцах аднаўляльнай энергетыкі, навучанне таму, як сэканоміць ваду пры чыстцы зубоў для самых маленькіх, і іншае. Гэта і згаданыя ўжо сустрэчы, семінары, канферэнцыі з удзелам беларускіх і не толькі беларускіх калег, стварэнне старонкi энергазберажэння на школьным сайце.
Тут і раздача лістовак мясцовым жыхарам, і праектная дзейнасць у шосты школьны дзень, і выступленні агітбрыгады, і традыцыйны для школы фестываль педагагічных ідэй, што летась быў прысвечаны тэме “На шляху да беражлівасці” і які наведалі прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна, супрацоўнікі экатэхнапарка “Волма”, іншыя госці. Удзельнікі праекта і самі выязджалі да аднадумцаў, напрыклад, на пілотныя аб’екты праекта на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, у гімназію Мар’інай Горкі, на будаўніцтва Віцебскай ГЭС. Школа перамагла ў адной з намінацый конкурсу “зялёных” блогаў міжнароднага праекта “Адукацыйныя практыкі скандынаўскіх краін у галіне энергаэфектыўнасці”, стала членам асацыяцыі “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” і г.д.
“Рамонт у цэлым закончыўся — нам светла, цёпла, камфортна, — гаворыць Л.К.Лукша. — Вельмі імкнёмся захоўваць свой неафіцыйны статус самай энергаэфектыўнай школы краіны, і пакуль усе даныя, усе справаздачы пацвярджаюць яго. Але гэта не значыць, што мы закончылі весці адукацыйную і выхаваўчую работу па энергазберажэнні і эканоміі”.
***
Я разумею, што такія грошы, якія ўкладзены ў рэканструкцыю сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, не могуць у адзін момант трапіць у іншыя школы Беларусі. Але, магчыма, іх кіраўнікі ў згодзе з мясцовымі ўладамі, змогуць рабіць пэўныя крокі на шляху да энергаэфектыўнасці, абапіраючыся на вопыт сваіх калег. Бо не кожнае новаўвядзенне паасобку патрабуе вельмі вялікіх укладанняў. А выхаванне ў дзяцей і дарослых культуры энергазберажэння і наогул — справа, даступная кожнаму.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.