Лагічныя і з прыязным інтэрфейсам

- 14:28Адукацыйная прастора

Вучэбна-метадычныя комлексы па геаграфіі для 6 і 7 класаў радуюць вока рознакаляровасцю, чапляюць цікавым тэкстам (з новымі навуковымі данымі, напрыклад, што пустыня Сахара за апошнія паўстагоддзя павялічылася больш чым на дзве Беларусі) і матэматычнай паслядоўнасцю структуры. У іх усё раскладзена па паліцах, выдзелена, падкрэслена, абведзена. Проста адкрываеш параграф і разумееш: вось вучэбны матэрыял, вось тэрміны, якія трэба засвоіць, вось пытанні-заданні, а вось тое, што павінна застацца ў памяці.

Аўтарскія калектывы вучэбных дапаможнікаў імкнуліся задаволіць усе патрэбы сучасных школьнікаў і педагогаў, і ў іх добра атрымалася. Сёння некаторымі сакрэтамі стварэння новых падручнікаў і сваімі думкамі наконт развіцця геаграфіі ў школе з намі дзеліцца загадчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Генадзьеўна КАЛЬМАКОВА, якая актыўна працавала над двума ВМК.

— Алена Генадзьеўна, вы прадстаўнік вышэйшай школы. Як атрымалася, што пачалі займацца школьнымі падручнікамі?

— Пачалося ўсё з таго, што неяк я прайшлася па кніжных крамах, каб купіць пазнавальную геаграфiчную літаратуру для маёй дачкi малодшага школьнага ўзросту. І калі пыталася ў прадаўца, дзе можна пазнаёміцца з такімі кніжкамі, то ў адказ чула: “Па геаграфіі? Паглядзіце вунь у тым куточку”. А ў куточку — адна паліца з патрэбнай літаратурай, а, напрыклад, па матэматыцы — стэлажы. Неяк крыўдна стала за свой прадмет. Пасля Міністэрства адукацыі аб’явіла конкурс на стварэнне новых падручнікаў, і мая калега метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Уладзіміраўна Пікулік прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе на стварэнне падручніка для 6 класа. Я пагадзілася. Пераможца выбіраецца па выніках рэцэнзавання навукоўца, метадыста і настаўніка. Мы выйгралі.

— Не спужаліся аб’ёмаў далейшай работы? Стварэнне падручніка — працэс вельмі працаёмкі і энергазатратны.

— Сапраўды, стварэнне падручніка — працэс працаёмкі, бо патрабуе работы многіх людзей. Над 6 класам мы з Валянцінай Уладзіміраўнай працавалі амаль суткамі на працягу года. Спачатку трэба напісаць увесь падручнік (на конкурс падаецца толькі меншая частка). Калі рукапіс быў гатовы, то зноў быў накіраваны на рэцэнзаванне, над якім зноў працавалі навуковец з профільнай кафедры і настаўнік або з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, або настаўнік-метадыст. Мы, аўтары рукапісу, павінны былі задаволіць усе іх заўвагі і патрабаванні. Акрамя таго, рукапісы праходзяць праз псіхолага-педагагічную экспертызу на прадмет адпаведнасці зместу вучэбнага матэрыялу ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў. Кожная ўзроставая група можа засвоіць свой памер i ўзровень складанасці вучэбнага матэрыялу. Трэба адзначыць, што нашы падручнікі па геаграфіі для 6 і 7 класаў спецыялісты пахвалілі, адзначыўшы, што яны адаптаваны і адпавядаюць узроставым асаблівасцям навучэнцаў.

Яшчэ рукапісы праходзяць праз секцыю па геаграфіі і картаграфіі навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі, дзе ўсе прадстаўнікі секцыі таксама робяць свае заўвагі і выказваюць пажаданні. Пасля ўзгадненняў рукапіс трапляе на прэзідыум навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі для зацвярджэння і прысваення грыфа. На ўсё гэта патрэбен час. Калі працаваць вельмі інтэнсіўна, то недзе год. Затым 4—6 месяцаў бярэ выдавецтва. Зразумела, што за некалькі месяцаў напісаць і выдаць падручнік з нуля немагчыма.

— Вашы падручнікі адпавядаюць канцэпцыі базавага падручніка, але ж зрабіць інфармацыю сціслай няпроста, бо заўсёды існуе спакуса даць больш. Што вам дапамагала трымаць сябе ў руках?

— На жаль, у новых вучэбных праграмах адбылося (на мой погляд, няўдалае) пераразмеркаванне вучэбных гадзiн на карысць эканамічнай геаграфіi, што адмоўна паўплывала на колькасць гадзін для вывучэння фізічнай геаграфіі. Фiзiчную геаграфiю, што раней вывучалася ў 6 класе і чвэрць сёмага, трэба было размясціць толькі ў шостым. Мацерыкі і акіяны, якія вывучалiся ў 8 і 9 класах, перанеслі ў сёмы з адным урокам на тыдзень. А з адной гадзінай у тыдзень вельмі цяжка дасягнуць мэт навучання. Ды і свет не стаў меншым па памеры. Калі мяне пачынаюць крытыкаваць, то ў адказ гавару: “Вось вам аловак і глобус. Ці зможаце ўзяць на сябе ролю Бога і выкрасліць нейкі мацярык, бо на яго вывучэнне не хапае гадзін? Я не магу зрабіць свет меншым, але я магу зрабiць яго больш зразумелым”. Некалі Еўразія вывучалася на працягу амаль цэлага года, а цяпер толькi 5 урокаў. Але ж Еўразія ад гэтага меншай не стала, таму выкласці матэрыял трэба так, каб не згубіць геаграфічны змест і ўвогуле геаграфію. Геаграфія — гэта прадмет, які не толькі фарміруе геаграфічны светапогляд. Гэты прадмет вельмі практыка-арыентаваны. У ранейшых падручніках не хапала практыкаарыентаванасцi. Цяпер мы абавязкова павінны ўлічваць кампетэнтнасны падыход.

Калі мы з калегамі пачыналі пісаць свае падручнікі (для 6 класа з В.У.Пiкулiк, 7 — з загадчыкам кафедры агульнага земляробства і гідраметэаралогіі геафака БДУ П.С.Лопухам і метадыстам НІА В.У.Сарычавай), то стаялі перад выбарам: скараціць матэрыял да мінімуму, каб было вельмі лёгка яго засвойваць (але тады страціцца геаграфічнасць), або пастарацца пакінуць галоўнае, каб геаграфія як прадмет усё ж засталася? Залатую сярэдзіну выбраць было вельмі цяжка. У выніку як для 6, так і для 7 класа па геаграфіі былi cтвораны вучэбна-метадычныя комплексы, у якія ўваходзяць вучэбныя дапаможнікi, атласы (нанова распрацаваныя), контурныя карты новага пакалення (з цiкавымi заданнямі і героямі-падарожнікамі), сшыткi для практычных работ і рабочыя сшыткi. Зараз працую над апорнымі канспектамі для 6 класа i сшыткамi для 8 класа (рабочым i для практычных работ), якія выйдуць напярэдаднi новага навучальнага года.

— У вас атрымалася. Якія прынцыповыя адрозненні маюць вашы ВМК?

— Да ліку прынцыповых адрозненняў ВМК новага пакалення можна аднесці пашырэнне магчымасцей стымулявання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, узмацненне арыентацыі на іх самастойнасць, шматфункцыянальнасць і цэласнасць кампанентаў ВМК, пераемнасць канцэпцыі і метадычнага апарату, мультымедыйнасць і інтэрактыўнасць кантэнту дадаткаў. Напрыклад, калі раней галоўнымі пытаннямі, якія ўзнімаліся ў папярэдніх выданнях, былі “што”, “дзе?” (адпавядала апісальнай геаграфіі), то цяпер ставяцца пытанні “што”, “чаму”, “дзе”, “для чаго?” (сучасная канструктыўная геаграфія).

Звярну ўвагу і на назвы тэм, у якасці якіх мы прапаноўваем афарызм, у якім заключаецца парадокс, супярэчнасць, што трэба вырашыць. Журналісцкая падача назвы матывуе навучэнцаў на засваенне матэрыялу, накіроўвае на пошук адказу на пытанне “Навошта мне гэта трэба ведаць?”. Вось прыклады: “Акіян — сіняя бездань”, “Афрыка — мацярык кароткіх ценяў”, “Антарктыда — ледзяное сэрца Зямлі”.

— Вашы падручнікі выдатна структураваны. Нават калі проста кінуць вокам на старонку, заўважаеш логіку ў падачы матэрыялу.

— Гэтага патрабавала лагічнасць і паўната выкладу мінімальна неабходнага матэрыялу з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Асноўны тэкст — дыдактычна апрацаваны і сістэматызаваны вучэбны матэрыял у строгай адпаведнасці з вучэбнай праграмай, які з’яўляецца асноўнай крыніцай вучэбнай інфармацыі. Дадатковы тэкст у рубрыках — дыдактычна мэтазгодны вучэбны матэрыял, які дапаўняе і паглыбляе асноўны тэкст. Настаўніку трэба выбарачна падбіраць вучэбны матэрыял.

Разнастайныя формы прадстаўлення інфармацыі (схемы, картасхемы, профілі, кліматадыяграмы) нясуць асноўную і дадатковую інфармацыю, візуалізуюць складаныя для ўспрымання з’явы і працэсы або абстрактныя катэгорыі. Ілюстрацыйныя матэрыялы (фатаграфіі, партрэты) нясуць дадатковую інфармацыю, якой няма ў тэксце, спрыяюць поўнаму фарміраванню вобразаў. Выкарыстоўваецца нават тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Навігацыйны апарат уключае змест, шрыфтавыя і каляровыя вылучэнні, знакі-сімвалы, спасылкі на QR-коды, каляровыя старонкі.

— У вас вельмі развіты метадычны і навігацыйны апарат.

— Структура і змест падручнікаў непарыўныя. Кожны параграф падручнiка для 7 класа пачынаецца з рубрык “Успамінаем” (у 6 класе — “Давайце ўспомнім”), “Даведаемся” (у 6 класе — “У параграфе вы даведаецеся”), “Разважаем”. Першая рубрыка дапамагае ўспомніць ранейшы матэрыял, неабходны для вывучэння новага.
У рубрыцы “Даведаемся” пералічаны асноўныя пытанні параграфа (якія асаблівасці прыроды і ўмоўныя лініі карты вызначаюць геаграфічнае становішча мацерыка, якія вандроўнікі пакінулі след у гісторыі даследавання Афрыкі?). Рубрыка “Разважаем” змяшчае праблемныя пытанні або пытанні-загадкі, якія патрабуюць правесці міжпрадметныя сувязі і зрабіць лагічныя высновы. Адказы або падказкі да іх ёсць у параграфе (“Чаму “разбягаюцца” мацерыкі?”, “Ці можна замерзнуць у пустыні?”).

Рубрыка “Цікавыя факты” змяшчае дадатковую інфармацыю пазнавальнага характару. Тут прысутнічаюць элементы займальнай геаграфіі, рэалізоўваюцца міжпрадметныя сувязі (з тапанімікай, гісторыяй, біялогіяй, геаэкалогіяй і нават мастацтвам). Рубрыка “Беларусь і беларусы ў свеце” выконвае функцыю патрыятычнага выхавання. У ёй гаворыцца пра ўклад нашых суайчыннікаў у вывучэнне прыроды планеты. Напрыклад, Ігнат Дамейка першым склаў геалагічную карту Чылі, адкрыў метэаралагічную службу, стварыў горную школу. Рубрыка “Абагульнім і запомнім” змяшчае кароткія высновы, якія дазваляюць паўтарыць і замацаваць самае важнае з пройдзенага матэрыялу. Дарэчы, гэтая рубрыка стала папулярнай у бацькоў, бо дапамагае праверыць дамашняе заданне.

— Не менш разнастаўным стаў і кантрольна-карэкцыйны блок, які ўключае такія рубрыкі, як “Праверым сябе”, “Ад тэорыі да практыкі”, “Клуб дыскусій”, “Клуб эрудытаў”, “Практычная работа” (тэматычны кантроль).

— Так, мы імкнуліся да разнастайнасці, бо яна дае магчымасць развівацца кожнаму дзіцяці. У прыватнасці, рубрыка “Праверым сябе” ўключае дыферэнцыраваныя рознаўзроўневыя пытанні, якія дазваляюць праверыць, наколькі поўна навучэнцы засвоілі матэрыял параграфа. Заданні рубрыкі “Ад тэорыі да практыкі” (у 6 класе — “Практыкум”) накіраваны на фарміраванне практычных уменняў і навыкаў. Напрыклад: “Выкарыстоўваючы фізічную карту, вызначыце, які від транспарту вам больш падыдзе для падарожжа з Беларусі ў Афрыку і чаму?” або: “Ваш бацька адпраўляецца зімой у камандзіроўку ў адну з краін Цэнтральнай Азіі — Манголію. Як вы яму парэкамендуеце апрануцца?” ці: “Уявіце, што вы займаецеся арганізацыяй экскурсійных тураў па Паўднёвай Амерыцы. Які маршрут вы маглі б прапанаваць аматарам маляўнічых водных аб’ектаў?” Такія заданні рэалізоўваюць кампетэнтнасны падыход у нашых падручніках.

Рубрыкі “Клуб дыскусій” і “Клуб эрудытаў” разлічаны на высокаматываваных навучэнцаў, і тут прапаноўваюцца цікавыя і нават правакацыйныя пытанні (“Чаму большасць жывёл Антарктыкі — драпежнікі?”, “Ці справядліва сцвярджэнне: “Афрыка — кантынент кароткіх ценяў”?). Хачу звярнуць увагу настаўнікаў, што зусім не абавязкова выконваць заданні ўсіх рубрык. Яны даюцца на выбар, і права выбару — за настаўнікам, які кіруецца магчымасцямі сваіх дзяцей. Дадатковы матэрыял і заданні для самастойнай праверкі ведаў па пройдзеных тэмах навучэнцы могуць знайсці на інтэрнэт-рэсурсе Moodle, які даступны на нацыянальным адукацыйным партале.

У рабоце з вучэбным дапаможнікам неабходна выкарыстоўваць картаграфічны, ілюстрацыйны, статыстычны і тэкставы матэрыял геаграфічнага атласа для 7 класа. Спасылкі на атлас пададзены на старонках дапаможніка. На жаль, не ўсе ведаюць пра існаванне кампанентаў нашых ВМК. Акрамя таго, настаўнікі адзначаюць, што атласы (i часам падручнiкi) паступаюць у школы з вялікім спазненнем. Але мы зрабілі вялікую работу, таму я рада, што яна ўжо за плячыма і стала выніковай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.