Леанід Лознер: “Я вяртаю доўг навуцы”

- 15:56Вышэйшая школа

Універсітэцкія вучоныя атрымалі доступ да поўных тэкстаў часопісаў Elsevier

Упершыню доступ да ScienceDirect атрымалі 42 установы вышэйшай адукацыі Беларусі. Пагадненне паміж галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Міністэрства адукацыі і кампаніяй Elsevier аб нацыянальнай падпісцы на часопісы Elsevier было падпісана ў аўторак. Спонсарам праекта выступіў беларускі бізнесмен Леанід Лознер, вядомы многімі валанцёрскімі праектамі і інвестыцыямі ў адукацыю і навуку.

Як паведаміў дырэктар ГІАЦ Міністэр­ства адукацыі Павел Ліс, з 1 сакавіка беларускія ўніверсітэты будуць мець неабмежаваны доступ да сусветнай базы навуковых публікацый. Вучоныя змогуць бесперашкодна выкарыстоўваць усе матэрыялы, атрыманыя ў перыяд падпіскі, якая аформлена на цэлы год.

“Беларусь валодае моцным інтэлектуальным патэнцыялам, але для актывізацыі інавацыйнай дзейнасці нашы навукоўцы павінны мець доступ да якасных крыніц інфармацыі, — адзначыў Павел Ліс. — ScienceDirect — самая вялікая навуковая база, дзе назапашаны сусветны вопыт даследаванняў у самых розных галінах. Цяпер беларускія даследчыкі могуць аператыўна аналізаваць найноўшыя навуковыя дасягненні і быць у мэйнстрыме сусветнага навуковага пошуку”.

Падпісваючы пагадненне, рэгіянальны дырэктар Elsevier Сяргей Равякін заўважыў, што ў Беларусі стартаваў беспрэцэдэнтны праект.

“Вучоныя краіны ўпершыню атрымалі сістэмны доступ да вядучага сусветнага інструмента, які акамулюе лепшыя навуковыя выданні, — сказаў Сяргей Анатольевіч. — Гэта дазволіць кожнаму з іх праводзіць даследаванні на аснове апошніх сусветных дасягненняў. А ўніверсітэты змогуць павысіць сваю канкурэнта­здольнасць і тым самым вырашыць задачу павелічэння экспарту адукацыйных паслуг. Стане прасцей прыцягваць замежных студэнтаў у асяроддзе, дзе ёсць усе ўмовы для даследаванняў”.

ГІАЦ разам з Elsevier распрацавалі дарожную карту, у рамках якой запланаваны цэлы шэраг семінараў, трэнінгаў, вучэбных курсаў для маладых вучоных і рэдактараў, каб дапамагчы ім сарыентавацца ў вялікім моры навуковых даных. Ім пакажуць сучасныя інструменты пошуку і аналізу навуковай інфармацыі, раскажуць, як пісаць якасныя артыкулы для сусветных часопісаў, дапамогуць знайсці і падабраць часопіс, дзе можна апублікавацца. Стаіць задача, каб тыя, хто атрымае доступ да багатага інфармацыйнага рэсурсу, змаглі ўзяць з гэтага максімум карысці.

Elsevier — інфармацыйна-аналітычная кампанія, якая прадстаўляе такія вядомыя інструменты, як ScienceDirect, Scopus, SciVal, ClinicalKey, Sherpath, прызначаныя для кіравання даследаваннямі, павышэння эфектыўнасці навуковай працы і прыняцця рашэнняў. Elsevier выдае каля 2,5 тысячы навуковых часопісаў і дзясяткі тысяч электронных кніг, а таксама даведачных выданняў.

“Сёння пакладзены пачатак нашага стратэгічнага супрацоўніцтва з навуковай грамадскасцю Беларусі, — адзначыў Сярге­й Равякін. — Скаардынаваныя намаганні змогуць забяспечыць якасныя даследаванні і інавацыі, павялічыць колькасць публікацый у вядучых сусветных часопісах і палепшыць становішча беларускіх універсітэтаў у сусветных рэйтынгах. Рэалізуючы сістэмны праект, мы спадзяёмся, што вынік не прымусіць сябе чакаць”.

Аналізуючы расійскі вопыт, Сяргей Анатольевіч паведаміў, што доступ да базы даных Elsevier істотна ўплывае на навуковую актыўнасць універсітэтаў. “Мы ўбачылі ў Расіі вялікі ўсплёск публікацыйнай актыўнасці, пашырэнне калабарацый універсітэтаў і кампаній, павелічэнне фінансавання прыярытэтных праектаў. Гэта прывяло да таго, што карпарацыі і ўніверсітэты пачалі гава­рыць адно з адным на зразумелай мове, што дае моцны эфект для інавацыйнай экасістэмы”, — заўважыў Сяргей Равякін.

Гэтае назіранне пацвердзіў Аляксей Скалабан, эксперт НЭІКОН — Нацыянальнага электронна-інфармацыйнага кансорцыума (Расія): “Ёсць шмат даследаванняў, якія паказваюць прамую залежнасць паміж чытаннем навуковых артыкулаў і публікацыяй артыкулаў у найбуйнейшых міжнародных часопісах. Такія расійскія ўніверсітэты, як МДУ, Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, Вышэйшая школа эканомікі, спампоў­ваюць больш як 1 мільён навуковых артыкулаў у год. І калі прааналізаваць статыстыку запампоўкі з сусветных баз і колькасць публікацый у адпаведных часопісах, то можна бачыць: чым больш людзі чытаюць замежных часопісаў, тым больш яны ў іх друкуюцца. Хачу заўважыць, што публікацыйная актыўнасць і агульнанавуковая ацэнка ўніверсітэта часам на дзве трэці вызначае яго месца ў міжнародных рэйтынгах”.

ScienceDirect — вядучая мульты­дысцыплінарная інфармацыйная платформа рэцэнзаванай навуковай літаратуры, якая ўтрымлівае больш за 15 мільёнаў публікацый з 3800 навуковых часопісаў і 37 тысяч кніг.

Сума, якую заплаціў спонсар за гадавую падпіску Elsevier для 42 беларускіх універсітэтаў, не паведамляецца. Але зразумела, што гэта вельмі істотныя грошы. Дагэтуль ніводзін беларускі ўніверсітэт не мог дазволіць сабе падобную раскошу.

“Я фізік па адукацыі і каля 10 гадоў працаваў у навуцы, якая, як я лічу, і сфарміравала маю асобу, мой светапогляд, — заўважыў Леанід Лознер. — Вельмі цаню гэта і сёння ў нейкім сэнсе вяртаю доўг навуковаму акадэмічнаму асяроддзю. Спадзяюся, што доступ нашай моладзі да сусветнай навуковай інфармацыі, акрамя відавочных пераваг, дасць адчуванне таго, што яны — неад’емная частка сусветнай навуковай грамадскасці. Гэты праект — канкрэтны ўклад у пабудову сучаснай адукацыі і стварэнне ўніверсітэта новага ўзроўню”.

“Беларускія навукоўцы атрымалі той жа доступ і той жа фармат падтрымкі, які сёння маюць вучоныя Еля, Стэнфарда, Оксфарда, — падкрэсліў рэгіянальны дырэктар Elsevier Сяргей Равякін. — Гэта велізарная магчы­масць, і я заклікаю навукоўцаў максімальна выкарыстаць атрыманы  шанс”.

Галіна СІДАРОВІЧ.