“Лепшая матывацыя ў жыцці — гэта мы самі!”

- 10:16Людзі адукацыі

У дзяцінстве ён марыў стаць кулінарам, а яшчэ дакладней — кандытарам. У яго сям’і ніколі не было педагогаў, але ж ён стаў настаўнікам. У маладым узросце ён даказаў сваім прыкладам, што ўрокі могуць быць не толькі карыснымі, але і неверагодна захапляльнымі. А яшчэ ён ведае, як можна сябраваць з гаджэтамі на занятках і атрымліваць ад гэтага толькі карысць. Знаёмцеся: Дзмітрый Уладзіміравіч Мірановіч — настаўнік фізічнай культуры і здароўя сталічнай школы № 161, а таксама аўтар шматлікіх публікацый у нашым выданні. Дзмітрый Уладзіміравіч першы ў Беларусі ў 35 гадоў атрымаў катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Ён стаў уладальнікам грантаў Мінгарвыканкама на конкурсах “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” ў 2011 і 2013 гадах, атрыманых на распрацоўку ўласных адукацыйных праектаў, і пераможцам гэтага конкурсу ў 2015 годзе. І гэта толькі невялікая частка дасягненняў маладога настаўніка.

Спорт у жыцці Дзмітрыя з’явіўся ў восьмым класе, калі юнак прафесійна пачаў займацца веславаннем на байдарках і каноэ ў родным Новалукомлі Віцебскай вобласці. Спорт зацягнуў так, што ў дзявятым класе Дзмітрый паступіў у Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Пасля быў БДУФК, факультэт масавых відаў спорту, які будучы педагог скончыў з дыпломам з адзнакай па спецыяльнасці “Трэнер па веславанні на байдарках і каноэ, настаўнік фізічнай культуры”. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта Дзмітрый па размеркаванні накіраваўся ў родны горад і заняўся педагагічнай дзейнасцю.

“Праз чатыры гады я паехаў да сваёй будучай жонкі ў Мінск. Зразумела, вырашыў шукаць працу па прафесіі. Шчыра кажучы, проста выйшаў з дому і пайшоў у найбліжэйшую школу. Усё атрымалася. Ужо сем гадоў я выкладаю ў мінскай школе № 161 і з’яўляюся кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры”, — расказвае педагог.

Сёння кожны дзень настаўніка распісаны літаральна па хвілінах, шмат часу аддаецца на навуковую і даследчую дзейнасць, а таксама падрыхтоўку і правядзенне цікавых заняткаў у рамках школьнай праграмы. Трэба адзначыць, што Дзмітрый Мірановіч — стваральнік шматлікіх аўтарскіх праграм і электронных сродкаў навучання па фізічнай культуры ва ўстановах адукацыі. Вось толькі некаторыя з іх: аўтарскі электронны сродак навучання “Гімнастыка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, 5—11 класы”, аўтарская праграма пад грыфам Міністэрства адукацыі “Фізічная падрыхтоўка будучага абаронцы Айчыны”, аўтарская праграма пад грыфам Міністэрства адукацыі “МіксФіт — функцыянальная трэніроўка”. Акрамя таго, педагог распрацаваў аўтарскую праграму трэніровак IntellFit (intellingent fitness / разумны фітнес). Гэта функцыянальна-сілавая праграма, заснаваная на развіцці фізічных якасцей з улікам тыпалогіі мышачных валокнаў, фізіялагічных і біялагічных працэсаў. Да таго ж ён мае вопыт апрабацыі эксперыментальнай праграмы “Укараненне ідэалаў і каштоўнасцей алімпійскага руху ў адукацыйны працэс”, а таксама з’яўляецца стваральнікам маладзёжнай спартыўнай арганізацыі MixFit і заснавальнікам першай у нашай краіне школы дзіцячага кросфіта. Акрамя ўсяго пералічанага, сёння Дзмітрый Мірановіч з’яўляецца метадыстам “Акадэміі фітнесу Рэспублікі Беларусь”.

Здаецца, не трэба казаць аб тым, што ўрокі Дзмітрыя Уладзіміравіча дзеці чакаюць з асаблівай нецярплівасцю: заняткі прадуманы настолькі цікава, што не пакідаюць нікога раўнадушнымі. Нават да дзяцей з падрыхтоўчай групы навучання ў педагога свой нестандартны падыход: ён дазваляе на ўроку карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Зразумела, толькі ў карысных мэтах. Існуе шэраг дадаткаў, якія дазваляюць вымяраць ЧСС, а таксама ёсць цудоўная магчымасць для пошуку тэарэтычных даных у рамках урока. Менавіта такі сучасны падыход да справы дазволіў педагогу атрымаць тытул “Самы прасунуты настаўнік” на рэспубліканскім конкурсе, арганізаваным газетай “Камсамольская праўда ў Беларусі”.

“Я заўсёды стараюся зрабіць урокі разнастайнымі, пры гэтым лічу, што ў аснове ўсяго — развіццё фізічных якасцей. На маю думку, такі падыход садзейнічае засваенню не толькі вучэбнага матэрыялу, але і жыццёва неабходных якасцей і павышэнню ўзроўню здароўя дзяцей. Пры гэтым я абсалютна ўпэўнены, што калі ў дзіцяці няма схільнасцей да прафесійнай спартыўнай дзейнасці, то яму заўсёды можна знайсці занятак, які зацікавіць. Менавіта так і нарадзілася ідэя стварэння маладзёжнага спартыўнага клуба MixFit, дзе кожны можа знайсці сваё”, — адзначае Дзмітрый.

Аб асаблівасцях і неверагодных магчымасцях выкладання свайго прадмета настаўнік расказвае на старонках нашай газеты. А вось некалькі яго педагагічных сакрэтаў: “На ўроках я стараюся данесці дзецям, што ў жыцці важна ўсё: і здароўе, і веды, і рознабаковае развіццё; што трэба ставіць і вырашаць маленькія задачы, каб дасягнуць вялікіх мэт, што галоўнае — памятаць: лепшая матывацыя ў жыцці — гэта мы самі, і мы павінны станавіцца лепшымі ў гэтую хвіліну. Калі сёння ў цябе іскрацца вочы і ты аддаешся ўроку цалкам, значыць, заўтра гэты агеньчык абавязкова загарыцца ў сэрцах тваіх вучняў”, — упэўнены педагог.

Самай вялікай перамогай у жыцці Дзмітрый Мірановіч лічыць сваю сям’ю — жонку Алену і дваіх маленькіх дзетак — Назара і Соф’ю. Дарэчы, Алена таксама настаўнік фізічнай культуры, а яшчэ прафесійны фатограф.
“Самае складанае ў працы настаўніка — не згарэць на рабоце. Як і ў іншай прафесіі, калі аддаешся справе з душой, даводзіцца забывацца пра ўсё. Галоўнае — не перайсці мяжу, калі можаш сарвацца і страціць здароўе, сям’ю. Менавіта таму побач заўсёды павінен быць каханы чалавек. І я вельмі ўдзячны сваёй жонцы за тое, што яна заўсёды мяне падтрымлівае. Я абсалютна ўпэўнены, што за любым вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына. Што тычыцца перамог у прафесійным плане, то ўсе мае дасягненні толькі пачатак”.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.