За амаль два дзесяцігоддзі Таццяна Юдзіна стала другой маці для 37 дзяцей!
Некалькі гадоў назад у вёсцы Галавінцы Гомельскага раёна быў адкрыты дзіцячы дом сямейнага тыпу. Але яшчэ ў пачатку 2000-х Таццяна Юдзіна ўзяла на выхаванне першых прыёмных дзяцей — Улада і Аню.
Зараз яны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, аднак да сваёй другой матулі прыязджаюць рэгулярна. Таццяна Аляксандраўна з гордасцю зазначае: “Я ўжо маю пяцёра ўнукаў, якіх мне падарылі першыя прыёмныя дзеці”. Зараз ва ўтульным і прасторным доме пражываюць 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія называюць Таццяну Аляксандраўну мамай, а іншых дзяцей — братамі і сёстрамі. Прычым некаторыя з іх патрабуюць асаблівай увагі
медыкаў.
З 2004 года, калі Таццяна і яе муж Ігар узялі на выхаванне двух дзетак, маці-выхавальніца адкрыла сваё сэрца яшчэ многім хлопчыкам і дзяўчынкам. Хтосьці з іх быў ужо падлеткам, а некаторых Таццяна Аляксандраўна забрала з дома немаўляці.
— Дайшло да таго, што ў нашай сям’і з’явіліся двое дзетак, ад якіх адмовіліся нават прыёмныя бацькі, — з сумам гаворыць маці-выхавальніца. — Добра, што яны былі зусім маленькімі — ім не споўнілася яшчэ і двух гадоў, таму дрэнныя ўспаміны іх турбавалі нядоўга. Тым больш што з іншымі дзецьмі яны хутка пасябравалі.
Што дапамагае мнагадзетнай маці справіцца з такой колькасцю дзяцей, кожнаму ўдзяліць увагу і падарыць пяшчоту?
— Я люблю дзяцей! Для мяне яны ўсе родныя, — такім быў адказ Таццяны Юдзінай.
Чытайце матэрыял Ірыны Грамыка ў нумары ад 11 лістапада 2022 года.