Лепшая студэнтка Гродзеншчыны вучыцца на педфаку

- 15:11Якасць адукацыі

Студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская будзе адстойваць гонар студэнтаў Гродзеншчыны на Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года — 2016”.

У Год культуры прэтэндэнты на званне пераможцы абласнога этапу конкурсу дэманстравалі веданне беларускай культуры і літаратуры. Студэнты трох гродзенскіх універсітэтаў — не толькі высокаадукаваныя людзі (бал паспяховасці ва ўсіх не ніжэй за 8), але і актыўныя ў навуковай рабоце, творчай, спартыўнай, грамадскай дзейнасці, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і якасці лідара.

Прадэманстраваць гэтыя якасці ўдзельнікі маглі ў некалькіх конкурсах. Так, у тэатралізаваным паказе “Беларусь культурная” расказвалі аб сваёй любімай кнізе беларускага аўтара і выступалі ў ролі прамоўтара гэтага твора. Тут і прагучаў заклік Веранікі Кажанеўскай да моладзі ў ХХІ стагоддзі чытаць беларускую літаратуру. Дарэчы, усе выступленні дзяўчыны праходзілі на беларускай мове.

Кожная з удзельніц, а за тытул лепшага студэнта спаборнічалі таксама трэцякурсніца агранамічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта Карына Швораб і студэнтка 4 курса медыка-псіхалагічнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта Валерыя Сядушкіна, прадэманстравала вялікі творчы патэнцыял — быў і балет, і ігра на баяне, і тэатралізаваная пастаноўка. Але галоўнае, што вылучала ўдзельніц, — гэта актыўная жыццёвая пазіцыя. Карына — стыпендыят абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, удзельніца тэатральнай студыі “Байка”, дыпламант конкурсу прыгажосці “Міс Гродна — 2016” у намінацыі “Міс зачараванне”. Валерыя з’яўляецца стыпендыятам прэміі імя Аляксандра Дубко і актывісткай першаснай арганізацыі БРСМ медыцынскага ўніверсітэта.

Вераніка Кажанеўская адзначана стыпендыяй савета ГрДУ імя Янкі Купалы, актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскім руху БРСМ “Добрае сэрца”. Яе дэвізам з’яўляюцца словы “Чалавек знаходзіць час для ўсяго, што сапраўды хоча”. А хоча Вераніка працаваць з дзецьмі, аб чым марыла з дзяцінства.

Журы конкурсу ацэньвала партфоліа ўдзельніц, дзе яны расказалі аб сваіх дасягненнях. Адказалі студэнткі і на пытанні журы аб сваёй жыццёвай пазіцыі, што яны лічаць галоўным у жыцці, чаму ўдзельнічаюць у конкурсе і ці дапамагае прыгажосць пры здачы экзаменаў. Відэаролік “Я — студэнт” прадэманстраваў пачуццё гумару дзяўчат. За некалькі дзён да конкурсу ролікі можна было ўбачыць у адной з сацыяльных сетак і ацаніць іх. Тут перамогу атрымала Вераніка Кажанеўская. Яна таксама перамагла ў конкурсе сімпатый гледачоў. Лепшай журы прызнала і групу падтрымкі студэнткі педагагічнага факультэта. Дарэчы, падтрымаць Вераніку прыйшлі не толькі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, але і бацькі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.