Лета для кожнага

- 12:51Сацыяльны ракурс

Для большасці з нас лета — гэта магчымасць на пэўны час вырвацца са штодзённай руціны, змяніць прывычную атмасферу. А для дзяцей, якім даводзіцца праходзіць праз сур’ёзныя хваробы і складанае лячэнне, змяніць атмасферу — значыць, забыцца пра хваробу, пагуляць з равеснікамі, пажыць на прыродзе, адчуць сябе звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

Два рэабілітацыйна-аздараўленчыя праекты Беларускага дзіцячага фонду даюць магчымасць правесці частку лета менавіта так дзецям, якія перанеслі складаныя аперацыі на сэрцы, і дзецям-інвалідам, хворым на анкалогію. Гэта праекты “Вясёлыя сэрцайкі” і “Вясёлка надзеі”.

Рэабілітацыйна-аздараўленчая змена “Вясёлка надзеі” — гэта магчымасць адпачыць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” для 50 анкахворых дзяцей. І так на працягу больш як 20 гадоў. За гэты час каля 2500 дзяцей прайшлі рэабілітацыю. Пачыналася ўсё, праўда, са змен у іншых летніках, але апошнія гадоў 15 партнёрам праекта з’яўляецца менавіта НДЦ “Зубраня”. Пуцёкі ў лагер дзеці атрымліваюць бясплатна дзякуючы дзяржпадтрымцы.

— Мы вельмі ўдзячны і Міністэрству адукацыі, і кіраўніцтву НДЦ за падтрымку нашага праекта, — гаворыць намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова. — Нашы дзеці актыўна ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх мерапрыемствах цэнтра, мы маем магчымасць у поўнай меры выкарыстоўваць медыцынскую і гульнявую базу летніка — басейн, трэнажорную залу, камп’ютарны клас і г.д. Малыя купаюцца ў Нарачы, катаюцца на скейтах. Яны таксама выязджаюць на экскурсіі па Нарачанскім краі, у Полацк, агратурыстычны комплекс “Наносы”. З малымі са змены “Вясёлка надзеі” працуюць педагогі і псіхолагі лагера, а таксама ўрачы ад нашага фонду. А на развітальным вогнішчы кожны хлопчык і дзяўчынка загадваюць самае патаемнае жаданне. І, напэўна, толькі тады дзеці ўзгадваюць пра сваю хваробу, бо падчас змены яны пра яе забываюць.

Ірына Аляксандраўна, сама ўрач-педыятр, таксама праводзіць гэтую змену ў лагеры з хворымі дзецьмі. Кажа, што малыя нават адмаўляюцца ад аздараўлення за мяжой, каб трапіць на змену ў НДЦ “Зубраня”, набываюць там сяброў, з якімі нярэдка потым сустракаюцца на мерапрыемствах дзіцячага фонду.

— Праект “Вясёлыя сэрцайкі” — гэта своеасаблівы працяг нашай вялікай праграмы “Дзіцячае сэрца”. Нарадзіўся ён невыпадкова, — расказвае ў сваю чаргу каардынатар праектаў фонду Юлія Капцэвіч. — З 2000 года ў Беларусь пачалі прыязджаць замежныя спецыялісты і пад кіраўніцтвам кардыяхірурга Вільяма Новіка аперыравалі дзяцей, супрацоўнічалі з беларускімі ўрачамі. З кожным годам гэтая дапамога станавілася ўсё больш эфектыўнай, але дзеці, які перанеслі цяжкія кардыязахворванні, часта заставаліся дома, ім не хапала сацыялізацыі. Вось мы і вырашылі дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам уключыцца ў звычайнае дзіцячае жыццё. Зараз сітуацыя з сацыялізацыяй нала-джана, але для дзяцей, якія доўга лечацца, знаходзяцца на дамашнім навучанні, такія праекты вельмі важныя, яны як пэўная трэніроўка для ўваходжання ў вялікае дарослае жыццё.

Такім чынам, Беларускі дзіцячы фонд з дапамогай медыкаў запрашае дзяцей з усёй краіны на рэабілітацыйна-аздараўленчую змену ў цэнтр “Надзея” ў Вілейскім раёне, пуцёўкі набывае сам з дапамогай дабрачынцаў. Удзельнікі змены, якая сёлета пройдзе 11-ы раз, — гэта хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. У групе звычайна 41 дзіця і 5 дарослых (урач-кардыёлаг, псіхолагі, педагогі). Сярод іх і сама Юлія Капцэвіч, якая мае і педагагічную, і псіхалагічную адукацыю.

За 10 гадоў, дзякуючы змене “Вясёлыя сэрцайкі”, прайшлі рэабілітацыю 430 непаўналетніх, якія маюць статус дзіцяці-інваліда: дзеці, якія перанеслі па 3—4 аперацыі, малыя з кардыястымулятарамі, тыя, хто стаіць у лісце чакання на перасадку сэрца. Напрыклад, у 2015 годзе 80% дзяцей, якія прайшлі рэабілітацыю ў гэтую змену, перанеслі аперацыю са спыненнем сэрца. З іх кожнае чацвёртае дзіця перажыло такую аперацыю неаднойчы, 5 дзяцей мелі кардыястымулятары, 3 пакутавалі ад цяжкай лёгачнай гіпертэнзіі, 2 чакалі перасадкі сэрца і лёгкіх. З кожным годам на змену трапляюць дзеці з усё больш складанымі дыягназамі.

— Нашы дзеці, канечне, уключаны ў выхаваўчую, педагагічную, рэабілітацыйную работу цэнтра “Надзея”, але мы імкнёмся ўдасканаліць свой праект дадатковымі опцыямі, — дадае мая суразмоўніца. — Абавязкова з намі выязджае псіхолаг-валанцёр Ганна Няпраўская, супрацоўнік універсітэта фізкультуры, якая распрацавала аўтарскую праграму псіхалагічнай адаптацыі дзяцей са складанымі захворваннямі. А яшчэ ў “Надзею” выязджаюць 2 педагогі-валанцёры, звычайна — студэнты педуніверсітэта імя Максіма Танка. Мы наогул вельмі цесна супрацоўнічаем з клубам БДПУ “Міласэрнасць”, якім кіруе старшы выкладчык кафедры педагогікі Людміла Лазарчук.

Дзеці ў летніку праходзяць таксама штодзённыя сеансы спелеа-, фіта- і водаратэрапіі, заняткі дыхальнай гімнастыкай і лячэбнай фізкультурай, а таксама робяць тое, што складае аснову летняга адпачынку для любога дзіцяці: ходзяць на пешыя прагулкі, ездзяць на веласіпедах, гуляюць у футбол, валейбол, настольны тэніс, катаюцца на водных веласіпедах. Усё гэта адбываецца, безумоўна, з улікам узросту і стану здароўя. А яшчэ лета ў “Надзеі” — гэта творчыя конкурсы, заняткі ў гуртках, спаборніцтвы, прызы і ўзнагароды — звычайнае дзіцячае жыццё, якога так не хапае хворым малым. Бацькі ведаюць пра такую рэабілітацыю, самі тэлефануюць у абласныя аддзяленні фонду, просяць уключыць дзіця ў праект. Значыць, давяраюць.

Марына ХІДДЖАЗ.