Лета цалкам уступіла ў свае правы і закруціла ў вясёлым карагодзе радасці і захапленняў дзяўчынак і хлопчыкаў. Самым няўрымслівым з іх зноў адчыніў дзверы аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Вясёлы пчальнік”, арганізаваны ў сярэдняй школе № 1 Навагрудка.
Усе дзеці, быццам па ўзмаху чароўнай мядовай палачкі, ператварыліся ў звонкіх “пчолак” і занялі свае “вуллі”: вулей кіравання палётамі, вулей добрых спраў, вулей парадку і кантролю і г.д. І загудзела жыццё ў “Вясёлым пчальніку”. Як вядома, пчала — насякомае працавітае. Вось і нашы “пчолкі” не проста “ляталі” з кветкі на кветку, а даведваліся многа новага і цікавага. Яны наведвалі прадпрыемствы і ўстановы горада і знаёміліся са светам прафесій. Так, выхаванцы лагера пабывалі на ААТ “БелКрэда”, ААТ “Навагрудскі ЗМВ”, РВПС Навагрудскі, у філіяле РУП “Белпошта”, у Навагрудскім цэнтры рамёстваў, у Навагрудскай ЦРБ.
Самым далёкім і незабыўным аказаўся палёт у экамузей “Свет пчол” (вёска Барок Валожынскага раёна Мінскай вобласці). Тут дзеці змаглі пазнаёміцца з жыццём сапраўднага пчалінага рою, так бы мовіць, знутры.
Любы палёт будзе прыносіць радасць, калі не забываць пра бяспеку, таму кожны дзень “пчолкі” збіраліся на агульны сход “Бяспечны палёт”, успамінаючы і абмяркоўваючы правілы бяспечных паводзін на дарозе, дома, на вадаёме і г.д.
Як вядома, любая праца аплачваецца. Вось і нашы самыя актыўныя “пчолкі” за праведзены на пчальніку дзень атрымлівалі мядовыя манеткі. І гэта была не проста ўмоўная ўзнагарода. Усю змену працаваў пчаліны магазін, дзе за манеткі можна было набыць цукеркі, пячэнне, а галоўнае, элемент пазла, які неабходна было сабраць да канца змены.
“Вясёлы пчальнік” ідзе ў нагу з часам. Паколькі 2017 год у Беларусі аб’яўлены Годам навукі, у лагеры адкрылася пчаліная лабараторыя. На пчальнік прыходзілі госці — мурашка, матылёк, жук і г.д. — і прапаноўвалі правесці ў лабараторыі які-небудзь дослед. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў гэтым працэсе і стараліся тлумачыць сутнасць з’яў, за якімі назіралі.
Безумоўна, здзяйсняць далёкія палёты могуць толькі здаровыя пчолкі. Аздаравіцца і стаць больш моцнымі дзецям дазволілі штодзённая ранішняя зарадка, спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры, збалансаванае харчаванне і дзённы сон.
Словы ўдзячнасці дзяцей і бацькоў, ледзьве ўлоўны сум у вачах у дзень закрыцця лагернай змены — паказчык таго, што педагагічны калектыў справіўся са сваёй задачай. Было весела і цікава, а значыць, лета ідзе на карысць! Да новых сустрэч, “Вясёлы пчальнік”!
Алёна СУСЛА,
старшы выхавальнік летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей
“Вясёлы пчальнік” сярэдняй школы № 1 Навагрудка.