XVIII Сусветную летнюю ўніверсіяду сёлета прымае Паўднёвая Карэя. Плануецца, што ў спаборніцтвах прымуць удзел каля 10 тысяч студэнтаў-спартсменаў з усяго свету. Ужо адправілася ў далёкі горад Кванджу і беларуская дэлегацыя, якая будзе прадстаўляць нашу краіну ў 8 відах спорту: мастацкай гімнастыцы, спартыўнай гімнастыцы, акадэмічным веславанні, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, тэквандо, тэнісе.
Па традыцыі напярэдадні ад’езду адбылася сустрэча спартсменаў са старшынёй Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту і міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым. Словы падтрымкі выказаў членам дэлегацыі і міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.
“Беларусь прымае ўдзел у сусветных універсіядах ужо больш за 20 гадоў, і заўсёды нашы студэнты вяртаюцца дадому з медалямі, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў. — Сярод членаў сёлетняй каманды ёсць як спартсмены з вядомымі імёнамі і дасягненнямі, так і тыя, хто толькі пачынае спартыўную кар’еру. Мы спадзяёмся, што ўсе яны пакажуць свае лепшыя вынікі”.
На момант сустрэчы ў склад каманды ўносіліся апошнія карэктывы, было вырашана, што ў Кванджу адправяцца 25 беларускіх атлетаў. Такая невялікая ў параўнанні з папярэдняй XVII Сусветнай летняй універсіядай (Казань, Расія) колькасць спартсменаў абумоўлена шчыльным графікам спартыўных падзей міжнароднага ўзроўню. Як вядома, літаральна тыдзень назад скончыліся Еўрапейскія Алімпійскія гульні ў Баку, дзе Беларусь, заваяваўшы 43 медалі, заняла 7 месца сярод 50 краін-удзельніц.
Натуральна, што паўтарыць поспех казанскай універсіяды сёлета не атрымаецца. Нагадаем нашым чытачам, што XVII Сусветная летняя ўніверсіяда прынесла беларусам рэкордную колькасць медалёў — 40! Тады наша невялікая краіна стала 5-й у агульнакамандным заліку.
“Меншая колькасць членаў каманды зусім не паказчык яе гатоўнасці да спартыўных выпрабаванняў, — адзначыў Аляксандр Шамко. — У гэтым выпадку мы разглядаем сітуацыю з пазіцыі “не колькасцю, а якасцю”. У мэтах падрыхтоўкі да ўніверсіяды нашы спартсмены-студэнты прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах рознага рангу, якія дазволілі нам пратэсціраваць гатоўнасць каманды да спаборніцтваў у Кванджу. Можна з упэўненасцю сказаць: каманда здольна максімальна рэалізаваць свой патэнцыял”.
Хрысціна Стараселец, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, чэмпіёнка II летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў (Нанкін, Кітай) у акадэмічным веславанні, прызналася, што для яе асабіста, як і для партнёраў па камандзе, універсіяда — вялікая адказнасць. Хрысціна ўжо ведае, што аспрэчваць медалі ёй прыйдзецца з лідарамі чэмпіянату свету.
Сярод вядомых імёнаў каманды і такія як Меліціна Станюта (мастацкая гімнастыка), Яўген Цуркін (плаванне), Арман-Маршал Сіла (тэквандо) і інш.
Дарэчы, акрамя беспрэцэдэнтнай колькасці спартсменаў і краін-удзельніц (170!), у паўднёва-карэйскай універсіядзе прымуць удзел 20 тысяч валанцёраў, сярод якіх і валанцёры з Беларусі.
“Мы разглядаем універсіяду не толькі як магчымасць заваявання медалёў для краіны, але і як неабходны прафесійны вопыт, — падсумаваў вынікі сустрэчы міністр адукацыі. — Для некаторых спартсменаў яна будзе асабліва важным стартам напярэдадні Алімпіяды ў Бразіліі. Разам з тым спадзяёмся на медалі ў лёгкай атлетыцы, веславанні, мастацкай гімнастыцы, прадстаўленых відах барацьбы”.
Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што прызёры і пераможцы студэнцкіх спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню сёння атрымліваюць сур’ёзную падтрымку з боку дзяржавы ў выглядзе 60-працэнтнай скідкі ад аплаты навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту заснаваны прэміі для спартсменаў, якія паказалі лепшыя вынікі на міжнародных спартыўных форумах. Па словах міністра, такой прэміі дастаткова, каб аплаціць год вучобы ва ўніверсітэце ці істотна палепшыць сваё фінансавае становішча.
Наталля АЛЁХІНА.