Лідар па ЦТ

- 10:33Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Гомельшчына сёлета займае 1-­е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу.

На абласным жнівеньскім педсавеце ў Гомелі падведзены асноўныя вынікі мінулага навучальнага года. Каля тысячы педагогаў разам з прадстаўнікамі ўлады, дэпутацкага корпуса і кіраўнікамі галіны абмеркавалі планы на новы навучальны год. 

Асаблівая ўвага — маладым спецыялістам

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў, што сёлета з абласнога бюджэту на адукацыю рэгіёна выдаткавана больш за Br1,047 млрд. Гэта на 13% больш, чым годам раней. 

— Кіраўнікі ўстаноў адукацыі не сядзяць без справы ў чаканні бюджэтных сродкаў, а зарабля­юць іх самастойна. За першае паўгоддзе 2022 года ўстановы галіны атрымалі на паўтара млн рублёў больш ад пазабюджэтнай дзейнасці, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Агульная сума заробленых сродкаў перавышае 13 млн рублёў. Адзначу руплівы падыход кіраўнікоў устаноў адукацыі да эканоміі бюджэтных сродкаў: бягучы рамонт галоўным чынам праводзіцца ўласнымі сіламі. З пачатку года на рамонт аб’ектаў галіны гаспадарчым спосабам выкарыстана амаль 2 з паловай млн рублёў пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

У Гомельскай вобласці пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі ў сярэднім па вобласці застаюцца ва ўстановах адукацыі 79% маладых спецыялістаў. Іван Крупко падкрэс­лівае, што ім — асаблівая ўвага: 

— Лічба год ад году расце: з 75% у 2018 годзе. Сваю ролю ў гэтым адыгралі сацыяльная падтрымка і прэферэнцыі — як на дзяржаўным узроўні, так і прадугледжаныя калектыўнымі дагаворамі. У тых раёнах, дзе сур’ёзна працуюць над гэтай задачай, кад­ры замацоўваюцца яшчэ лепш. У першы год работы неабходна забяспечваць патранат і дапамогу з боку аддзелаў адукацыі.

Нашы каштоўнасці

Рэктар Рэспубліканскага інсты­тута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі адзначыў, што адданы педагагічнай працы настаўнік з’яўляецца залатым фондам сістэмы адукацыі:

— Хацелася б звярнуць увагу на пытанні арганізацыі па­трыятычнага выхавання навучэнцаў, фарміравання ў іх каштоўнасных установак, традыцый, павагі да дзяржаўных сімвалаў. Дзяржаўны сцяг і гімн павінны стаць абавязковымі атрыбутамі мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў.

Рэктар звярнуў увагу, што па агульнай сярэдняй адукацыі завершаны паэтапны пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы, выданне новых вучэбных дапаможнікаў. Зацверджаны і школьны стандарт, і правілы педагога.

Ёсць чым ганарыцца

Начальнік галоўнага ўпраў­лення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў адзначыў, што прадстаўнікам галіны рэгіёна ёсць чым  ганарыцца сёлета: 

— У нас першая пазіцыя па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, другі вынік у рэспубліканскім рэйтынгу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 13 медалёў на міжнародных прадметных алімпіядах па інфарматыцы, матэматыцы і фізіцы. Практычна 60% усіх выпускнікоў гэтага года паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. Сярэдні бал выпускнікоў Гомельскай вобласці на ЦТ склаў 57,13. Нават тыя раёны, якія знаходзяцца ў канцы рэйтынгавай табліцы, маюць амаль 50 балаў. Лепш за ўсіх справіліся з тэстамі выпускнікі Жлобінскага, Чачэрскага, Рагачоўскага раёнаў, Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Гомеля. Лельчыцы падняліся з 18-й на 4-ю пазіцыю. Сярэдні бал у гімназістаў і ліцэістаў вышэйшы і складае 66,74. Сярод устаноў сельскай мясцовасці лідзіруюць наступныя сярэднія школы: Судкоўская Хойніцкага раёна, Маложынская Брагінскага раёна і Брылёўская Гомельскага раёна. Выпускнікі Гомельскай вобласці атрымалі 43 стабальныя сертыфікаты. 

Руслан Іванавіч падкрэслівае, што трэба правесці дэталёвы аналіз вынікаў ЦТ — неабходна параўнаць балы на ЦТ і адзнакі ў атэстаце, правесці падрабязную работу над памылкамі.

Прафтэх удасканальваецца

Сёлета на Гомельшчыне амаль 8,5 тысячы навучэнцаў прый­дуць ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Летась за кошт абласнога бюджэту тут падрыхтавана і выпушчана звыш 5 з паловай тысяч маладых рабочых і спецыялістаў. Усе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі выканалі кантрольныя лічбы прыёму.

— З улікам патрэб сацыяльна-­эканамічнага комплексу адкрыта падрыхтоўка па наступных кваліфікацыях: “стропальшчык”, “машыніст кацельні”. У Гомельскім аўтамеханічным каледжы ўпершыню ў вобласці пачнецца пад­рыхтоўка па спецыяльнасці “Тэхналагічная падрыхтоўка і наладка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік”. Навучанне дзеці будуць праходзіць у цэнтры кампетэнцый машынабудаўнічага профілю. Сёння на Гомельшчыне 6 цэнтраў кампетэнцый, на базе якіх прайшлі навучанне паўтары тысячы навучэнцаў з 25 устаноў прафесійнай адукацыі і 407 чалавек з ліку дарослага насельніцтва. Укладзены немалыя фінансавыя сродкі, і зараз патрэбна поўная загрузка гэтых цэнтраў. У сістэме адукацыі Гомельшчыны на пачатак навучальнага года налічваецца звыш 240 тысяч навучэнцаў. І ў кожнай установе адукацыі павінна быць створана належнае выхаваўчае асяроддзе, — падкрэслівае Руслан Смірноў. — Выхаванне патрыёта з актыўнай і адказнай грамадзянскай пазіцыяй — вось прыярытэтныя кірункі работы ў новым навучальным годзе. Асаблівую актуальнасць набываюць пытанні фарміравання гордасці за гісторыю і культуру краіны, гатоў­насці абараняць інтарэсы сваёй Радзімы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.