Заўчора ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў І Міжнароднага літаратурнага конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы”.
Міжнародны літаратурны конкурс “Мост дружбы” быў абвешчаны летась з мэтай далейшага развіцця і ўмацавання расійска-беларускіх літаратурных сувязей, адкрыцця новых імён у літаратуры, кансалідацыі маладых літаратараў абедзвюх краін, надання ім магчымасці першай публікацыі і данясення твораў да чытача. Заснавальнікам конкурсу стаў Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, ідэю таксама актыўна падтрымаў Літаратурны інстытут імя А.М.Горкага.
Для ацэнкі конкурсных работ быў створаны спецыяльны экспертны савет у складзе вядомых літаратараў і філолагаў-навукоўцаў Расіі і Беларусі на чале з рэктарам Літінстытута, заслужаным дзеячам навукі Расійскай Федэрацыі, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук (Інсбрук) Барысам Тарасавым. Эксперты сутыкнуліся з вельмі нялёгкай задачай выбраць дзесяць лепшых твораў — усе конкурсныя работы былі абсалютна розныя, іх аб’ядноўвала хіба што адчувальная прысутнасць нервовасці нашага часу, і ў большасці навідавоку быў не надта аптымістычны погляд на жыццё. Тым не менш эксперты ўсё-такі вызначылі дзесяць пераможцаў: па пяць ад Расіі і Беларусі. З расійскага боку лаўрэатамі конкурсу сталі Маргарыта Каткова, Сяргей Лагодзін, Аляксандр Масквін, Таццяна Трафімава і Георгій Фамін, а з беларускага — Мікалай Андрэеў, Маргарыта Латышкевіч, Вольга Чаркас, Дар’я Вашкевіч і Алёна Беланожка. Іх творы склалі змест першага выпуску “Літаратурнага альманаха”, які надоечы пабачыў свет у выдавецкім доме “Звязда” і быў прэзентаваны на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Кароткія апавяданні гэтых маладых пісьменнікаў пададзены ў кнізе сіметрычна — на рускай і беларускай мовах. Многія аўтары рабілі аўтарызаваны пераклад.
Вітаючы ўдзельнікаў цырымоніі, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота адзначыў, што ідэя заснаваць конкурс для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў з’явілася даўно. Як вядома, Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы раз на два гады зацвярджае тры прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва, але, як правіла, сярод намінантаў ніяк не знаходзілася месца для моладзі. Па словах дзяржсакратара, з гэтай прычыны яму асабіста не раз даводзілася чуць прэтэнзіі з боку творчай маладой супольнасці: “Калі ж нарэшце ўспомняць і загавораць пра нас?”. І вось недагляд выпраўлены — І Міжнародны літаратурны конкурс маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы” адбыўся. “А канкрэтную форму, у якой здзейсніўся гэты праект, мы падгледзелі ў практыцы работы расійска-італьянскага таварыства дружбы. Энтузіясты на чале з прэзідэнтам Асацыяцыі “Пазнаём Еўразію” прафесарам Антоніа Фаліка раней ажыццявілі такі праект з удзелам маладых італьянскіх і расійскіх аўтараў, выдалі альманах з іх кароткімі апавяданнямі на італьянскай і рускай мовах. Даведаўшыся пра конкурс Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы, нашы італьянскія партнёры ласкава ўступілі нам правы на фармат выдання і, больш за тое, дапамаглі ў рэалізацыі праекта”, — сказаў Рыгор Рапота.
Ён таксама заўважыў, што ўдзельнікі конкурсу “Мост дружбы” з’яўляюцца ў пэўным сэнсе самаахвярнымі маладымі людзьмі, якія ў эпоху шырокай распаўсюджанасці сацыяльных сетак не шукаюць лёгкіх шляхоў для самавыяўлення, а займаюцца сур’ёзнай літаратурай. А яшчэ, падкрэсліў дзяржсакратар, вельмі важна, што ў конкурсе прынялі ўдзел літаратары не толькі са сталічных, але і з іншых вялікіх ды малых гарадоў і нават вёсак Расіі і Беларусі.
У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч адзначыў, што правядзенне конкурсу служыць імпульсам для творчага развіцця маладых літаратараў, а менавіта ім прыйдзецца заўтра вызначаць аблічча культурнай і інфармацыйнай прасторы Беларусі, Расіі, Саюзнай дзяржавы. Намеснік міністра інфармацыі нагадаў прысутным пра тое, што ў савецкія часы распаўсюджанай практыкай творчага супрацоўніцтва было правядзенне злётаў маладых літаратараў, семінараў, су-стрэч і інш. Сённяшнія ініцыятывы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы можна лічыць своеасаблівым узнаўленнем колішніх творчых сувязей. “Гэта тая парадыгма культурнага развіцця Саюзнай дзяржавы, без якой наша далейшае ўзаемадзеянне ўяўляецца вельмі праблематычным, — заўважыў Уладзімір Матусевіч. — Да таго ж, такія мерапрыемствы знаходзяцца ў рэчышчы надзённых задач, звязаных з цікавасцю да кнігі, да чытання і, напэўна, якасцю літаратурнага тэксту”.
Пераможцаў конкурсу таксама віталі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, рэктар Літаратурнага інстытута імя А.М.Горкага Барыс Тарасаў, намеснік дырэктара выдавецкага дома “Звязда” Алесь Бадак і інш. Выступоўцы былі аднагалосныя ў тым, што Міжнародны літаратурны конкурс маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы” павінен абавязкова мець працяг.