Сёння актыўна вядзецца распрацоўка новага Закона “Аб ліцэнзаванні”. У частцы праекта, якая тычыцца адукацыйнай галіны, задзейнічана Міністэрства адукацыі і непасрэдна Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, для якога забеспячэнне працэдуры ліцэнзавання ўстаноў адукацыі з’яўляецца адной з асноўных функцый дзейнасці. Мы сустрэліся з дырэктарам дэпартамента М.У.МІРОНЧЫКАМ, які расказаў, наколькі важным для сістэмы адукацыі з’яўляецца гэты закон, якія новаўвядзенні плануецца ўнесці ў працэдуру ліцэнзавання і як гэта паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу.
— Міхаіл Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, якімі заканадаўчымі дакументамі пры правядзенні ліцэнзавання вы сёння кіруецеся?
— Сёння ліцэнзаванне ў нашай краіне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”. Па сутнасці, гэта галоўны дакумент, у адпаведнасці з якім мы ажыццяўляем нашу дзейнасць.
Згодна з пунктам 27 дадатку 1 вышэйназванага ўказа, Міністэрства адукацыі ўпаўнаважана выдаваць ліцэнзіі на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці ўстановам адукацыі і іншым арганізацыям, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам маюць права весці падрыхтоўку кадраў з прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, а таксама ажыццяўляць перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў або адзін з гэтых кірункаў адукацыйнай дзейнасці.
Ліцэнзіі на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці сёння маюць 417 ліцэнзіятаў з ліку ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых і іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.
З 1 ліпеня мінулага года наяўнасць ліцэнзіі на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці можна пацвердзіць, звярнуўшыся да Адзінага рэестра ліцэнзій праз адзіны партал электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы з дапамогай інтэрнэту.
— Калі саіскальнік ліцэнзіі хоча атрымаць ліцэнзію на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, то якія патрабаванні, устаноўленыя заканадаўствам, ён павінен выканаць?
— Гэтыя патрабаванні вельмі істотныя і шматлікія. Трэба пацвердзіць наяўнасць вучэбна-праграмнай дакументацыі пэўнай адукацыйнай праграмы, якая зацверджана ў адпаведнасці з заканадаўствам, укамплектаванасць навучальнай установы педагагічнымі кадрамі, прафесійны ўзровень якіх адпавядае тым кваліфікацыйным патрабаванням, якія вызначаюцца ў кваліфікацыйным даведніку пасад служачых, занятых у адукацыі. Акрамя таго, навучальная ўстанова павінна мець неабходную вучэбна-матэрыяльную базу, у ёй павінны быць пэўнае абсталяванне, вучэбная мэбля, інвентар, сродкі навучання, іншая маёмасць. У навучальнай установе павінны быць створаны ўмовы для выканання ўсіх санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў, у тым ліку ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія ўтрымліваюцца ў вучэбна-праграмнай дакументацыі адпаведных адукацыйных праграм, распрацаваных на аснове адукацыйных стандартаў, і пералікамі, якія вызначае Міністэрства адукацыі. Працэдура ліцэнзавання дазваляе ўжо на пачатковым этапе дзейнасці ўстановы адукацыі аб’ектыўна ацаніць яе патэнцыял, магчымасці па забеспячэнні ўмоў рэалізацыі правоў навучэнцаў на атрыманне адукацыі.
Як бачна, ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці — гэта адказны і складаны працэс, і зразумела чаму. Ліцэнзаванне накіравана перш за ўсё на абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў і законных інтарэсаў нашых грамадзян. Гэты працэс звязаны са стварэннем належных умоў для падрыхтоўкі адукаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў у кіраўніцкай і гаспадарчай дзейнасці, ад чаго, па сутнасці, залежыць развіццё нашай краіны і наш дабрабыт. Важна тое, што ліцэнзаванне дапамагае не дапусціць з’яўлення ў сферы адукацыі менавіта тых суб’ектаў гаспадарання, якiя маюць карыслівыя мэты здабывання асабістага прыбытку, што, безумоўна, прыносіць шкоду інтарэсам краіны і грамадства. Замацоўваючы шэраг асаблівых патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці, ліцэнзаванне з’яўляецца дзейснай формай дзяржаўнага рэгулявання агульнага кантынгенту навучэнцаў сістэмы адукацыі, устанаўлення неабходнай колькасці навучэнцаў па розных узроўнях адукацыі, вызначэння аптымальных суадносін кантынгенту навучэнцаў у дзённай, вячэрняй і завочнай формах атрымання адукацыі. З дапамогай ліцэнзавання ажыццяўляецца своеасаблівае размеркаванне дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях, прафесіях, профілях і напрамках адукацыі сярод устаноў адукацыі, якія забяспечаны неабходнымі матэрыяльнымі, кадравымі і вучэбна-праграмнымі рэсурсамі.
Міністэрства адукацыі і непасрэдна наш дэпартамент строга сочаць за ажыццяўленнем адукацыйнай дзейнасці навучальнымі ўстановамі ў адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі. Іншым разам галіновае міністэрства адмаўляе ў выдачы ліцэнзіі або спыняе яе дзеянне. Для кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, іх заснавальнікаў такія меры павінны стаць эфектыўным дысцыплінуючым фактарам, сродкам мабілізацыі намаганняў, скіраваных на стварэнне належных умоў для забеспячэння якасці адукацыі, якія закладзены ў крытэрыях ліцэнзавання. Пасля атрымання суб’ектамі гаспадарання лiцэнзii на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці ў ходзе правядзення працэдуры дзяржаўнай акрэдытацыі Міністэрства адукацыі правярае выкананне патрабаванняў не толькі заканадаўства аб адукацыі, але і заканадаўства аб ліцэнзаванні і ліцэнзійных патрабаваннях.
Хачу дадаць, што ліцэнзаванне ў сферы адукацыі ажыццяўляецца ў многіх замежных краінах. Сярод іх краіны СНД, многія еўрапейскія краіны. Так, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі ліцэнзуюцца адукацыйныя праграмы, пачынаючы ад дашкольнай адукацыі і заканчваючы дадатковай адукацыяй дарослых, пры гэтым падлягае ліцэнзаванню і больш шырокі пералік адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых. Крытэрыі працэдуры ліцэнзавання ў многіх краінах у сваёй большасці падобныя на нашы. Гэта бяспека адукацыйнага працэсу, кваліфікацыя педагагічных работнікаў, наяўнасць адукацыйных праграм, якія адпавядаюць стандарту, і інш. Вопыт замежных калег мы выкарыстоўваем і ў сваёй дзейнасці па ліцэнзаванні.
— Якія змены плануецца ўнесці ў новы законапраект, і наколькі яны значныя для развіцця сістэмы адукацыі і непасрэдна для кантролю адукацыйнай дзейнасці?
— Сучаснае жыццё ўвогуле і сістэма адукацыі ў прыватнасці развіваюцца вельмі дынамічна, што вымушае пастаянна абнаўляць нарматыўную прававую базу. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 верасня 2019 г. № 326 “Аб удасканаленні ліцэнзавання” Савету Міністраў даручана распрацоўка Закона “Аб ліцэнзаванні”.
Міністэрства адукацыі прапанавала ўнесці ў праект закона ліцэнзаванне дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якога да гэтага часу не было. У праекце закона “Аб ліцэнзаванні” адпаведная глава прысвечана адукацыйнай сферы. У артыкул “Ліцэнзіяты. Паслугі, якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці” ўнесены падпункты, якія і зацвярджаюць гэтыя пазіцыі. Гэта, на мой погляд, вельмі важны крок у ліцэнзаванні ўстаноў адукацыі, які дазваляе стварыць у краіне адзіныя падыходы да патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці ўсімі суб’ектамі гаспадарання. Згодна з гэтым, мы можам забяспечыць належны кантроль за якасцю адукацыі з боку галіновага міністэрства і мясцовых органаў кіравання.
Неабходнасць увядзення ліцэнзавання дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі прадыктавана самім жыццём і гэтае пытанне даўно наспела. Сёння нашым заканадаўствам прадугледжаны ліберальны парадак выдачы дазволу на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці ў дзіцячых садах і школах. Для атрымання такога дазволу заснавальніку ўстановы адукацыі ў дакументах, прадстаўленых на дзяржаўную рэгістрацыю суб’екта гаспадарання, дастаткова пазначыць від эканамічнай дзейнасці, якой гэтая ўстанова будзе займацца ў сферы адукацыі. Дзяржаўная рэгістрацыя суб’ектаў гаспадарання цяпер ажыццяўляецца на падставе заяўнага прынцыпу ў дзень падачы дакумента. Заснавальнік не ўказвае, якія бяспечныя ўмовы для жыцця і здароўя навучэнцаў створаны ва ўстанове адукацыі пры рэалізацыі розных адукацыйных праграм, як яна ўвогуле арганізавана, наколькі забяспечана якасць падрыхтоўкі. А гэта вялікі пласт работы, які закранае самыя розныя ўзроставыя катэгорыі дзяцей, у тым ліку дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці.
Акрамя таго, наша адукацыйная сфера ажыццяўляе не толькі навучанне, але і выхаванне падрастаючага пакалення, фарміруе здаровую, ідэалагічна ўстойлівую і рознабакова развітую асобу. Таму ажыццяўляць у дзіцячых садах і школах адукацыйную дзейнасць без пацвярджэння таго, што ў іх створаны належныя ўмовы для гэтага, недапушчальна. Але пакуль хапае прыкладаў таго, што не ва ўсіх дзіцячых садах і школах прыватнай уласнасці створаны неабходныя ўмовы для навучання і выхавання. Шэраг прыватных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі размяшчаюцца ў не прыстасаваных для ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці памяшканнях (кватэрах, катэджах, аб’ектах прамысловасці, гандлю і інш.). Не ва ўсіх установах створана адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Ёсць прыклады, калі навучэнцы не забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі на папяровым носьбіце, ва ўстановах адукацыі не створаны бяспечныя ўмовы для іх навучання, не арганізавана належным чынам харчаванне. Нярэдка ва ўстановах адукацыі адсутнічаюць лакальныя прававыя акты, якія рэгулююць адукацыйны працэс, не складзены расклад вучэбных, факультатыўных заняткаў, графік кантрольных работ. У некаторых прыватных школах адукацыйны працэс арганізаваны дыстанцыйна і па індывідуальных вучэбных планах. Аднак дыстанцыйная форма навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нарматыўнымі дакументамі не прадугледжана.
У сваю чаргу ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці носіць прэвентыўны характар, замацоўвае адзіныя патрабаванні для ўстаноў адукацыі ўсіх форм уласнасці і з’яўляецца дзейснай формай дзяржаўнага кантролю развіцця сістэмы адукацыі. Гэтая працэдура дазваляе аб’ектыўна ацаніць патэнцыял саіскальніка ліцэнзіі (ліцэнзіята) у забеспячэнні ўмоў, неабходных для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Як было адзначана, ліцэнзаванне не дапускае з’яўлення ў сферы адукацыі нядбайных суб’ектаў гаспадарання, якiя маюць толькі камерцыйныя мэты і прыносяць шкоду дзяржаве і непасрэдна асобе. Гэтая працэдура адкрывае дарогу тым, хто можа і жадае выконваць ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы.
Пры актыўным развіцці ў цяперашні час прыватнага сегмента ў адукацыі ўвядзенне ліцэнзавання адукацыйных праграм дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі дасць магчымасць ажыццяўляць на стадыі выдачы ліцэнзіі дзейсны кантроль за выкананнем саіскальнікам ліцэнзіі патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці, выкананнем санітарных норм і правіл, гарантаваннем пажарнай бяспекі. Гэта дазволіць пракантраляваць, наколькі гатова ўстанова адукацыі да ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці ў частцы матэрыяльна-тэхнічнага, кадравага, інфармацыйна-бібліятэчнага, вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, не дапусціць да адукацыйнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, якія не ў поўнай меры выканалі патрабаванні і ўмовы па бяспецы навучэнцаў, рэсурснай аснашчанасці ўстановы адукацыі, укамплектаванасці штата педагагічнымі работнікамі адпаведнай кваліфікацыі.
Валодаючы інфармацыяй аб існуючай практыцы ліцэнзавання ў розных краінах свету і маючы пэўны вопыт у правядзенні ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці, можна з упэўненасцю сказаць, што ліцэнзаванне з’яўляецца гарантам законнасці, бяспекі і якасці адукацыйных паслуг, адным са складнікаў працэсу фарміравання інтэлектуальнага патэнцыялу краіны, умацавання яе міжнароднага аўтарытэту і нацыянальнай бяспекі.
Такім чынам, увядзенне ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці накіравана на абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў. І мы павінны на гэтым трывала стаяць. Спадзяюся, што тыя змяненні і дапаўненні, якія абгрунтавана ўносіць Міністэрства адукацыі ў праект закона “Аб ліцэнзаванні”, толькі спрыяльна паўплываюць на далейшае развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Гутарыла Ала КЛЮЙКО.