На базе Чачэнскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта адбыўся Міжнародны адукацыйны форум педагагічных майстэрань настаўнікаў года Расіі і Беларусі, які ўпершыню аб’яднаў пераможцаў конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года” з дзвюх краін для абмену цікавымі ідэямі па арганізацыі навучання, развіцці асобасных якасцей навучэнцаў, выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій і форм работы. Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. Удзельнікамі форуму сталі шэсць пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства з Расіі і два пераможцы з Беларусі. У рамках іх педагагічных майстэрань студэнты ЧДПУ атрымалі магчымасць пазнаёміцца з інавацыйнымі практыкамі педагогаў-майстроў і распрацаваць сумесныя заняткі.
Запрашэнне прыняць удзел у Міжнародным адукацыйным форуме педагагічных майстэрань настаўнікаў года Расіі і Беларусі для нас з Ірынай Рамуальдаўнай Клявец было вялікай нечаканасцю. Спынялі і няблізкі шлях, і пандэмія з яе абмежаваннямі, але магчымасць сустрэцца з калегамі — пераможцамі конкурсу “Настаўнік года Расіі” — пераважыла ўсе сумненнi. Падарожжа было няпростым і заняло амаль двое сутак, але віды вячэрняга Грознага развеялі і стомленасць, і хваляванне.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця форуму, прымеркаванага да 40-годдзя Чачэнскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, прынялі ўдзел намеснік міністра асветы Расійскай Федэрацыі Віктар Стэфанавіч Басюк, дырэктар Дэпартамента падрыхтоўкі і прафесійнага развіцця педагагічных кадраў Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі лаўрэат Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2001” Андрэй Віктаравіч Мілёхін, а таксама сем пераможцаў конкурсу “Настаўнік года” з дзвюх краін.
“У цэнтры ўсіх змяненняў у сферы адукацыі, у аснове ўсяго працэсу навучання і выхавання знаходзiцца асоба настаўніка. Для нас вельмі важна, што сёння на форуме прысутнічаюць лепшыя настаўнікі не толькі з Расіі, але і з Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што за два дні работы форуму адбудзецца сур’ёзны і змястоўны дыялог паміж экспертамі, настаўнікамі і студэнтамі”, — заявіў Віктар Стэфанавіч Басюк, адкрываючы форум. Мне як намесніку старшыні ГА “Беларускае педагагічнае таварыства” была прадастаўлена магчымасць звярнуцца да расійскіх калег ад імя беларускага настаўніцтва і павіншаваць ЧДПУ з юбілеем.
Першы дзень форуму быў прысвечаны прэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту. Студэнты ЧДПУ сталі ўдзельнікамі майстар-класаў Алы Аляксандраўны Волкавай, настаўніцы фізікі і інфарматыкі, намесніка дырэктара гімназіі № 12 Ліпецка, пераможцы Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года — 2015”; Юліі Барысаўны Мукасеевай, настаўніцы англійскай мовы школы № 1520 імя Капцовых Масквы, лаўрэата конкурсу “Настаўнік года — Масква, 2007”; Аляксея Васільевіча Аўчыннікава, настаўніка біялогіі і матэматыкі сярэдняй школы в.Балаўнёва Данкоўскага раёна Ліпецкай вобласці, абсалютнага пераможцы Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2011”, кандыдата педагагічных навук; Артура Віктаравіча Зарубы, настаўніка музыкі Ламаносаўскай школы, абсалютнага пераможцы Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 1992”, кандыдата педагагічных навук.
Дыстанцыйна свой майстар-клас прадставіў Андрэй Рыгоравіч Сiдэнка, кіраўнік кірунку “Лабараторыя Касперскага” па абароне дзяцей у інтэрнэце, абсалютны пераможца Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2013”.
Майстар-клас Ірыны Рамуальдаўны Клявец, настаўніцы біялогіі гімназіі Смаргоні, пераможцы конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2006”, старшыні клуба “Крыштальны журавель”, называўся “Як навучыць дзяцей супрацоўнічаць на ўроку?.. або Дзякуй Клаўсу Фопелю!”. Майстар-клас меў надпрадметны характар і быў прысвечаны асаблівасцям арганізацыі супрацоўніцтва на любым уроку, не зважаючы на вучэбны прадмет.
Майстар-клас аўтара гэтага артыкула — Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай, настаўніцы англійскай мовы, начальніка Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, пераможцы конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2011”, старшыні асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне” — быў адрасаваны настаўнікам замежнай мовы і называўся “Алфавіт настаўніка: эфектыўныя прыёмы навучання замежнай мове”. Назвы прадстаўленых прыёмаў адпавядалі кожнай літары англiйскага алфавіта, магчымасць рандомнага выбару літары атрымлівалі студэнты, якія першымі адказвалі на пытанні — моўныя загадкі, якія патрабавалі не столькі высокага ўзроўню валодання англійскай мовай, колькі моўнай здагадкі, пільнасці, кемлівасці і ўвагі. Галоўнымі крытэрыямі адбору прыёмаў сталі ўніверсальнасць, магчымасць адначасова ўдасканальваць некалькі відаў маўленчай дзейнасці і моўных аспектаў, магчымасць уцягнуць у зносiны абсалютна ўсіх навучэнцаў класа, мінімальны час на падрыхтоўку і практычна поўная адсутнасць абсталявання (картак, фішак, схем і інш.).
Беларускім калегам гэты майстар-клас будзе ўпершыню прадстаўлены ў рамках X Каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які пройдзе 28—30 снежня ў анлайн-фармаце. З праграмай фестывалю можна азнаёміцца на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Мне таксама была прадастаўлена магчымасць выступіць перад выкладчыкамі ЧДПУ з прэзентацыяй на тэму “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вектары для ўзаемадзеяння і міжнароднага супрацоўніцтва”, у рамках якой я азнаёміла прысутных з гісторыяй і структурай БДПУ, яго дасягненнямі, перспектыўнымі напрамкамі даследаванняў i адукацыйнымі праграмамі новага пакалення, якія рэалізуюцца на базе ўніверсітэта.
29 лістапада была арганізавана работа педагагічных майстэрань. У першай палове дня ў выніку лёсавання было сфармiравана сем каманд, у склад якіх увайшлі студэнты ЧДПУ, навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці і настаўнік-майстар — пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства. Усім камандам было дадзена тры гадзіны для мадэлявання вучэбных заняткаў па тэме “Вада”. У другой палове дня студэнты прэзентавалі свае напрацоўкi. Неабходна адзначыць, што, нягледзячы на агульную тэму, усе заняткі былі рознымі, змястоўнымі, насілі практыка-арыентаваны характар i былi праведзены ў інтэрактыўным рэжыме.
Заключным этапам адукацыйнага форуму стала прэзентацыя новага структурнага падраздзялення ЧДПУ “Педагагічная майстэрня”, якую правёў яе кіраўнік, настаўнік грамадазнаўства і права, абсалютны пераможца Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2018”, народны настаўнік Чачэнскай Рэспублікі Аліхан Дзінаеў.
Два дні форуму прайшлі вельмі насычана і плённа. Гэтае мерапрыемства дало будучым настаўнікам унікальную магчымасць азнаёміцца з вопытам лепшых педагогаў Расіі і Беларусі, натхніцца іх прафесіяналізмам і любоўю да справы ўсяго свайго жыцця. Праз яркія майстар-класы і прэзентацыі, у ходзе работы ў педагагічных майстэрнях удзельнікі дзяліліся цікавымі ідэямі і нестандартнымі рашэннямі арганізацыі вучэбнай дзейнасці, развіцця асобасных якасцей вучняў, выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій і форм работы. Кожны з нас адчуў сябе часткай агульнага педагагічнага братэрства.
Мы з Ірынай Рамуальдаўнай былі ўдастоены высокага гонару і атрымалі з рук А.В.Мілёхіна сімвал расійскага конкурсу — пелікана, праўда, не крыштальнага (занадта далікатнага для доўгай дарогі), а сярэбранага. Знакавымі сталі і словы Андрэя Віктаравіча: “Як мы ведаем, сімвалам і галоўным прызам конкурсу “Настаўнік года” ў Расіі з’яўляецца крыштальны пелікан, а ў Беларусі — крыштальны журавель. Дзякуючы таму, што Чачэнскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт сабраў у рамках форуму настаўнікаў-пераможцаў з дзвюх краін, на Чачэнскай зямлі сёння зарадзілася выдатная “крыштальная” дружба — не ў плане яе далікатнасці, а ў плане чысціні горнага крышталю”.
Мы неймаверна ўдзячны Мiнiстэрству адукацыi i асобна Г.І.Нікалаенка, старшыні ГА “Беларускае педагагічнае таварыства”, за права прадстаўляць беларускае настаўніцтва на гэтым форуме, а таксама кіраўніцтву ЧДПУ за выдатную ідэю і ініцыятыву! Бо таленавітых настаўнікаў шмат, але не ўсюды ім могуць аказаць такую падтрымку і суправаджэнне, прадэманстраваць перспектывы развіцця сваёй прафесiйнай дзейнасцi. Мы былі ўзрушаны тым відовішчам, якое нам паказалі нашы калегі ў гэтыя дні, і рады, што змаглі разам з расійскімі педагогамі адзначыць з ЧДПУ яго саракавы дзень нараджэння. Хочацца падзякаваць усім арганізатарам і ўдзельнікам і выказаць асобную ўдзячнасць рэктару ЧДПУ Ісмаілу Баутдзiнавiчу Байханаву за прафесіяналізм, мудрасць і дакладнае бачанне перспектыў педагагічнай прафесіі.
Хочацца спадзявацца, што супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх педагогаў працягнецца, а абмен перадавым педагагічным вопытам будзе спрыяць павышэнню прэстыжу прафесіі настаўніка!
Інеса ЗУБРЫЛІНА.