Лялечны заапарк з тэкстыльных звяроў у абрэзкавай тэхніцы стварыла педагог Алена Сосава з Брэста

- 13:18Увлечения

Маленькай дзяўчынкай яна вельмі любіла шыць адзенне для сваіх лялек, у старшых класах ужо шыла і вязала ўборы для сябе, а ў студэнцкія гады — сумачкі, шапачкі і нават боцікі. Любоў да творчасці і вучоба ў мастацкай школе прывялі Алену Анатольеўну ў БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе яе ўвагу прыцягнула спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне” са спецыялізацыяй “Народныя мастацкія рамёствы”.

Але шлях у прафесію атрымаўся няхуткім: Алена Сосава — маці чацвярых дзяцей. Пасля працяглага дэкрэтнага водпуску яна ўладкавалася ў сярэднюю школу № 11 Брэста, якая стала яе першым рабочым месцам. Тут педагог спачатку вяла ўрокі выяў­ленчага мастацтва ў пачатковых класах і працоўнага навучання ў старшых.

— Вельмі хутка зразумела, што працоўнае навучанне — мой прадмет, бо ў ім удала спалучаюцца і даўняя любоў да шыцця, і настаўніцтва, — гаворыць Алена Анатольеўна. — У рабоце больш за ўсё падабаецца дзяліцца з дзецьмі ведамі, уменнямі і навыкамі, якія спатрэбяцца ім у далейшай працоўнай, гаспадарча-­бытавой і творчай дзейнасці. Радуе, калі дзяўчынкі з цікавасцю спасцігаюць штосьці новае і шчыра здзіўляюцца: “Хіба так можна было зрабіць?”, “І гэта працуе?”. Асабліва даспадобы настаўніцы творчая работа, звязаная з пад­рыхтоўкай дзяцей да розных выстаў-конкурсаў.

Зацікавіць сённяшніх школьнікаў ручной працай няпрос­та, але педагогу гэта ўдаецца. Пры стварэнні швейных вырабаў яна абавязкова ўлічвае меркаванні выхаванак, прапануючы ім сучасныя ўзоры побытавага ўжытку. Акрамя таго, каб забяс­печыць сітуацыю поспеху і павысіць матывацыю да прадмета, Алена Анатольеўна загадзя адшывае і паказвае тэкстыльныя вырабы, над якімі будуць працаваць вучні.

— Дзеці павінны добра разу­мець, што ў іх атрымаецца, — тлумачыць настаўніца. — Кожны этап работы суправаджаю нагляднымі ўзорамі. Паказваю на практыцы прыёмы выканання розных швейных аперацый. І, канечне, прапаную выхаванкам паўдзельнічаць у творчых выставах-конкурсах. Дзяўчынкі з задавальненнем пагаджаюцца, захоплена працуюць над вырабамі і з нецярпеннем чакаюць вынікаў. А тыя, хто ўжо ўдзельнічаў, цікавяцца, калі будуць наступныя конкурсы. На рахунку вучаніц больш за 50 дыпломаў, атрыманых за апошнія 6 гадоў па выніках гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Вырабу любімых звяроў папярэднічала захапленне тэкстыльнымі лялькамі, якімі Алена Анатольеўна занялася каля 10 гадоў назад. Спачатку гэта былі цацкі для ўласных дзяцей — копіі мультыплікацыйных герояў. Затым навучылася шыць вальдорфскіх лялек, потым — лялек-вяліканожак. А набіўшы руку на вядомых ляльках, урэшце ўзялася за аўтарскія, што якраз супала з прыходам у школу.

— Адразу пачала вучыць дзяцей на ўроках і факультатыўных занятках тэхналогіі вырабу розных лялек, — расказвае Алена Сосава. — Разам з лялечнымі персанажамі пачалі з’яўляцца тэкстыльныя звяры і птушкі, з якімі дзяўчынкі сталі ўдзельнічаць у выставах-конкурсах. Паступова і ў асабістай творчасці звяры і птушкі замянілі аўтарскіх лялек.

Але пра калекцыю тэкстыльных звяроў у абрэзкавай тэхніцы педагог спачатку не думала: ёй хацелася проста сшыць якога-небудзь ляснога звера ў натуральную велічыню, выкарыстоў­ваючы для аздаблення абрэзкі.

— Гэтым летам задумала сшыць зайца-русака, — працяг­вае Алена Анатольеўна. — Рабоце аддалася цалкам. Шчыравала тыдзень. Вынік быў варты таго: заяц атрымаўся! За ім з’явіліся ліса, вожык, кабан і сава. Спыніцца ўжо было цяжка, бо працэс іх вырабу надзвычай творчы і захапляльны. Нядаўна да калекцыі дабавіліся рысь, вавёрка і сыч, якія ўдала дапоўнілі рыбак, пеўняў і карову, аздобленую гузікамі. У планах — сшыць казулю ці тэкстыльнае пудзіла галавы каго-небудзь з аленевых з абрэзкавым аздабленнем. Калі мастак піша фарбамі, то я тэкстыльнымі абрэзкамі размалёўваю звяроў. Усе абрэзкі прышываю ўручную швом праз край. Імкнуся надаць наўмысную неахайнасць работам. Апошні і самы важны этап — афармленне мыс­кі, паколькі неабходна ства­рыць максімальнае падабенства з рэальнай жывёлай.

Работу над кожным зверам настаўніца пачынае з вывучэння асаблівасцей будовы і афарбоўкі жывёлы, а таксама позы, у якой яна будзе выраблена. Затым ствараецца эскіз жывёлы ў натуральную велічыню. На яго аснове распрацоўваюцца формы. Потым раскройваюцца дэталі, адшываецца тэкстыльная загатоўка, майструецца драўляна-дротавы каркас, што будзе ўтрымліваць тулава ў пэўнай позе. Каркас устаўляецца ў загатоўку, якая набіваецца сінтэпухам. Пасля гэтага Алена Анатольеўна ацэньвае аб’ёмную работу і вырашае, ці варта ўнесці змяненні ў формы. Калі варта — уносіць: зноў адшывае загатоўку, устаўляе каркас і набівае сінтэпухам. Як правіла, другая адшытая загатоўка — канчатковы варыянт. Далей педагог пераходзіць да самага цікавага і творчага этапу — аздаблення загатоўкі мноствам абрэзкаў, разнастайных па складзе, форме і колеры.

Алену Анатольеўну не пужае карпатлівая праца. Самая вялікая праблема — недахоп часу. З тэхналогіяй вырабу звяроў у абрэзкавай тэхніцы педагог знаёміць зараз сямікласніц на факультатыўных занятках. Дзяўчынкі ствара­юць вавёрак і ўжо цікавяцца, якой жывёлай зоймуцца пасля іх.

Лялечны заапарк, створаны рукамі таленавітай настаўніцы, выклікае захапленне і ў дзяцей, і ў дарослых. На творчай выставе, падрыхтаванай у рамках сёлетняй гарадской жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, ён карыстаўся павышанай увагай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены суразмоўніцай