Любіміца дашкалят і бацькоў

- 12:01Людзі адукацыі, Рознае

Поспех прыходзіць да тых, хто ўмее працаваць і любіць сваю работу. “Любіміца дашкалят і бацькоў” — так называюць выхавальніцу дашкольнага цэнтра № 58 Гродна Алену Станіславаўну КУР’ЯН.

Маладым спецыялістам 10 гадоў назад прыйшла Алена Станіславаўна ў дашкольны цэнтр. Прафесію выбірала мэтанакіравана і за час работы атрымала вышэйшую адукацыю, а потым і першую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляецца сертыфікаваным карыстальнікам інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.

Вучылася Алена Станіславаўна паступова: спачатку атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю па дашкольным выхаванні, а потым вышэйшую педагагічную па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”. Гэта добры, спагадлівы, тактоўны, працавіты чалавек, а таксама захоплены краязнавец: у яе калекцыі мноства фотаздымкаў з краявідамі роднай Беларусі. Алена Станіславаўна ўмее арганізаваць свой вольны час: валодае тэхнікай модульнага арыгамі, умее вышываць, а таксама любіць вязаць.

З гэтым творчым і працавітым педагогам можна вырашыць любую складаную праблему. Усе 10 гадоў яна працуе з дзецьмі малодшага ўзросту — гэта вельмі адказна і цяжка. “Мне падабаецца выхоўваць дзяцей малодшага ўзросту, — гаворыць Алена Станіславаўна. — Работа з малымі патрабуе ад выхавальніка асаблівага падыходу да кожнага, але не кожны выхавальнік валодае неабходнымі ведамі і вопытам, а таксама жаданнем займацца з малымі дзецьмі”.

Крок за крокам Алена Станіславаўна дапамагае дзецям атрымліваць сацыяльны вопыт. Якасны падыход у суправаджэнні працэсаў сацыялізацыі і развіцця дзіцяці дазваляе пазбегнуць праблем ужо на першым узроўні выхавання, калі з дзецьмі побач падрыхтаваны і адказны выхавальнік. Толькі асабістымі захапленнямі можна перадаць малому цікавасць да пазнання навакольнага асяроддзя.

Адукацыйная прастора групы Алены Станіславаўны спрыяе паспяховасці кожнага дзіцяці: сенсорныя гульнявыя комплексы, дыдактычны матэрыял, рухомыя цацкі — усё гэта адпавядае патрэбам дзяцей.
Работа выхавальніка групы дзяцей ранняга ўзросту вельмі адказная, бо гэта пачатак шматгадовага супрацоўніцтва дашкольнай установы і сям’і. Поспех такога су-працоўніцтва, як і поспех развіцця і сталення дзіцяці, залежыць ад таго, наколькі бацькі з першых дзён знаходжання дзіцяці ў садку пранікнуцца даверам да педагога і пераканаюцца ў тым, што цяпер частку іх турбот возьме на сябе зычлівы і ўмелы выхавальнік.

Алену Станіславаўну добра ведаюць у раёне. Бацькі імкнуцца аддаць сваіх маленькіх дзяцей “вялікаму” педагогу.

Кожны можа стаць паспяховым выхавальнікам, і ў кожнай установе адукацыі ёсць педагогі, з якімі вельмі цікава працаваць. У нашым дашкольным цэнтры такіх педагогаў шмат. А свой станоўчы вопыт мы распаўсюджваем сярод калег.

Разам з Аленай Станіславаўнай не адзін год працавалі над абагульненнем вопыту работы з дзецьмі малодшага ўзросту. Вынікам сталі метадычныя распрацоўкі па развіцці маўлення, матэматычных уяўленняў, мастацкай дзейнасці. У Рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню” А.С.Кур’ян атрымала адразу дзве ўзнагароды — дыпломы І і ІІ ступені. Атрымаць такі падарунак да 10-годдзя педагагічнай дзейнасці ўдаецца не кожнаму.

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна.